Кныровіч: Калі адзін пакупнік займае 66% у тваім бізнесе, гэта азначае, што бізнес не твой, а яго

Чаму расійскія «аналагі» сусветных брэндаў, што з’явіліся на беларускіх паліцах, не такія якасныя, як былі замежныя? Ці дапаможа сыход заходніх кампаній з расійскага рынку нашым прадпрыемствам? Ці сапраўды расійскі рынак «адкрыўся» для таго ж «Беллегпрама»?

_krama_handal_pustyja_polki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Дзяржстандарт забараніў прадаваць у Беларусі вядомы таматавы кетчуп расійскай маркі «Слабада». У ім выявілі недапушчальны пры вытворчасці сінтэтычны фарбавальнік. З продажу таксама канфіскавалі «Печань траскі па-Мурманску», кансервы некалькіх расійскіх мясакамбінатаў, цукеркі «Слімка» і некаторыя іншыя прадукты. З'явіліся пытанні да вытворцаў пральных парашкоў «Вушасты нянь» і «Бусляня», якія таксама вырабляюць у Расіі.

Між тым расійскія тавары працягваюць упэўнена займаць лепшыя месцы на паліцах нашых крам, часам зусім не пакідаючы месца беларускім вытворцам.

«Філін» разбіраўся, што адбываецца, разам з бізнесменам Аляксандрам Кныровічам.

— Спачатку хацелася б пагаварыць аб якасці расійскіх тавараў, да якой усё часцей узнікаюць пытанні ў беларускага боку.

— Фармальна нормы Беларусі і нормы Расіі адносна якасці розных тавараў максімальна падобныя, адрозненні паміж імі неістотныя. Але ў рэальнасці можа адбывацца наступнае: кампанія атрымлівае сертыфікат якасці, а пасля, жадаючы паменшыць сабекошт, дазваляе сабе некаторыя адступленні, дапусцім, выкарыстоўвае больш танныя хімічныя дабаўкі, сыравіну і гэтак далей.

Якога-небудзь рэгулярнага кантролю, які б не дазваляў гэтага рабіць, ні ў Беларусі, ні ў Расіі няма. Таму і даводзіцца сутыкацца з нядобрасумленнымі вытворцамі, што жадаюць атрымаць дадатковыя канкурэнтныя перавагі перад кампаніямі, што выконваюць першапачаткова заяўленыя стандарты.

Не думаю, што нешта падобнае могуць сабе дазволіць кампаніі ўзроўню «Henkel», «Procter&Gamble», «Mars», «Nestle» і іншыя. Для іх пытанне захавання іміджу значна важнейшае, чым магчымасць зарабіць больш на пару адсоткаў. Яны хутчэй спыняць выпуск прадукцыі, якая перастала быць канкурэнтаздольнай, чым павядуць сябе нядобрасумленна.

Далей аб наступствах. У Расіі і Беларусі пры выяўленні няякаснага тавару яны могуць быць рознымі. Усё-такі ў Расіі «закрыць» пытанне, звязанае з выяўленнем няякаснай прадукцыі, на парадак лягчэй, чым у Беларусі. Расія значна больш карупцыйная краіна.

Гэта зусім не азначае, што яны спецыяльна пастаўляюць у Беларусь прадукцыю ніжэйшай якасці. Яны і ў сябе ў Расіі працуюць з сапраўды такой жа прадукцыяй, проста там гэта пракатвае, а ў Беларусі пракатвае крыху менш, эпізадычна такія выпадкі выкрываюцца.

— Вы сцвярджаеце, што вядомыя сусветныя брэнды, якія працуюць у Расіі па франшызе, не стануць хітрыць з якасцю. Чаму тады пральны парашок «Ariel» з Польшчы, які прадаваўся ў нас раней, і з Расіі, які прадаецца цяпер, розныя?

— Паўтаруся, я не паверу, што «Procter&Gamble», які вырабляе «Ariel», стане парушаць нарматыўныя патрабаванні. Іншая справа, што гэтыя патрабаванні ў Польшчы і Расіі могуць быць рознымі.

Дапусцім, я адзін час сур'ёзна займаўся цэментам. Дык вось беларускі цэмент самай высокай, самай якаснай маркі ў Германію наогул не праходзіў па іх нарматывах!

У нас усё роўна не атрымлівалася тая чысціня цэменту, якая патрабавалася для немцаў. Пры гэтым па нашых і па расійскіх нормах гэта быў сапраўдны цэмент.

Менавіта таму спажывец можа адчуваць розніцу польскага парашку і расійскага. Гэта не кажа аб тым, што ён нейкі няякасны — ён проста іншы. Тое ж самае тычыцца і астатніх тавараў.

І беларусам трэба прывыкаць да такіх «іншых» расійскіх тавараў, зыходзячы з той сітуацыі, у якой мы апынуліся.

_krama_handal_pustyja_polki_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


— Мы апынуліся перад прылаўкамі, запоўненымі расійскімі таварамі не заўсёды звыклай для нас якасці. І ў нас не проста стала занадта шмат расійскіх тавараў — стала занадта мала беларускіх.

