Леў Львоўскі: Базавы прагноз для эканомікі Беларусі — падзенне
Днямі Саўмін сфарміраваў прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год. Прэм'ер Раман Галоўчанка заявіў, што чакаецца рост ВУП на 3,8%, рэальных заробкаў — на 4,6%, а вось інфляцыю збіраюцца знізіць і ўтрымліваць на ўзроўні не большым за 7-8%.
Праўда, не зусім зразумела, на чым грунтуюцца такія планы, калі ў гэтым годзе па выніках дзевяці месяцаў ВУП прасеў на 4,7%, рэальныя даходы беларусаў падаюць, а інфляцыя расце — гадавы прырост спажывецкіх цэн, па даных Нацбанка, у верасні склаў 17,4%.
Наколькі цяперашнія прагнозы блізкія да рэальнасці і да чаго рыхтавацца беларусам у 2023-м, «Філін» спытаў у старшага навуковага супрацоўніка BEROC доктара эканамічных навук Льва Львоўскага.
— Галоўчанка, вядома, заўсёды імкнецца быць аптымістам, адшуквае самыя пазітыўныя лічбы, але цяперашнія прагнозы ўрада якраз не занадта аптымістычныя, — кажа эксперт. — Бо ў агучаных планах мяркуецца рост ВУП на 3,8% — гэта менш, чым цяперашняе падзенне (а паводле вынікаў года мяркуецца падзенне на ўзроўні 4,5-4,7%).
Тое ж самае тычыцца і рэальных заробкаў (пакуль што яны ўпалі амаль на 6%, і меркаваны рост не перакрые цяперашняга падзення), і інфляцыі: да ўсіх праблем яна выходзіла ў Беларусі на стабільны ўзровень у 5-6% і ў гэтым годзе закладвалася на тым жа ўзроўні, але нават пры самым аптымістычным сцэнарыі ўрад мяркуе ў наступным годзе 7-8%. Так што аптымізм, я б сказаў, у Саўміна даволі ўмераны, ніхто не абяцае, што мы цалкам выйдзем з рэцэсіі.
Наколькі апраўданыя гэтыя чаканні? Гэта залежыць шмат у чым ад таго, на якія перадумовы арыентуецца беларускі ўрад. У нас у эканоміцы ёсць праблемы, што маюць зусім канкрэтныя карані, з многімі з якіх можа змагацца менавіта ўрад і Нацбанк.
Напрыклад, адзін з каранёў эканамічных праблем — шэраг дзеянняў урада ў палітычным крызісе Беларусі, які пацягнуў за сабой санкцыі, яшчэ адна значная крыніца — вайна ва Украіне і санкцыі, накладзеныя на Беларусь праз статус суагрэсара.
На думку эканаміста, калі б кіраўнікі распачалі крокі ў гэтым кірунку, то можна было б весці гаворку і аб значна больш пазітыўных для Беларусі эканамічных сцэнарыях.
— Але, зыходзячы з прамовы Галоўчанкі, мы не бачым, што ўрад збіраецца змагацца з коранем нашых праблем.
Асноўнымі фактарамі росту беларускі прэм'ер лічыць рост інвестыцый у асноўны капітал і павелічэнне экспарту тавараў і паслуг. Але і тут усё не так гладка, тлумачыць Леў Львоўскі:
— Рост інвестыцый у асноўны капітал не дасць нам устойлівага росту эканомікі. Калі ў 1990-я і нулявыя Беларусь сапраўды была бедная на капітал і інвестыцыі ў яго ішлі з вялікай аддачай, забяспечваючы істотны (двухзначны) рост ВУП, то цяпер капіталу назапашана цалкам дастаткова, і інвестыцыі ў яго не будуць даваць аддачы.
Галоўчанка, на думку эксперта, можа мець на ўвазе, што ўрад збіраецца напампоўваць эканоміку непатрэбнымі інвестыцыямі: разгарнуць дзяржаўныя інвестпраграмы, праводзіць грашовую эмісію і дырэктыўнае крэдытаванне дзяржпрадпрыемстваў.
— Такія рэчы сапраўды могуць «напампаваць» ВУП і штучна яго раздзьмуць, але гэта не частка ўстойлівага росту. Калі вы возьмеце дзе-небудзь мільярд і ўкладзяце яго ў эканоміку Беларусі (заплаціце рабочым ці сілавікам), то эканоміка сапраўды вырасце на мільярд, але і даўгі вырастуць на гэтую ж суму. І ад таго, што вы падвысіце заробак цяпер, аддаваць гэты мільярд у будучыні прасцей не стане.
