Каб вам так зубы рвалі...

Кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон тлумачыць, што кошты на спажывецкія тавары будуць падвышацца да ўзроўню расійскіх і ўкраінскіх. Але абяцае падвышэнне заробкаў. Да гэтага зводзіцца сэнс заявы, зробленай ім на сустрэчы з працоўным калектывам СВК «Маяк Браслаўскі».

Па словах Якабсона, так робіцца з-за таго, што «з прадуктамі вывозіцца бюджэт краіны, бо вытворчасць малака і мяса ў краіне датуецца з бюджэту».



8ae1da0fe37c98412768453f82490da2.jpg

Кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон тлумачыць, што кошты на спажывецкія тавары будуць падвышацца да ўзроўню расійскіх і ўкраінскіх. Але абяцае падвышэнне заробкаў. Да гэтага зводзіцца сэнс заявы, зробленай ім на сустрэчы з працоўным калектывам СВК «Маяк Браслаўскі».
Па словах Якабсона, так робіцца з-за таго, што «з прадуктамі вывозіцца бюджэт краіны, бо вытворчасць малака і мяса ў краіне датуецца з бюджэту».
Зразумела, на тое і дзяржкантроль, каб ратаваць бюджэт ад рабавання. І бароняць. Прыкладам, яшчэ тры месяцы таму можна было купіць нейкую кілбасу за 15 тысяч, а сёння яна ўжо каштуе 35 тысяч за кілаграм. Раней бюджэт табе аддаваў, а зараз ты — бюджэту. Увогуле, свіныя кілбасы, добрае мяса, вяндліна ды іншае падвысіліся коштам да 10–12 долараў за кілаграм. Розны лівер каштуе па 2–3 долары, косткі таксама. Вось і падлічыце, колькі грошай прынясе перапрацоўка адпраўленага на бойню падсвінка вагой у 6–8 пудоў. Атрымоўваецца каля 600–700 долараў з адной галавы. Гэта значыць 2–2,5 «чыстыя» сярэднія зарплаты.
Нічога сабе кошты! А кажуць, таннае… Лепш увогуле ў краму не хадзіць...
Але гэту відавочную ісціну не бачыць Якабсон. Яму хочацца, каб людзі ўвогуле забыліся, як пахне свежая кілбаса або вяндліна. Бо ён лічыць, што рост коштаў на асноўныя (а якія не асноўныя — лебяда, чырвоная ды чорная ікра, амары?) віды харчавання і падвышэнне іх да ўзроўню расійскіх непазбежныя. «Людзям трэба разумець, у нас іншага шляху няма: неабходна ўраўняць кошты да ўзроўню сумежных рэгіёнаў, аднак рыўкоў не павінна быць. Паступова, па 3–5% у месяц».
Каб вам так зубы рвалі...
Спадар Якабсон патлумачыў, што трэба і заробкі падвышаць. Але, у адрозненні ад коштаў, не зверху, а знізу. Гэта значыць, каб кожны лепей працаваў, падвышаў прадукцыйнасць працы, выдаткоўваў меней рэсурсаў на таварную адзінку і гэтак далей. А як быць урачам, настаўнікам, пажарнікам? Падпальваць дамы блізу дэпо, каб недалёка ездзіць і эканоміць паліва?
Як нагавораць нашы адказныя асобы — ні п’янаму зразумець, ні цвярозаму разабрацца. Хоць бы дамаўляліся, каму, калі і што казаць. Бо Якабсон намякае на падвышэнне заробкаў (да расійскіх памераў, інакш навошта нам ваша мудрае кіраўніцтва?), а прэм’ер-міністр Мясніковіч кажа, што да канца года стаўка першага разраду не падвысіцца. Гэта значыць, што будзе замарожана заработная плата ўсіх працаўнікоў. Ад прыбіральшчыц да работнікаў найвышэйшай кваліфікацыі. Гэта прывядзе да непазбежнага скарачэння плацежаздольнага спажывецкага попыту, і таму прадпрыемствы папросту затаварацца. Няма каму будзе купляць тыя ўсе прысмакі, якія вырабяць сельгаспадарнікі і харчавікі ў колькасці большай за мінулагоднюю. Яны ў нас так прызвычаіліся, што з кожным годам вырабляюць і болей кілбас, і мёду, і кісялёў розных.
Але якая карысць з таго, калі мы гэтага спажыць не зможам?
Дык што цяпер, і ў Расію не прадаваць?
 У 1998 годзе А.Г. загадаў, каб яек у гандлі хапала ўсім і па даступных, сацыяльна-справядлівых коштах. Але «справядлівасць» для спажыўца прыводзіць да стратаў вытворцаў — вытворчасць скарачаецца. У выніку справядлівасць ёсць, яек няма. Ад раскачвання на арэлях «справядлівасці» ў Лукашэнкі закруцілася ў галаве, і ён загадаў у студзені 1999 года адпусціць кошты на яйкі на свабоду. Вось тут і заявіў пра сябе плацежаздольны пакупніцкі попыт: ужо ў канцы лютага 2000-га гандаль затаварыўся, назапасіўшы 18 мільёнаў яек. Быццам бы і няшмат, па 1,8 яйка на душу насельніцтва, але атрымоўвалася, што коштам гэтых 1,5–2 яек вымяраўся ўзровень жыцця сярэдняга беларуса.
Адтуль і пайшло знакамітае «схапіўся за яйкі — прапала малако».
Здаецца, што чыноўнікі абыякава ставяцца не толькі да эканомікі як навукі, але не аналізуюць нават уласны досвед мінулых гадоў. Прыкладам, той жа Якабсон, калі быў старшынёй Гомельскага аблвыканкама, біў трывогу, што прадукты харчавання ў Беларусі каштуюць нашмат болей, чым ва Украіне. Па мясу — ад 40 да 200%, па кілбасах — у два разы, па макаронных вырабах — у 2,7 разы і гэтак далей. А прамысловыя тавары, узятыя агулам, ва Украіне каштавалі ў два разы танней, чым у Беларусі.
Па дадзеных памежнай службы, за 2008 год больш за 4 мільёны беларусаў зрабілі шоп-туры ва Украіну, заплаціўшы за таннае ўкраінскае харчаванне ды іншы «шырспажыў» блізу 1,2 мільярда долараў. І там у званы не білі. Не патрабавалі падвышэння коштаў, каб не вывезлі харчаванне беларусы. А Якабсон турбаваўся, бо людзі з Гомельшчыны кідалі працу ў калгасах і ехалі ў Чарнігаў, каб там атаварыцца на цэлы год.
Тады ён лічыў, што кошты на беларускае сала трэба змяншаць. Бо вывозяць грошы...