Падатковыя контрсанкцыі Беларусі да «недружалюбных» краін: каму будзе горш?
Беларусь перастала выконваць палажэнні міжнародных пагадненняў аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання з 27 «недружалюбнымі» краінамі. Прыпыняюцца артыкулы пра выплаты дывідэндаў, даходаў ад даўгавых патрабаванняў і даходаў ад адчужэння маёмасці, паведамляе «Салідарнасць». Эканамістка Анастасія Лузгіна ацэньвае гэтыя меры і разважае, да чаго гэта можа прывесці.

Беларускія ўлады ўводзяць чарговыя контрсанкцыі ў дачыненні да «недружалюбных» краін — да такіх адносяць краіны ЕС, а таксама Аўстралію, Албанію, Вялікабрытанію, Ісландыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Новую Зеландыю, Нарвегію, Паўночную Македонію, Сербію, ЗША, Чарнагорыю і Швейцарыю. Адпаведная пастанова апублікаваная на нацыянальным інтэрнэт-партале.
З 1 красавіка 2024 года і да канца 2026 стаўка падатку на даходы замежных арганізацый, якія не ажыццяўляюць дзейнасць у Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, устанаўліваецца ў памеры 25% (цяпер гэтая стаўка часта складае 15%).
Глядзіце таксама

Таксама да 31 снежня 2026 года ўлады часткова прыпыняць дзеянне пагадненняў з шэрагам краін аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання. Гаворка ідзе толькі аб некаторых палажэннях, якія тычацца выплаты дывідэндаў і працэнтаў.
— Такое рашэнне — гэта мера ў адказ беларускага ўрада на дзеянні «недружалюбных» краін, уключаючы санкцыі, і, думаю, закрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю, — каментуе новаўвядзенні старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анастасія Лузгіна.

Анастасія Лузгіна. Фота belmarket.by
Абмежаванні па пазбяганні двайнога падаткаабкладання з «недружалюбнымі» краінамі абмяркоўваліся яшчэ ў сакавіку 2022 года, калі супраць Беларусі пачалі актыўна ўводзіць пакеты санкцый з-за яе статусу суагрэсара ў вайне супраць Украіны. Але тады ўлады толькі заявілі пра гэта. Цяпер агучаныя раней намеры часткова рэалізуюць.
Такія меры, лічыць эканамістка, пагаршаюць умовы працы замежных кампаній у Беларусі.
— Калі беларуская кампанія, напрыклад, вядзе бізнес таксама ў Германіі, аплаціла там падатак на дывідэнды, а потым завозіць грошы ў Беларусь, то ёй трэба будзе зноў ажыццявіць аплату падатку ўжо ў Беларусі.
Усё гэта робіць менш камфортным працу, пагаршае ўмовы дзейнасці кампаній, у якіх ёсць офісы за мяжой, і яны там атрымліваюць даходы. Такія кампаніі імкнуцца не паказваць гэтыя даходы. Тым больш некаторыя краіны, такія як Вялікабрытанія, яшчэ раней прыпынілі працэс абмену інфармацыяй з Беларуссю.
Праверыць, калі ці ёсць такія даходы, будзе складана. З краінамі, якія працягваюць ажыццяўляць абмен інфармацыяй, усё нашмат празрысцей.
Такія меры, падсумоўвае Анастасія Лузгіна, б'юць па бізнесе і эканамічных сувязях беларускіх кампаній з краінамі Еўропы і ЗША.
— Што прывядзе, на мой погляд, да яшчэ большага ўзмацнення ўзаемасувязяў з «дружалюбнымі» дзяржавамі і, перш за ўсё, з Расіяй. Напэўна, такі пасыл і ёсць у сённяшняй дзяржаўнай палітыцы Беларусі.
Глядзіце таксама
