Улады адкладаюць праблемы на будучыню: у Беларусі запаволіўся эканамічны рост

Статыстыка не радуе: у студзені знізіліся тэмпы эканамічнага росту, а да антылідараў, акрамя IT і траспарту, дадалася яшчэ адна сфера.

_belarus_zyccjo_rynak_ekanomika_handal_2023_fota_novy_czas__11__logo.jpg

Студзеньскі эканамічны рост апынуўся значна ніжэйшы, чым рост у снежні. Інфляцыя пры гэтым расла хутчэй, нягледзячы на ўсе намаганні ўлад па рэгуляванні коштаў. Магчыма, у беларускай эканомікі меншы запас трываласці, чым здавалася. Магчыма, песімісты былі трохі занадта аптымістычныя ў сваіх прагнозах, піша «Беларусы і рынак».

За студзень ВУП Беларусі вырас на 2,8%, пасля амаль 4%-нага росту ў снежні. Да IT і транспарту, якія даўно ўжо знаходзяцца сярод аўтсайдараў, далучылася будаўніцтва. Увесь мінулы год аб'ёмы вытворчасці ў будаўніцтве раслі. У снежні яны паказалі наогул рэкордны вынік — рост 17,3%.

Тым больш балючым аказалася падзенне. У студзені аб'ёмы вытворчасці ў будаўніцтве ўпалі на 7,7%. Верагодна, гэта і стала адной з галоўных прычын такога рэзкага запаволення тэмпаў эканамічнага росту ў пачатку гэтага года.

Глядзіце таксама

Але прычына, насамрэч, можа быць значна больш сур'ёзнай. Беларуская эканоміка яшчэ восенню дасягнула столі сваіх магчымасцей. Толькі штучнае забеспячэнне росту ўрадам, які любой цаной імкнуўся выканаць планы, утрымлівала паказчыкі ля верхніх меж. Хоць нават пры гэтым у месячным выражэнні з ліквідацыяй фактараў сезоннасці аб'ёмы выпуску нязначна зніжаліся.

«Зніжэнне выпуску адзначана трэці месяц запар. Гэта ўсё больш сігналізуе аб дасягнутай столі экстэнсіўнага росту і ўсё меншай выніковасці грашова-крэдытных, бюджэтных і квазіфіскальных стымулаў у сітуацыі перагрэву эканомікі», — гаворыцца ў чарговым аглядзе даследчага цэнтра BEROC.

Са слоў старшага навуковага супрацоўніка BEROC Дзмітрыя Крука, яго чаканні з нагоды эканамічнага росту ў студзені былі ўсё ж больш аптымістычнымі, чым вынік, які паказаў Белстат.

«Я чакаў, што гэта ўсё ж такі будзе ў раёне 3,5%. Студзень наглядна дэманструе, што мы цяпер знаходзімся на плато і што мы з гэтага плато з найбольшай верагоднасцю будзем ісці маленькімі крокамі ўніз».

У канцы года ўрад дамогся выканання сваіх планаў, напампоўваючы ўнутраны попыт. Але рэзервы для таго, каб разаграваць яго і далей — ужо вычарпаны. А без унутранага попыту патэнцыял росту ўпіраецца ў абмежаваныя магчымасці беларускага экспарту і яшчэ больш абмежаваныя магчымасці беларускай вытворчасці.

«Па выніку года я б чакаў рост у дыяпазоне ад 0,5 да 1%», — сказаў Дзмітрый Крук.

Глядзіце таксама

Урад, вядома, заўсёды можа выбраць сцэнар эканамічнага росту любой цаной. Яму не прывыкаць. Але тады камусьці прыйдзецца разбірацца з праблемамі фінансавай стабільнасці.

З пачатку гэтага года ўлады зрабілі больш жорсткім рэгуляванне коштаў. І ўсё ж па выніках студзеня інфляцыя ў гадавым выражэнні склала 5,9%, супраць 5,8% у снежні. Гэта значыць, механізмы цэнавага рэгулявання паступова губляюць сваю эфектыўнасць з-за занадта доўгага прымянення. Хоць для беларускіх улад гэта не падстава, каб ад іх адмаўляцца. Хутчэй, гэта можа стаць падставай, каб яшчэ мацней закруціць гайкі.

«На сённяшні дзень мы не бачым нейкіх глабальных перадумоў для змены сістэмы цэнавага рэгулявання альбо яе кардынальнай перабудовы», — сказаў намеснік міністра гандлю і антыманапольнага рэгулявання Іван Вежнавец.

Штучна падтрымліваючы эканамічны рост і адначасова жорстка рэгулюючы кошты, беларускія ўлады проста адкладаюць праблемы на будучыню. І, мяркуючы па некаторых тэндэнцыях першага месяца новага года, гэта будучыня можа наступіць раней, чым усе чакалі. Таму што беларуская эканоміка, падобна, аказалася не такой трывалай, як усе думалі.