Бо гэта далёка не тое ж самае, што нармальныя інвестыцыі. Але, мабыць, урад збіраецца ісці якраз па гэтым шляху. Сярод названых момантаў сур'ёзных прычын для аптымізму я не бачу. Верагодна, разлік на невялікі аднаўленчы рост разам з накачкай эканомікі дзяржаўным спажываннем.
Што тычыцца абяцання прэм'ера захаваць сацыяльную накіраванасць бюджэту, само па сабе гэта нічога не значыць: беларускі бюджэт, сапраўды, большую частку выдаткаў накіроўвае на сацыяльную сферу, але залатых гор бюджэтнікам чакаць не даводзіцца.
Чаго чакаць беларускай эканоміцы ў 2023 годзе? На думку Льва Львоўскага, казаць пра перспектывы папросту нельга — ёсць цэлы шэраг важных фактараў, ад якіх залежыць развіццё сітуацыі.
— У першую чаргу, трэба ўлічваць, як будзе развівацца вайна ва Украіне.
Цяпер складваецца ўражанне, што ваенная ініцыятыва знаходзіцца ў руках украінцаў, і расійская армія будзе паступова прайграваць. Як гэта адаб'ецца на сітуацыі ў Расіі, якая цяпер і наш галоўны знешнегандлёвы партнёр, і наш галоўны (і адзіны) крэдытор?
Другі важны момант — новыя дзеянні самога ўрада, якія могуць патэнцыйна прывесці ці не прывесці да больш вострых фаз крызісу. Часам беларускі ўрад з такімі ідэямі гуляецца, успомнім хоць бы «замарожванне» цэн. Яго адкацілі ўжо праз два тыдні, але, калі ўявіць сабе, што падобную меру ўвядуць на паўгода, магчымы новы крызіс, які нельга прадказаць, не маючы ўваходу ва ўладныя кабінеты і не ведаючы, якія там настроі.
І трэці фактар — наколькі хутка беларуская эканоміка будзе прыстасоўвацца да бягучых санкцый і вучыцца іх абыходзіць. Некаторыя поспехі ў гэтай справе ёсць. Можна прывесці прыклад нафтаперапрацоўкі: калі ў красавіку-траўні ў сектары было ўсё вельмі дрэнна, то цяпер праблемы нявострыя, умераныя, вытворцы змаглі знайсці спосаб, як экспартаваць сваю прадукцыю. З каліем пакуль праблемы больш вялікія — цяпер яго вязуць па чыгунцы ў Кітай, але чыгунка не можа перавозіць патрэбныя аб'ёмы, і гаворка ідзе аб экспарце ўсяго ў 20-30% ад дакрызіснага, а везці праз Расію пакуль яшчэ толькі збіраюцца.
Пры гэтым, адзначае эксперт, кожнае абвастрэнне на ваенным фронце, новыя сведчанні ваенных злачынстваў выклікаюць больш пільную ўвагу з боку ЗША і еўрапейскіх краін, якія будуць адсочваць і купіраваць схемы абыходу санкцый расійскім рэжымам і яго беларускім саюзнікам.
— Вядома, вельмі важны фактар — ці ўступіць Беларусь у вайну. З таго, што мы бачым цяпер, беларускае войска быццам бы не збіраецца гэтага рабіць, але гарантаваць, напэўна, ніхто не можа. А ўлічваючы, як часта Аляксандр Лукашэнка паўтарае, што ў нас не будзе ніякай мабілізацыі і Беларусь не будзе ўступаць у вайну, пачынаюць закрадвацца думкі, што ўсё магчыма.
Таму аб доўгатэрміновых прагнозах, кажа Леў Львоўскі, гаворка не ідзе. Базавы прагноз для Беларусі на 2023 год, калі не здарыцца нічога з вышэйзгаданых падзей — падзенне ВУП працягнецца і складзе, па розных ацэнках, ад 2 да 4%.
— Аднак кожны з названых фактараў, змяніўшыся, можа пашырыць гэты прагноз на працэнты або нават дзясяткі працэнтаў у той ці іншы бок, — удакладняе эксперт.
Напрыклад, калі Беларусь вырашыць больш відавочна дыстанцыявацца ад Расіі, то магчыма, што ўрад зможа выгандляваць некаторае змякчэнне санкцый і здарыцца рост на 1-2%.