Як нітка за іголкай. У адзінай Айчыне беларускі рубель ідзе за расійскім
Слова — вецер, а пісьмо — грунт. Або, як кажуць у народзе, што напісана пяром, тое не выйме і сякера. А як наконт таго, што заяўлена ў электронных СМІ і разышлося па сеціве?
Просты прыклад. Больш за год таму, 25 траўня 2022-га, Пуцін, калі казаў пра курс замежнай валюты, заявіў, што долар скурчыўся, а рубель — умацаваўся. За «зялёны» ў той дзень давалі 55,8 расійскія рубля. А колькі даюць цяпер? На 21 жніўня — 93,5 рубля.
Аднак рэкорд быў зафіксаваны 15 жніўня — 101,04 рубля, гэта значыць, менш цэнта за расійскі рубель, пасля чаго рубель пачаў умацоўвацца. У руху ў адваротны бок былі дзве прычыны: па-першае, павышэнне Банкам Расіі ключавой стаўкі на 3,5 працэнтных пункта — да 12%, па-другое, чуткі пра магчымае абмежаванне на рух капіталу.
Паводле інфармацыі агенцтва Bloomberg, прапанова наконт абавязковага продажу экспартнай выручкі абмяркоўвалася на нарадзе паміж урадам і экспарцёрамі 14 жніўня, але рашэнне не было прынятае.
А як наконт калегі расійскага рубля, які квітнее ў краіне, у якой «эканоміка — гэта аснова»? Памятаеце, як казаў «адзіны палітык»: «Будзе эканоміка — усё астатняе мы вырашым»?
На 15 жніўня курс долара склаў 3,27 беларускіх рубля (згадаем, напрыклад, што на 25 траўня 2022 года за 1 долар давалі 2,45 рубля). Але ўжо на наступны дзень, 16 жніўня, рубель пачаў умацоўвацца — і 21 жніўня курс «зялёнага» складаў 3,14 рубля. Такім чынам, валюты Саюзнай дзяржавы падпарадкаваныя адзінаму цыклу ўмацавання-скурчвання. Іншага не дадзена. У неспакойным свеце беларускі рубель не самотны. Ён ідзе за расійскім, як нітка цягнецца за іголкай. А як жа інакш, калі ў нацыянальных валют Беларусі і Расіі адзіная Айчына!
Што тычыцца беларускай эканомікі, то, як было сказана вышэй, «яна будзе», прычым, пры жыцці цяперашняга пакалення. Сумнявацца ў гэтым не даводзіцца. Прынамсі, ужо назіраецца выхад на станоўчыя тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал. Яны дадалі за студзень-чэрвень 7,2% пры падзенні на 17,1% за аналагічны перыяд мінулага года.
Махавік інвестыцый раскручваецца, а за ім і ВУП не прымусіць сябе доўга чакаць. Не заржавее і за рэальнымі грашовымі даходамі насельніцтва. Паводле традыцыі, тэмпы росту даходаў у Беларусі апярэджваюць тэмпы росту эканомікі (3% vs. 0,9% у студзені-траўні).
Такое апярэджанне без падсілкоўвання з боку, прычым падсілкоўвання БЯЗ-ВЫП-ЛАТ-НАГА (г. зн. якое аказваецца дарма), існаваць нават у сярэднетэрміновай перспектыве не ў стане. Але гарант бязвыплатнасці ў асобе адзінай Айчыны маецца. Дзяржавы — дзве, а Айчына — адна. Дзе яшчэ можна адшукаць падобны прыклад?
Беларусам пашанцавала
Пра здольнасць Саюзнай дзяржавы супрацьстаяць «нелегітымным санкцыям», што былі ініцыяваныя Захадам, сказана нямала. Захад палохае, а нам не страшна. І гэта нягледзячы на тое, што санкцыі ідуць у пакеце з палітычным ціскам, «каляровымі рэвалюцыямі», мяцяжамі і проксі-войнамі.
