У Еўропы цяпер нават больш газу, чым трэба

Краіны Еўропы зрабілі больш запасаў прыроднага газу, чым ім трэба. Гэта здарылася з-за рэзкага павелічэння імпарту звадкаванага газу і цёплага надвор'я.

p799.jpg

Еўрапейскія газавыя сховішчы аказаліся амаль запоўнены яшчэ да таго, як пачаўся ацяпляльны сезон. Цэны на газ таксама рэзка знізіліся — і цяпер яны складаюць менш за траціну ад таго пікавага значэння, што было ўсталявана гэтым летам, паведамляе korrespondent.net.

Аднак асноўныя рызыкі яшчэ наперадзе: многае залежыць ад надвор'я, рэзкае пахаладанне хутка прымусіць Еўропу пачаць выкарыстоўваць запасы. Урады таксама занепакоены магчымасцю новых дыверсій на энергетычных аб'ектах. Але ў канцы кастрычніка становішча значна лепшае, чым палітыкі маглі спадзявацца.

«Чакаецца, што лішак газу ў Еўропе будзе як мінімум да снежня. Малаверагодна, што ў лістападзе Еўропа ўбачыць доўгае пахаладанне», — заявіў вядучы аналітык і старшы метэаролаг італьянскай энергетычнай кампаніі «Illumia» Джакама Масата.

Скарачэнне попыту на газ у 2022 годзе ацэньваецца прыкладна ў 7-9%, «у асноўным за кошт адключэння буйных прамысловых спажыўцоў». Аднак пакуль не дасягае мэтавага паказчыка ЕС у 15%.

Паводле звестак «Gas Infrastructure Europe», еўрапейскія сховішчы запоўнены на 93,6%, а ў Германіі — на 97,5%. Гэта забяспечвае пэўны камфорт для рынку, аднак, напрыклад, для Германіі гэтых запасаў хопіць, каб задаволіць попыт толькі на два месяцы халоднага надвор'я, таму Еўропе трэба будзе працягваць прымаць грузы звадкаванага газу.

Цяпер караблі працягваюць прыбываць. Паўночна-Заходняя Еўропа плануе прыняць 82 LNG-танкеры ў гэтым месяцы — а гэта на 19% больш, чым у верасні.