Станіслаў Багданкевіч: У Беларусі могуць забараніць долары і еўра

Нацыянальны банк паспрабуе не дапусціць абвальнага падзення золатавалютных рэзерваў — зробіць больш жорсткім абмен валюты і ўвядзе абмежаванні на зняцце яе з рахункаў у банках.

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

За апошні тыдзень долар умацаваўся ў дачыненні да беларускага рубля на 12,31%, еўра падаражэў на 11,56%, а расійскі рубель патаннеў на 13,98%.

Але ў выніку падзенне расійскага рубля пераважыла рост долара і еўра, а валютны кошык за тыдзень знізіўся на 1,84%. Атрымліваецца, што па выніках тыдня беларускі рубель нават умацаваўся, пасля зніжэння на папярэднім тыдні.

Дарэчы, валютны кошык да сярэдзіны тыдня паспеў абнавіць максімум з пачатку года, нягледзячы на тое, што па выніках тыдня знізіўся.

Што ж усё-такі адбываецца з беларускім рублём? Як павядзе сябе нацыянальная валюта далей ва ўмовах расійска-ўкраінскай вайны?

Па адказы журналісты «СН плюс»  звярнуліся да экс-кіраўніка Нацбанка Станіслава Багданкевіча.

— Такія наступствы сітуацыі, у якой аказалася Беларусь, — і ў сувязі з вайной ва Украіне, і адначасова з непрызнаннем Лукашэнкі прэзідэнтам. Пакуль долар замарозілі на адзнацы 3,09 рубля за долар, але я думаю, што паляціць рубель і далей. Доларавая выручка будзе змяншацца, а самая стабільная валюта — усё ж такі долары. І самы вялікі абарот на нашай валютнай біржы складаюць менавіта долары.

— Вас не палохаюць такія тэмпы абясцэньвання рубля?

— Я думаў, што будзе яшчэ горш. Бо калійныя солі пад санкцыямі, маем адмову папаўняць бюджэт праз рэалізацыю каштоўных папер... Безумоўна, сёння ёсць яшчэ рэзервы, і, думаю, Нацыянальны банк працуе над тым, каб не дапусціць іх абвальнага падзення: за кошт узмацнення жорсткасці абмену валюты, увядзення абмежаванняў на зняцце валюты — за кошт усяго таго, пра што журналісты пісалі, а мы не верылі. Нацбанк вымушаны прымаць такія рашэнні, таму што інфляцыя будзе галапаваць.

— Нацбанк можа пайсці на адміністрацыйнае ўсталяванне курсаў валют?

— Думаю, так. Спачатку магчымыя нейкія палавіністыя рашэнні. Я гляджу на Расію: там ужо ўстаноўлены і камісійныя за абмен валюты, і іншыя адміністрацыйныя абмежаванні. А мы ж прывязаныя да Расіі: каласальны абвал расійскага рубля ў дачыненні да долара і еўра прывядзе да таго, што і ў нас усё гэта працягнецца, магчыма, нават большымі тэмпамі.

— Статыстыка сведчыць, што за апошні тыдзень адбылося нават умацаванне беларускага рубля ў дачыненні да валютнага кошыка на 1,84 пункта. Гэтыя суадносіны адлюстроўваюць рэальнае становішча спраў ці ўсё-ткі тут арыфметычная выкрутас?

— Хутчэй, апошняе (смяецца). Ну няма ніякіх аб'ектыўных падстаў для ўмацавання! У Расіі чакаецца безумоўнае пагаршэнне сітуацыі, а мы трымаемся на плыву таму, што нас адтуль падтрымліваюць. Але Масква не зможа аказваць нам такую падтрымку, як у папярэднія гады, таму што ў яе свае праблемы наступаюць: і па знешніх даўгах, і па ўнутранай сітуацыі, і па санкцыях, якія будуць нарастаць. Не разумею, чаму Расія вырашыла загубіць уласную эканоміку. А паколькі мы на 80–90% прывязаныя да яе, то ўсё гэта адаб'ецца вельмі дрэнна на Беларусі, нашай эканоміцы, на валютным курсе.

— На ваш погляд, тэмпы абясцэньвання рубля ў дачынні да долара захаваюцца, зменшацца ці павялічацца?

— Пра гэта павінны задумацца ўкладчыкі — абясцэньваюцца рэшткі. Нават калі долар атрымаецца замарозіць на ўзроўні трох рублёў за долар, рэшткі ўжо ўпалі. Мы ўжо размясцілі аблігацыі на ўнутраны доўг на значныя сумы ў валюце — кошт гэтых папер абваліўся. Расія наогул спыніла гандаль каштоўнымі паперамі на біржы, а ў нас такога гандлю і раней амаль не было. Між тым, Расія губляе ўжо не мільярды, а дзясяткі мільярдаў долараў, нават па ўкладах.

— Каб захаваць рэшткі, трэба забіраць свае грошы з банкаў?

— Па ідэі — так. Але, баюся, ужо не атрымаецца: здымеш рублі — інфляцыя іх абясцэніць, паколькі долары надзейнейшыя, то пакуль можна, трэба іх здымаць. Хоць я думаю, што хутка ў нас увядуць забарону на валюту.

Расія ўжо прайграла вайну, але ў яе яшчэ ёсць рэзервы, каб зацягнуць ваенныя дзеянні. Аднак зацягванне вайны не пойдзе на карысць ні Расіі, ні Беларусі.

СН плюс