На сусветным эканамічным форуме ў Давосе Беларусь прадставіць жанчына

Сусветны эканамічны форум у Давосе (СЭФ, World Economic Forum) – самая ўплывовая штогадовая бізнэс-імпрэза ў свеце. У гэтым годзе форум адбудзецца 49-ы раз. Афіцыйных прадстаўнікоў Мінску ў Давос запрашаюць надзвычай рэдка. У 1992 годзе сустрэчы наведаў дзяржаўны дзеяч Станіслаў Шушкевіч. У 2016 годзе – 29-гадовы бізнесовец Дзяніс Кольга. На СЭФ-2019, які пройдзе 22–25 студзеня, ад Беларусі ўпершыню за апошнія 20 гадоў едзе жанчына, Людміла Батура, з якой пагутарыў на гэтую тэму Белсат.

Людміда Батура

Людміда Батура

Людміла Батура – мэнэджарка праектаў, працаўніца Арганізацыі Абʼяднаных Нацый у пытаннях сацыяльнай абароны насельніцтва. Яе запрасілі на форум як прадстаўніцу глабальных архітэктараў будучыні з «Global Shapers Minsk Hub».
Асноўная тэма сустрэчы гучыць як «Глабалізацыя 4.0: Фармаванне глабальнай архітэктуры ў век 4-ай прамысловай рэвалюцыі». Падчас СЭФ будуць абмяркоўвацца тэхналагічныя, палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя змены, выкліканыя наступам прамысловай рэвалюцыі. Як правіла, гэтыя змены носяць глабальны характар, адпаведна, патрабуюць скаардынаванага глабальнага адказу. Таму тэма рэгіянальнай, глабальнай і крос-сектаравай супрацы стане асноўнаю на сёлетнім Форуме.
Плануецца, што ў сустрэчы возьмуць удзел каля 3 тысяч чалавек. Сярод лідараў дзяржаваў пацвердзіў свой удзел Дональд Трамп. Крэмль не выключае ўдзелу Уладзіміра Пуціна. З Расіі ды Украіны наогул плануюцца досыць прадстаўнічыя дэлегацыі палітыкаў і бізнэсоўцаў. Сярод іншых цікавых удзельнікаў – Бонаў, Джорж Сорас, Юрген Шток – генеральны сакратар Інтэрполу.
«Мяне запрасілі ўзяць удзел у форуме як актыўную сяброўку Мінскага хабу «Global Shapers» – беларускай філіі міжнароднай сеткі моладзевых ініцыятываў. Мы падтрымліваем улучанасць Беларусі ў рэгіянальныя і міжнародныя працэсы развіцця праз паляпшэнне рэпутацыі краіны сярод міжнароднай супольнасці. Наколькі я ведаю, з Беларусі ў гэтым годзе я буду адзінаю ўдзельніцаю».
І якую Беларусь вы рэпрэзентуеце на форуме?
«У сферы дзяржаўнага кіравання як ніколі для Беларусі актуальнае пытанне дэцэнтралізацыі прыняцця рашэнняў і бюджэтнай дэцэнтралізацыі, шырокае ўцягванне бізнесу і грамадзянскай супольнасці на адным узроўні з дзяржаваю ў прыняцце рашэнняў, іх выкананне, маніторынг і кантроль на ўсіх узроўнях. Важным уяўляецца пашырэнне рэгіянальнай супрацы Беларусі з іншымі краінамі, рэгіянальнымі структурамі і міжнароднымі арганізацыямі.
У эканамічным плане, на мой погляд, трэба як мага хутчэй наважвацца на структурныя рэформы, важна далейшае спрашчэнне ўмоваў вядзення бізнесу, зніжэнне падатковай і непадатковай нагрузкі, роўныя ўмовы для прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў (у тым ліку спыненне дырэктыўнага крэдытавання), стымуляванне прыватнай ініцыятывы.
У сацыяльным плане важна ўзмацніць сацыяльную абарону насельніцтва. І, вядома, у перыяд чацвёртай прамысловай рэвалюцыі для кожнай дзяржавы важна стварыць экасістэму для развіцця інавацыяў, для гэтага патрэбныя пэўныя змены ў сістэме адукацыі і навукі, падтрыманне стартапаў, развіццё вэнчурнага фінансавання і іншае».
Колькі тэматычных сустрэчаў пройдзе ў межах Форуму і якія вы плануеце наведаць?
«У мінулым годзе Мінскі хаб стаў адным з пяці пераможцаў глабальнага конкурсу «WeSeeEqual», арганізаванага супольна СЭФ і кампаніяй «Procter & Gamble» на тэматыку гендарнай роўнасці. Наш праект закліканы змяняць традыцыйныя ўяўленні пра ролю жанчыны ў грамадстве, выкарыстоўваючы каналы мастацтва і медыя. Рэалізацыя праекту запланаваная ў гэтым годзе, таму ў сферу маіх інтарэсаў на Форуме ўваходзяць сесіі, прысвечаныя гендарнай роўнасці і жаночаму лідарству.
Усяго ў межах форуму адбудзецца каля 500 сесіяў, таму, калі я гляджу праграму, вельмі шкадую, што не магу быць у некалькіх месцах адначасова. Прыемна, што некаторыя сесіі будуць пазней даступныя ў запісе».
Такая вялікая колькасць удзельнікаў напэўна стварае праблемы з білетамі і арэндаю жылля?
«Так, ужо за некалькі месяцаў да Форуму месцы ў гатэлях у Давосе былі зарэзерваваныя. Калі я апошні раз правярала booking.com у кастрычніку-лістападзе, за аднамясцовыя нумары ў дні форуму прасілі каля € 3500, а цяпер яны каштуюць каля € 6500–7500.
На шчасце, Сусветны эканамічны форум пакрывае ўсе мае выдаткі на жыллё і харчаванне ў межах форуму, а таксама мы не плацім унёсак за ўдзел. Мне застанецца пакрыць толькі пералёт у Цюрых і назад, што я лічу больш як сціплаю платаю за магчымасць узяць удзел у такой маштабнай падзеі».