Успомнім класіка цывілізацыйнага аналізу, англійскага гісторыка Арнольда Тойнбі, які адзначаў, што рух ёсць вынік адказаў на выклікі, а «ў немагчымасці даць паспяховы адказ на выклік палягае сутнасць катастрофы, сацыяльнага надлому, які перапыняе працэс росту і спараджае працэс распаду».
Адказнай за фарміраванне «паспяховых адказаў» з'яўляецца творчая меншасць. Беларусам пашанцавала. Такая меншасць у краіне пад белымі крыламі маецца. Дзякуючы дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі (як-ніяк у інфармацыйны век жывём) быць у курсе рашэнняў, якія прымаюцца на вяршыні ўладнай вертыкалі, для прадстаўнікоў нятворчай большасці праблем не складае.
Нядоўга музыка гучала
Пра эфектыўнасць адказу на заходнія санкцыі, што быў знойдзены творчай меншасцю «нашай Расіі», сведчыць дынаміка кошту бягучых аперацый у 2022 годзе. (Нагадаем, кошт бягучых аперацый — раздзел плацёжнага балансу краіны, у якім фіксуюцца экспарт і імпарт тавараў і паслуг, чысты прыбытак ад фактараў вытворчасці і чысты аб'ём трансфертных плацяжоў).
За I квартал ён склаў 60,4 мільярда долараў — і павялічыўся адносна IV квартала 2021 года на 13,4 мільярда долараў. Па выніках II квартала Расстат зафіксаваў рэкорд — 82 мільярды долараў! Перакрыць яго ў III і IV кварталах не атрымалася, тым не менш 54,9 мільярда і 38,6 мільярда долараў падстаў для хвалявання не давалі.
Але нядоўга музыка гучала, нядоўга танчыў пад яе кошт бягучых аперацый. У I квартале гэтага года ён скурчыўся да 3,3 мільярда долараў!
Больш чым дзесяціразовае зніжэнне мае патрэбу ў тлумачэнні. Я адшукаў яго ў расійскага эканаміста Ігара Ліпсіца:
«Усё вельмі проста. Еўропа надзвычай баялася: калі яна хутка ўвядзе эмбарга на пастаўкі расійскай нафты, то эканоміка абрынецца ў яе самой. Ёй патрабаваўся нейкі час на перабудову. Таму Еўрасаюз вырашыў, што санкцыі супраць расійскай нафты будуць уведзеныя толькі ў снежні 2022-га. І гэта было абвешчана. Але калі ты пра такое абвяшчаеш, усе на рынку разумеюць, што трэба загадзя «прыкупіцца». Таму пастанова ЕС выклікала ажыятажны попыт на расійскую нафту, і пачалася гонка цэнаў, якія ўвесь час раслі.
У выніку ўвесь 2022 год Еўропа за кошт супервысокіх цэнаў узмоцнена фінансавала Расію. У Расію прыйшла вар'яцкая колькасць валюты, якая і пагасіла ўсе праблемы абвалу эканомікі».
У снежні 2022 года лавачка закрылася, што і прывяло да галапіруючага паслаблення расійскага рубля.
Экстраныя меры Банка Расіі здолелі павярнуць працэс назад, але цешыць сябе не варта, бо ў медаля «за павышэнне ўліковай стаўкі» маецца адваротны бок у выглядзе павышэння працэнтаў па крэдытах для бізнесу і насельніцтва. А ў буйных гарадах Расіі і да яе павышэння доля незапатрабаванага на рынку жылля дасягнула 60–65%! Купляй — не хачу.
***
Зноў звернемся да Арнольда Тойнбі: «Выклік, які застаўся без адказу, узнікае зноў і зноў...»
Асноўнае адрозненне сучасных выклікаў ад гістарычных папярэднікаў заключаецца ў іх складанасці. Аднак што ім здольная супрацьпаставіць «творчая меншасць» Саюзнай дзяржавы, якая даўно ўбудавалася ва ўладныя вертыкалі і ўважліва ловіць погляды і настроі галоўных начальнікаў?