— Беларускі рынак па насельніцтве ў 15 разоў меншы, чым расійскі. А калі мы вымяраем узровень дзелавой актыўнасці, то звычайна аказваюцца суадносіны 1:30, гэта значыць па колькасці ўсялякіх спажывецкіх тавараў суадносіны прыкладна 1:30.

Пры гэтым мы маем расійскага вытворцу, які больш, чым беларускі, працуе на рынку, у якога няма ніякіх перашкод для пастаўкі сваёй прадукцыі ў Беларусь. Часта ў яго большы аб'ём вытворчасці, адпаведна, і сабекошт ніжэйшы.

Плюс да гэтага на розных вытворчасцях могуць па-рознаму вырашацца пытанні з коштам электрычнасці, газу і гэтак далей. У выніку вялікі расійскі вытворца аказваецца ў загадзя лепшых умовах, чым невялікі беларускі. Таму на паліцы наш мясцовы тавар часцяком больш дарагі, чым прывазны расійскі.

І тут, вядома, павінны быць нейкія ахоўныя меры з боку дзяржавы, калі яна хоча захаваць такога роду вытворчасці. Ці ж павінен быць падзел: беларускі вытворца — нішавы, а расійскі — масавы.

Але само па сабе гэта «не рассмокчацца». Так не бывае, каб пры двух аднолькавых таварах на рынку адзін, менш канкурэнтаздольны, не быў выцеснены. Таму перспектывы ў беларускіх прадуктаў так сабе.

— А як жа рост экспарту, бо цяпер увесь расійскі рынак да нашых паслуг?

— Паслухайце, а хіба раней расійскі рынак быў зачынены для нашых тавараў? Так, на ім прысутнічалі імпартныя вытворцы. Але хіба «Беллегпрам» раней не прадаваўся ў Расіі толькі таму, што там была «ZARA»?

І хіба цяпер праз яе сыход «Беллегпрам» будзе там больш прадавацца? Хіба ён цяпер раптам стане мяняць калекцыі раз на два тыдні, сачыць за модай? Хіба ад таго, што з расійскага рынку сышлі сусветныя брэнды, «Беллегпрам» стаў іншым? І так па ўсіх пазіцыях.

Тое, што з Расіі сышлі добрыя імпартныя тавары, не гарантуе таго, што пачнуць змятаць беларускія, якія не змянілі сваёй якасці. Гэта ілюзія.

А яшчэ ў дадатак да гэтага ў нас адкрыўся расійскі рынак. Але расійскі рынак падае, там стагнацыя эканомікі, беднага насельніцтва. Гэта значыць, у нас адкрыўся рынак, які падае. І гэта таксама велізарная ілюзія.

Так, нам заяўляюць, што нібыта на 10% павялічыўся тавараабарот з Расіяй. Але сутнасць у тым, што ў натуральных адзінках-кілаграмах, тонах, кіламетрах — гэты тавараабарот зменшыўся!

Ён павялічыўся ў грашах толькі таму, што летась за 1 беларускі рубель давалі 25 расійскіх, а ў гэтым годзе — амаль 30. Розніца ў 14%, а абарот вырас на 10%. Адпаведна, у рэальнасці ў натуральных адзінках мы ўпалі. А ілюзія таго, што ў нас вырас экспарт, будуецца толькі на змене кошту беларускай валюты ў дачыненні да расійскай — і ўсё.

Гэта ўсё адзіная вялікая мыльная бурбалка, якая аднойчы лопне, і мы прыйдзем да таго ж пытання, што і старая з яе начоўкамі: «Дык хто ж тут уладарка марская?»

— Да чаго рыхтавацца?

— У наступным годзе гісторыя са змяненнем адносін расійскага рубля да беларускага скончыцца, спыняцца перагібы ў цэнах, сыдзе гэтая залішняя прыбытковасць расійскіх кампаній за кошт продажу вуглевадародаў па нестабільных цэнах.

Калі ўся гэтая пена асядзе, аголяцца праблемы — і мы ўбачым, што ўзровень экспарту значна меншы, чым быў у 2021 годзе.

— А чым жа тады будзе выхваляцца беларускі ўрад, калі не экспартам, якім бравіруюць цяпер?

— Па законах бізнесу, калі адзін пастаўшчык або адзін пакупнік займае 66% у тваім бізнесе, то гэта азначае, што бізнес не твой, а яго.

Калі ў вас 66% усіх тавараў забірае ўсяго адзін пакупнік — Расія, гэта азначае, што вы цалкам і канкрэтна залежыце ад гэтага пакупніка і што ў вас ужо няма свайго бізнесу, гэта іх бізнес.

Калісьці ў нас ставілася задача — 30х30х30, 30% экспарту ў Расію, 30% — у Еўропу і столькі ж — у краіны так званай «далёкай дугі». І з пункту гледжання бізнесу задача ставілася правільна, таму што размеркаванне продажаў азначала размеркаванне рызык. Для развіцця бізнесу абсалютна правільныя задачы.

А сёння мы скаціліся да манапольнай залежнасці ад Расіі.