Чэхія закрыла ўезд для расійцаў з турыстычнымі візамі

Чэхія з 25 кастрычніка закрыла ўезд для расійцаў, якія наведваюць краіну з мэтай турызму, спорту або культуры. Аб новых абмежавальных мерах было абвешчана яшчэ 12 кастрычніка.

167976.jpg

Са слоў міністра замежных спраў Чэхіі Яна Ліпаўскага, у краіну штодня заязджалі да 200 грамадзян Расіі. Ён адзначыў, што гэта адбывалася ў той жа час, «пакуль ва Украіне расійскія ракеты падаюць на дзіцячыя пляцоўкі і на людзей, якія проста едуць на працу».

«Мы дамовіліся, што ва ўездзе будзе адмоўлена тым расійскім грамадзянам, якія прыбываюць на тэрыторыю Чэхіі праз знешнія межы шэнгенскай зоны, гэта значыць праз наш Міжнародны аэрапорт, з мэтай турызму, спорту або культуры. Гэтая мера будзе прымяняцца да падарожнікаў з дзейнай шэнгенскай візай, выдадзенай любой краінай — членам ЕС», — сказаў кіраўнік МЗС.

У сярэдзіне верасня Латвія, Літва і Эстонія дамовіліся аб абмежаванні ўезду расійцаў з дзейнымі шэнгенскімі візамі праз сухапутныя межы з Расіяй і Беларуссю. Выключэнне зрабілі для кіроўцаў фур, дыпламатаў і тых, хто ўязджае па сямейных і гуманітарных прычынах. Уезд расійцам па кароткатэрміновых візах таксама забаранілі Фінляндыя і Польшча.

Еўрапейская камісія зацвердзіла прыпыненне дзеяння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Расіяй.

Паводле «Новай газеты. Еўропа».