Neue Zürcher Zeitung: ЕАЭС: Акрамя гадавіны, святкаваць больш няма чаго
Не ўсе краіны задаволеныя сваім сяброўствам у Еўразійскім эканамічным саюзе пад кіраўніцтвам Крамля. Больш за ўсё цяжкасцяў узнікае ў пытанні свабоднага гандлю. Падчас крызісу на першы план выходзяць іншыя інтарэсы.
Пра гэта піша Бен’ямін Трыбэ ў артыкуле «Акрамя гадавіны, святкаваць больш няма чаго», апублікаваным на сайце газеты Neue Zürcher Zeitung.
Дзеянні прэм’ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева ў Кыргызстане нагадваюць чэкавую дыпламатыю. Ён паабяцаў маленькай збяднелай цэнтральнаазіяцкай краіне на працягу двух гадоў інвеставаць каля 30 мільярдаў рублёў ($470 млн) у газавую інфраструктуру. На думку Мядзведзева, цяпер неабходна ліквідаваць праблемы. Верагодна, яны знайшлі сваё адлюстраванне ў скаргах, выказаных прэзідэнтам Кыргызстана Алмазбекам Атамбаевым ў канцы мая. З імі пагадзіўся і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Такія скаргі даказваюць, што ў Еўразійскім эканамічным саюзе (усходнім контрпраекце Масквы) справы ідуць кепска.
Два гады пасля стварэння
Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) быў заснаваны два гады таму. У канцы мая 2014 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў і прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісалі ўстаноўчую дамову. З пачатку 2015 года гэтыя краіны ўтвараюць ЕАЭС. Ён паўстаў з Еўразійскага мытнага саюза, які павінен быў рэгуляваць свабоднае перамяшчэнне тавараў паміж трыма краінамі. Эканамічны саюз дадаў да гэтага свабоднае перамяшчэнне паслуг, рабочай сілы і капіталу. У 2015 годзе членамі саюза сталі таксама Арменія і Кыргызстан. Але цяжкасці з’явіліся ўжо з першай мэтай — свабодным перамяшчэннем тавараў на адзіным рынку з 182 мільёнамі спажыўцоў.
У Крамлі лічаць, што еўрапейская і еўразійская інтэграцыі могуць «дапаўняць адна адну». У канцы мая на саміце ў Астане Атамбаеў паскардзіўся, што праблемы ствараюць транспарціроўка кыргызскіх тавараў праз тэрыторыю Расіі, кантроль на (уласна адкрытай) мяжы з Казахстанам і «многія іншыя абставіны», у тым ліку пратэкцыянісцкая забарона Казахстана на імпарт кыргызскай бульбы. Лукашэнка таксама скардзіўся на занадта вялікі спіс выключэнняў у свабодным гандлі; ён тычыцца 600 груп тавараў. Наднацыянальныя інстытуты ЕАЭС, у тым ліку суд, занадта забюроакратызаваныя і слабыя.
На самай справе, ЕАЭС неверагодна далёкі ад агульнага ўнутранага рынку і свабоднага перамяшчэння, якія характэрныя для ЕС. Гэтаму ёсць дзве прычыны. Па-першае, эканамічны крызіс вымусіў краіны звярнуцца да пратэкцыянісцкіх захадаў, якія існавалі і раней. Аб’ём гандлю членаў ЕАЭС вылічваецца ў доларах; у 2015 годзе ён скараціўся на 34% у гандлі з замежнымі дзяржавамі, і на 25% — паміж дзяржавамі-членамі, гэта значыць, прыкладна на $45 млрд. У першым квартале падзенне склала 16%. Часткова так адбылося з-за слабасці рэгіянальных валют у адносінах да долара, але, перш за ўсё, з-за рэзкага падзення коштаў на нафту. Гэта істотна ўдарыла па двух найбуйнейшых эканоміках блока — Расіі і Казахстану. Акрамя таго, пацярпела і нафтаперапрацоўчая Беларусь, падзенне попыту шкодзіць Арменіі і Кыргызстану.
Страх саступіць кантроль Маскве
Па-другое, ні адна краіна, акрамя Расіі, не хоча саступаць свой суверэнітэт ў пытаннях гандлю ЕАЭС да таго часу, пакуль уся ўлада ў саюзе дэ-факта засяроджаная ў руках Масквы. Нават ўзгадненне знешніх тарыфаў азначала для членаў іх павышэнне — да расійскага ўзроўню. Гэта аслабляе іх міжнародную пазіцыю і дае расійскай прадукцыі канкурэнтныя перавагі. Апроч таго, Крэмль схільны да самастойных дзеянняў. З-за расколу з Украінай ён скасаваў дамову аб свабодным гандлі з Кіевам. Базай для пагаднення служыла зона свабоднага гандлю СНД. Няясна, як ЕАЭС справіцца з гэтым канфліктам.
Лукашэнка раскрытыкаваў Еўразійскі саюз Пуціна: роўныя ўмовы і безбар’ернае асяроддзе так і не створаныя. Наколькі супярэчлівы эканамічны саюз, нядаўна паказаў заклік лідара Крамля Уладзіміра Пуціна. Ён запатрабаваў, каб іншыя краіны скарысталі прыклад Расіі і праводзілі палітыку імпартазамяшчэння: уласныя прадукты замест імпарту. Гэта выклікала замяшальніцтва, бо, у канчатковым рахунку мэта гандлёвай інтэграцыі мае на ўвазе супрацьлеглае — растучы тавараабмен і акцэнт на моцных баках краін у вытворчасці. Пуцін не ўдакладніў, ці адмовіцца Расія ад сваіх прадуктаў на карысць імпарту з ЕАЭС.
Першае міжнароднае пагадненне аб свабодным гандлі ЕАЭС заключыў у мінулым годзе ў В’етнаме, за ім павінны рушыць услед Ізраіль і Кітай; наколькі хутка гэта адбудзецца, пакуль не ясна. На парадку дня — таксама адзіная валюта і адзіны рынак нафты і газу, найбольш уразлівыя галіны краін. Шанцы на рэалізацыю ў абедзвюх галінах вельмі нізкія. Але ўсё ж для стварэння інтэграванага энергетычнага рынку была прызначаная мэтавая дата: ён павінен стаць рэальнасцю да 2025 года, а канцэпцыя будзе распрацавана да 2019 года.