Колькасць палётаў «Белавія» за тыдзень пасля захопу Пратасевіча ўпала на 80,5%
Замест 21 краіны дзяржаўная авіякампанія цяпер лятае толькі ў 9.
Дзяржаўная авіякампанія «Белавія», вымушаная закрыць рэйсы ў шэраг еўрапейскіх кірункаў, разлічвае ў першую чаргу на свае сілы пры выхадзе з цяперашняй сітуацыі.
«“Белавія” — адкрытае акцыянернае таварыства, таму разлічвае ў першую чаргу на свае сілы», — адказалі ў кампаніі на пытанне аб планах звярнуцца да ўрадf Беларусі па фінансавую падтрымку, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на расійскія «Ведомости».
У авіякампаніі таксама дапусцілі, што могуць скараціць частку штату, але не на 50%, як пісалі ў прэсе дагэтуль.
«Пра масавыя скарачэнні гаворкі не ідзе. Рашэнні аб персанале могуць быць прынятыя толькі па рэкамендацыі кіраўнікоў падраздзяленняў і толькі з улікам бягучага аб’ёму працы».
На сёння «Белавія» вымушаная была прыпыніць палёты ў 21 краіну, актуальнымі застаюцца маршруты толькі ў 9 краін — гэта 17 гарадоў/аэрапортаў.
«Што тычыцца асобна Расіі, то ў “дакавідны” час авіякампанія выконвала 140-150 рэйсаў на тыдзень, цяпер — 13. Іншыя статыстычныя даныя ў сувязі з падвышанай занятасцю ўсіх аддзелаў даць цяжка», — удакладнілі ў «Белавія».
Рэзкія змены ў працы нацыянальнага авіяперавозчыка-манапаліста наступілі пасля скандалу з прымусам да пасадкі пасажырскага самалёта ірландскай кампаніі «Ryanair», які ляцеў са сталіцы Грэцыі ў сталіцу Літвы. Сярод пасажыраў былі журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, якіх затрымалі і якія цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ праз крымінальныя абвінавачанні.
У адказ на дзеянні афіцыйнага Мінска, апеляцыі якога да «ліста ХАМАС» і «просьбаў пілотаў» выявіліся беспадстаўнымі, шэраг краін закрылі паветраную прастору для беларускіх самалётаў і рэкамендавалі сваім авіякампаніям аблятаць Беларусь. У NATO выказалі здагадку, што Лукашэнка не мог дзейнічаць без ухвалення і ўказання Масквы.