Як беларускія бізнесоўцы ўцякаюць у Літву (відэа)
Непрадказальная эканамічная сітуацыя ў Беларусі, Расіі і Украіне прымушае бізнесоўцаў шукаць ціхай гавані для сваіх грошай ды ідэяў у краінах Захаду. З кожным годам колькасць фірмаў, што пераехалі з краінаў СНД у Літву, павялічваецца.
Летась літоўскія органы міграцыі выдалі расейцам, беларусам і ўкраінцам амаль 15 тыс. відаў на жыхарства. У большасці выпадкаў замежнікі просяць дазволу жыць у Літве, каб працаваць. Кіраўніца кансалтынгавай кампаніі Святлана Кандратовіч адзначае, што гэта выдатная стартавая пляцоўка для выхаду на заходнія рынкі.
Летась Літва заняла 28-е месца ў сусветным рэйтынгу канкурэнтаздольнасці ад IMD. Не спыняе бізнес нават тое, што фірма замежніка мусіць валодаць мінімальным капіталам 14 тыс. і наняць трох літоўскіх грамадзянаў. У Літву пераязджаюць кампаніі аптовага гандлю, вытворчыя, лагістычныя фірмы.
Знаходзяць сябе ў Балтыі і стартапы. Дэвелопер Раман Уласаў пачынаў распрацоўваць гульні ў Менску, аднак студыю «Jet Cat Games» разам з трыма аднадумцамі заснаваў менавіта ў Вільні. Маладзёны засяродзіліся на папулярных цяпер тактычных онлайн-гульнях і стварылі праект «Heliborne» – верталётную стратэгію.
Менавіта «Jet Cat Games» першыя заваявалі інвестыцыі фонду «PracticaCapital» на 100 тыс.
РАМАН УЛАСАЎ, СУЗАСНАВАЛЬНІК «JET CAT GAMES»:
«Літва маладая, дзяржава дапамагае, спрабуе нешта збудаваць, гэта цікава, у Расеі і Беларусі такога няма».
Толькі за паўтара года ў Літву перабраліся не менш за 10 камп’ютарных студыяў з Беларусі, Расеі ды Украіны. У Літве рады бачыць людзей з цікавымі задумамі, бо гэта прыносіць плынь фінансаў ды здаровую канкурэнцыю. У той жа час нашая краіна праз адсутнасць спрыяльных умоваў штогод губляе дзясяткі карысных кадраў для сваёй эканомікі.
Настасся Яўмен, «Белсат»