Дэфолт на парозе?

Дэфолт — гэта, па-простаму, нявыплата даўгоў. На ўзроўні дзяржавы дэфолт азначае, што краіна не можа плаціць па даўгах. Гэта значыць, крэдыторы не вернуць свае грошы, разважае тэлеграм-канал «Нашы грошы».

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

 У ліку крэдытораў Беларусі — урады іншых краін, замежныя банкі і фонды, замежныя грамадзяне і грамадзяне самой Беларусі, беларускія банкі і кампаніі — увогуле, усе тыя, хто даваў Беларусі крэдыты або купляў дзяржаўныя аблігацыі. У выпадку дэфолту ўкладзеныя грошы не вернуцца назад.

Дзяржаўная запазычанасць Беларусі складае 58,9 млрд рублёў, у тым ліку замежная запазычанасць 17,9 млрд долараў і ўнутраная — 12 млрд рублёў. Пагашэнне і абслугоўванне такога доўгу абыходзіцца нятанна. У 2022 годзе плацяжы па асноўным доўгу павінны скласці каля 2,7 млрд долараў плюс 1,3 млрд долараў — выплата працэнтаў па крэдытах. Разам — 4 млрд, прычым менавіта ў замежнай валюце.

Штогадовыя плацяжы па дзярждоўгу ў 3-4 млрд долараў — гэта звычайная справа для Беларусі. Традыцыйна працэнты па пазыках пагашаюцца за кошт бюджэту, а асноўны доўг — за кошт ЗВР. Пры гэтым самі ЗВР папаўняюцца новымі валютнымі крэдытамі і аблігацыямі, паступленнямі экспартных пошлін і валютай, якую Нацбанк у спрыяльныя перыяды можа выкупляць на біржавых таргах.

Важны момант: асноўная крыніца пагашэння дзярждоўгу — гэта менавіта новыя пазыкі. Пошлін прыходзіць няшмат, купіць валюту таксама атрымліваецца не заўсёды. Ужо летась улады мелі вялікія складанасці з прыцягненнем новых пазык. Крэдыты давала, па сутнасці, толькі Расія, і іх было няшмат. Агулам за 2021 год у знешніх крэдытораў узялі ў доўг 1,3 млрд долараў, а вярнулі назад 1,6 млрд. Дэфіцыт знешняга фінансавання прымусіў актыўна браць у доўг на ўнутраным рынку — прыйшлося размясціць аблігацый на 1,2 млрд долараў.

Ці змогуць улады рабіць новыя пазыкі цяпер? Ну, хіба што Расія заплаціць за выкарыстанне беларускай тэрыторыі для нападу на Украіну. Але і сама Расія цяпер адчувае востры дэфіцыт валютных сродкаў.

«Назапашванні» Нацбанка — ЗВР — па стане на 1 сакавіка склалі 8,3 млрд долараў. З іх «жывыя грошы» — каля 3,5 млрд, астатняе — гэта золата і СПЗ, якія нельга выкарыстоўваць хутка. Частка плацяжоў па даўгах ужо зробленая за студзень і люты, так што на гэты момант сума валюты ў распараджэнні НББ прыкладна супадае з сумай даўгавых абавязацельстваў да канца года. Вядома, калі выдаткаваць гэтыя грошы на даўгі, зусім няма чым будзе падтрымліваць курс рубля. Але, дапусцім, НББ паспрабуе прадаць золата.

Пры гэтым важна, што ўчора ЕС увёў забарону на транзакцыі з беларускім Нацбанкам. Гэта можа азначаць замарожванне часткі ЗВР у еўра — на жаль, іх дакладная сума не вядомая. Не выключана, што падобныя меры прыме і ЗША і замарозіць рэзервы ў доларах. Пры такім сцэнары дэфолт непазбежны і адбудзецца вельмі хутка.

У любым выпадку, доўг вялікі, а грошай — «на тры дні». У такіх умовах дэфолт вельмі верагодны. Ад яго пацерпяць наогул усё: не толькі крэдыторы дзяржавы, але і звычайныя людзі — іх закране маштабны крызіс, інфляцыя і значная дэвальвацыя рубля, скарачэнне бюджэтных паступленняў і сацпадтрымкі — усё тое, што ў нашым выпадку ўжо адбываецца, папярэднічае дэфолту і будзе суправаджаць яго ў будучыні. Зрэшты, і без дэфолту ўсе гэтыя з'явы ў агляднай будучыні нікуды не падзенуцца з нашай эканомікі.