Эканоміка Беларусі ў 2024-м: прагнозы міжнародных арганізацый

Улады нашай краіны чакаюць адносна высокага росту беларускай эканомікі сёлета — 3,8%. А што думаюць наконт беларускага ВУП аўтарытэтныя замежныя арганізацыі, якія займаюцца эканамічным прагназаваннем? «Новы Час» параўнаў прагнозы двух асноўных паказчыкаў — узроўню росту ВУП і ўзроўню інфляцыі. Вось што атрымалася.

_belarus_zyccjo_ekanomika_eza_harczavanne_2024_fota_novy_czas_logo.jpg

Сітуацыя 2023 года

За 2023 год ВУП Беларусі склаў 216,1 млрд рублёў і павялічыўся на 3,9% у параўнанні з 2022-м. Фактычны рост нават пераўзышоў план — меркавалася, што ВУП у Беларусі павялічыцца на 3,8%.

Інфляцыя ў Беларусі за 2023 год склала 5,8%, у планах згодна з Указам № 412 ад 28 лістапада 2022-га быў паказчык 7-8%. Дасягнуць ніжэйшага ўзроўня інфляцыі ўладам удалося дзякуючы жорсткаму цанавому рэгуляванню.

Афіцыйны беларускі прагноз

Згодна з Указам № 307 ад 2 кастрычніка 2023 года, рост валавога ўнутранага прадукту ў 2024 годзе павінен скласці 3,8%, а ўзровень інфляцыі павінен не перавышаць 6%.

Міжнародны валютны фонд (МВФ)

Аналітыкі з МВФ мяркуюць, што ў 2024 годзе рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі складзе 1,3%, а інфляцыя можа дасягнуць 5,7%.

Яшчэ адзін цікавы факт, які мы не маглі абмінуць, — як зменіцца колькасць насельніцтва па ацэнках МВФ. Эксперты лічаць, што колькасць беларусаў зменшыцца да 9 164 000 чалавек (на 1 студзеня 2023 года колькасць беларускага насельніцтва складала 9 200 617 чалавек).

Глядзіце таксама

Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР)

Еўразійскі банк развіцця прадугледжвае для Беларусі наступнае развіццё падзей: павелічэнне ВУП на 2% і павышэнне ўзроўню інфляцыі да 8% у 2024 годзе. 

Што адметна, з шасці краін, паказчыкі якіх аналізуюцца (Расія, Беларусь, Казахстан, Таджыкістан, Арменія і Кыргызтан), у Беларусі найгоршы вынік па ўзроўню інфляцыі і другі вынік з канца па росту ВУП (горш толькі ў Расіі — 1,5%).

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР)

Спецыялісты з ЕБРР лічаць, што ВУП Беларусі вырасце на 1,3% у 2024 годзе. Інфармацыя пра прагноз інфляцыі ў Беларусі адсутнічае на сайце арганізацыі.

Сусветны банк (World Bank)

Эксперты амаль не спадзяюцца на рост беларускай эканомікі ў 2024 годзе — яны ацэньваюць перспектывы прыросту ў 0,8%. Затое ўзровень інфляцыі яны прагназуюць 8,9% — гэта самы кепскі прагноз з усіх афіцыйна існуючых.

На 2023 год арганізацыя прадказвала Беларусі інфляцыю ў 8,2%, па факце яна была 5,8%, але гэта толькі дзякуючы таму, што ўлады штучна стрымліваюць рост коштаў, уводзяць абмежаванні на нацэнкі, штрафуюць за завышаныя (на іх думку) кошты. Мяркуем, што без гэтага інструмента інфляцыя за 2023 год цалкам магла б дасягнуць такога паказчыка.

Што можа суцешыць: Сусветны банк лічыць, што ў 2025 годзе рост цэн запаволіцца да 7,2%.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый

У дакладзе «Міжнародная эканамічная сітуацыя і перспектывы на 2024 год» прадстаўлена інфармацыя аб тым, што ВУП Беларусі ў 2024 годзе вырасце на 1,7%. Па іх ацэнках, інфляцыя павінна скласці 4,1% — даволі аптымістычны прагноз у параўнанні з іншымі.

Высновы

Самы горшы прагноз па ВУП і інфляцыі Беларусі ў Сусветнага Банка — 0,8% і 8,9% (адпаведна), найлепшы паказчык па ВУП у беларускіх уладаў — 3,8%, па інфляцыі — у ААН — 4,1%. Хутчэй за ўсё, па выніках 2024 года ВУП і ўзровень інфляцыі будуць трымацца сярэдніх значэнняў з вышэйпералічаных: ВУП — 2%, інфляцыя — 6-7%.