«Купляйце беларускае». Што з айчынных прадуктаў найбольш папулярнае ў беларусаў
Тэлеграм-канал «Вашы грошы» паспрабаваў разабрацца з прадуктовым кошыкам беларусаў, узяўшы за аснову даныя Белстата.
Эксперты адзначаюць, што на стале і ў лядоўнях беларусаў часцей можна знайсці айчынныя харчовыя тавары. Паводле статыстыкі, за студзень-верасень 2023 года доля беларускіх прадуктаў харчавання ў рознічным продажы склала амаль 78%. Аднак па асобных пазіцыях айчынныя вытворцы прайграюць замежным прадуктам. Дзесьці ў сілу натуральных прычын, а дзесьці з-за суадносін кошту і якасці.
«Больш за ўсё на сталах беларусаў айчыннай мясамалочнай прадукцыі. Так, доля беларускага масла сметанковага склала 99,97%, мяса 99,7%, сыроў 95,8%. Шмат айчыннага набываюць беларусы ў вінна-гарэлачным аддзеле. Так, беларуская гарэлка займае 99,1% рынку, пладовыя віны 99,4%, пеністыя 86,4%. Высокая доля мясцовага піва (81,6%), але пры гэтым прыкметна ніжэй доля айчыннага каньяку (55,5%)», — гаворыцца ў справаздачы.
Беларускай гародніны, дадаюць аўтары тэлеграм-канала, на прылаўках 72,7%, у тым ліку бульбы 88,2%, капусты 75,3%. Зваротная сітуацыя чакана з садавінай. Мясцовы рынак забяспечаны айчыннай садавінай толькі на 12,1%. У чэмпіёнах тут яблыкі (53,9%).
«Цікавая, але паказальная сітуацыя з мукой і макаронамі, — адзначаюць «Вашы грошы». — Доля першай складае 93,7%, тады як другіх толькі 65,9%. Далёка не ўся айчынная прадукцыя падыходзіць для вытворчасці харчовай прадукцыі. Таму якасць замежнай макароны часта прыкметна вышэй».
Нарэшце, менш за ўсё беларускіх тавараў сярод рыбы (11,2%) і расліннага алею (10,2%). Чакана, усё ж такі клімат і геаграфія не тая, рэзюмуецца ў экспрэс-аналізе.
Варта нагадаць, што агулам гандаль Беларусі з заходнімі краінамі адчувальна зменшыўся пасля 2020 года праз санкцыі. Але, як бачым, гэта не прывяло прынамсі да істотнага павелічэння спажывання беларусамі расійскіх прадуктаў.
Лукашэнкаўцы з мінулай восені хваляцца, што дзякуючы «мудраму кіраванню» спынілі рост цэн у краіне. Сапраўды, нерынкавы метад забароны падвышэння коштаў замарудзіў (але не спыніў інфляцыю), а адкуль узяліся рэзервы, не так даўно патлумачыў Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэтым рашэннем улады фактычна прымусілі гандаль і вытворцаў працаваць са стратамі. «Знялі тлушчык», — сказаў Лукашэнка, літаральна прызнаўшы «экспрапрыяцыю» залішкаў у бізнесу.
Неўзабаве, як анасуе рэжым, цэны, аднак, зноў пачнуць
павялічвацца. Імаверна, гэта адбудзецца тады, калі «тлушчыку» ў рытэйлераў і
вытворцаў не застанецца. Эксперты чакаюць, што пасля гэтага інфляцыя ў Беларусі
рэзка паскорыцца.