Па росце цэн Беларусь знаходзіцца на другім месцы сярод краін ЕАЭС

Беларусь, у якой у 2017 годзе зафіксаваны рэкордна нізкі ўзровень інфляцыі (4,6%), займае другое месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па росце спажывецкіх цэн.

Фота ubr.ua

Фота ubr.ua

Як сведчаць даныя, распаўсюджаныя 17 студзеня Еўразійскай эканамічнай камісіяй, лідарам па ўзроўні інфляцыі ў 2017 годзе стаў Казахстан (7,1%). Далей ідзе Беларусь (4,6%), Кыргызстан (3,7%), Арменія (2,6%) і Расія (2,5%).
У цэлым, інфляцыя ў краінах ЕАЭС у 2017 годзе не перавысіла гранічнага значэння, устаноўленага дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе і роўнага 7,5%, адзначае ЕЭК. "Зніжэнню інфляцыі і збліжэнню яе значэнняў ў краінах ЕАЭС спрыяла рэалізацыя мер эканамічнай палітыкі, у тым ліку распрацаваныя Еўразійскай эканамічнай камісіяй рэкамендацыі", — гаворыцца ў паведамленні.
Першапачаткова афіцыйны прагноз беларускіх уладаў прадугледжваў па выніках 2017 года інфляцыя ў межах 9%. Летам першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой паведаміў: паводле разлікаў урада, да канца года інфляцыя не перавысіць 6-6,5%. У выніку паказчык апынуўся яшчэ ніжэйшым — 4,6%.
Паводле звестак Белстата, цэны на тавары і паслугі ў снежні 2017 года ў параўнанні з лістападам выраслі на 0,2%. У студзені мінулага года цэны павялічыліся на 0,9%, у лютым — на 0,5%, сакавіку — на 0,3%, красавіку — на 0,7%, маі — на 0,3%, чэрвені — на 0,7%. У ліпені і жніўні назіралася дэфляцыя, тады цэны знізіліся на 0,1 і 0,8% адпаведна. У верасні яны павысіліся на 0,3%, у кастрычніку — на 1,2%, у лістападзе — на 0,5%.
У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%.
Згодна з планамі ўрада, у 2018 годзе рост спажывецкіх цэн не павінен перавысіць 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%). Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады прадугледжанае зніжэнне інфляцыі да 5%.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН