Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан пагражае ЕС распадам
Сёння адзначаецца 66-я гадавіна Венгерскай рэвалюцыі 1956 года. З гэтай нагоды прэ'мер-міністр Венгрыі выступіў з прамовай, у якой звярнуўся да Еўрасаюза.
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан у сваёй прамове з нагоды гадавіны Венгерскай рэвалюцыі 1956 года параўнаў савецкія войскі, якія напалі на Венгрыю 66 гадоў таму, з сённяшнімі інстытутамі Еўрапейскага Саюза, паведамляе агенцтва «Associated Press».
Ён заявіў, што лёс ЕС у рэшце рэшт акажацца такім жа, як у Савецкага Саюза, які распаўся больш за тры дзесяцігоддзі таму.
«Давайце не будзем турбавацца пра тых, хто страляе ў Венгрыю з ценю або з вышынь Бруселя. Яны скончаць там, дзе іх папярэднікі», — сказаў Орбан падчас выступлення ў горадзе Залаэгерсег на захадзе Венгрыі. Венгерскі прэ'мер сёлета парушыў традыцыю выступлення ў Будапешце ў гадавіну рэвалюцыі. Яго адсутнасць у сталіцы ў адно з самых важных нацыянальных святаў Венгрыі звязаная з тым, што цяперашні ўрад, які Орбан узначальвае, сутыкаецца з пратэстамі венгерскіх настаўнікаў і студэнтаў. Педагогі патрабуюць павышэння заработнай платы і паляпшэння ўмоў працы. На сёння ў Будапешце была запланаваная яшчэ адна акцыя пратэсту.
Урад Орбана перажывае не лепшыя часы: ЕС пагражае скараціць фінансаванне Венгрыі праз вялікі ўзровень карупцыі ў краіне. Імкнучыся выратаваць частку фінансавання, венгерскі парламент нядаўна прыняў новае заканадаўства аб барацьбе з хабарніцтвам. Але краіна па-ранейшаму рызыкуе страціць мільярды еўра фінансавання за меркаванае парушэнне дэмакратычных практык, якія ў апошні час прывялі да паслаблення валюты і эканомікі.
«Мы былі тут, калі на нас напала першая імперыя-заваёўнік, і мы будзем тут, калі абрынецца апошняя, — заявіў Орбан у сваёй прамове. — Мы будзем трываць гэта, калі павінны, і мы будзем супраціўляцца, калі зможам. Мы агаляем мячы, калі ёсць шанец, і мы супраціўляемся, калі наступаюць доўгія гады прыгнёту. Мы перамагаем, нават калі церпім паражэнне».
Народнае паўстанне супраць савецкіх рэпрэсій пачалося 23 кастрычніка 1956 года ў Будапешце і распаўсюдзілася па ўсёй Венгрыі.
Пасля таго, як кіраўнік краіны быў паспяхова зрынуты народным паўстаннем і савецкія войскі былі выцесненыя са сталіцы, Масква жорстка падавіла рэвалюцыю, забіўшы да 3000 мірных жыхароў і разбурыўшы большую частку Будапешта.
Цяперашняя Венгрыя, якая зведала на ўласным досведзе ваенную агрэсію, адзіная сярод сваіх суседзяў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе адмовілася пастаўляць Украіне зброю або дазваляць яе перакідку праз свае межы. Віктар Орбан, якога многія лічаць бліжэйшым саюзнікам Уладзіміра Пуціна ў Еўропе, блакаваў увядзенне санкцый супраць Масквы, але паралельна заяўляў, што ўварванне Расіі ва Украіну з'яўляецца «відавочнай агрэсіяй» і што яго ўрад падтрымлівае права Украіны на тэрытарыяльную цэласнасць.