Беларускія ўлады стымулююць эканамічны рост: да чаго гэта можа прывесці?

Без дадатковых стымулаў беларуская эканоміка становіцца не такой, якой яе намалявалі ўлады ў планах на 2024 — і інфляцыя падрастае, і тэмпы ВУП зніжаюцца. Якія інструменты эканамічнай палітыкі задзейнічаны і чаго трэба асцерагацца ў будучыні? Разважае Фелікс Мірскі для «Беларусы і рынак».

_belarus_zyccjo_vjoska_ekanomika_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Пасля кароткатэрміновага зніжэння ў студзені гэтага года колькасць грошай у беларускай эканоміцы ў лютым зноў вырасла. Гэта можа азначаць, што ўлады вярнуліся да стымулявання эканамічнага росту таннымі грашыма.

А яшчэ гэта можа сведчыць аб тым, што выкананне планаў для іх важней фінансавай стабільнасці. Таму што без дадатковых стымулаў беларуская эканоміка катэгарычна не жадае расці запланаванымі для яе ўрадам тэмпамі.

Увесь мінулы год у напампоўванні эканомікі таннымі грашыма ўлады сябе не стрымлівалі. Шырокая грашовая маса вырасла з 61 млрд рублёў на 1 студзеня да 75,7 млрд рублёў на канец года. Таму што ва ўрада былі сур'ёзныя планы адносна эканамічнага росту.

Глядзіце таксама

Асабліва актыўна колькасць грошай у беларускай эканоміцы павялічвалася ў апошнія месяцы 2023 года, калі ўраду патрабавалася дацягнуць рост да запаветных 3,8%. План атрымалася не толькі выканаць, але нават трошкі перавыканаць. Па выніках года эканоміка вырасла на 3,9%. Урад расслабіўся. Эканоміка ўздыхнула з палёгкай і расслабілася ўслед за ўрадам.

У студзені шырокая грашовая маса скарацілася да 71 млрд рублёў. І беларуская эканоміка тут жа адказала ўзаемнасцю. Тэмпы эканамічнага росту ў першы месяц года замарудзіліся да 2,8%. Хоць у адпаведнасці з планамі ўрада ў гэтым годзе эканоміка павінна расці не горш, чым у мінулым.

Мяркуючы па даных статыстыкі грашовага рынку, каб вярнуць эканоміку на шлях праўдзівы, урад вырашыў вярнуцца да правераных метадаў. За люты шырокая грашовая маса павялічылася на 2,5 млрд рублёў, амаль вярнуўшыся да паказчыкаў на канец мінулага года. Колькасць наяўных грошай у абароце падскочыла на 360 млн рублёў і склала 9,77 млрд, усталяваўшы чарговы абсалютны рэкорд у гісторыі назіранняў.

Гэта значыць, насуперак асцярожнаму аптымізму, выкананне планаў па эканамічным росце для беларускіх уладаў па-ранейшаму важней, чым фінансавая стабільнасць. Толькі вось сёлета, у адрозненне ад года мінулага, пагрозы для стабільнасці выглядаюць значна больш сур'ёзна.

У 2023 годзе эканоміка аднаўлялася пасля падзення 2022 года. І адбывалася гэта на фоне максімальна спрыяльных для ўрада знешніх абставінаў. А ў гэтым годзе аднаўляцца ўжо няма куды. І кан'юнктура знешніх рынкаў змяняецца не ў лепшы для беларускай эканомікі бок. Так што, калі ўрад хоча, каб эканоміка расла, стымуляваць эканоміку прыйдзецца больш і часцей.

І гэта ўжо не вельмі добра для фінансавай стабільнасці. Таму што фінансавая стабільнасць і так сябе ледзь стрымлівае пасля леташняга стымулявання. Нягледзячы на ўсе цэнавыя абмежаванні, у студзені месячная інфляцыя ў Беларусі склала 0,8%. У лютым ужо 0,9%.

Глядзіце таксама

«Гэта прасочванне назапашанага інфляцыйнага патэнцыялу. І гэта будзе адбывацца, — сказаў старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.Усё роўна інфляцыйны навес прарываецца, і ён будзе прарывацца. Калі толькі не прыставіць прыватнаму сектару пісталет да скроні і пад руляй пісталета забараніць павышаць цэны».

А калі стымуляваць эканоміку больш і часцей, то фінансавая стабільнасць можа гэтага стымулявання і не перажыць.