«Стрымліванне інфляцыі з'яўляецца не эканамічнай, а палітычнай мэтай»: аналітыкі пра эканоміку першага месяца 2024-га

Якой была інфляцыя ў студзені? Як улады збіраюцца з ёй змагацца? Якія могуць быць наступствы рэгулявання цэн?

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Інфляцыя ў Беларусі працягвае паскарацца. Паводле звестак Белстата, кошты за студзень выраслі на 5,9%. А ўрад абяцаў, што па выніках года іх рост не перавысіць 6%. Так што, падобна, цэнаваму рэгуляванню хутка зноў падкруцяць гайкі. А хто не зможа гэтага перажыць, той сам вінаваты. Таму што кошты — пытанне палітычнае, піша Фелікс Мірскі для выдання «Беларусы і рынак».

Пры гэтым кошты на прадукты харчавання ў студзені выраслі на 6,9%, а паслугі падаражэлі на 7,5%. Гэта значыць, абагналі ўрадавыя прагнозы, нягледзячы на ўсю сістэму рэгулявання. Становішча выратавалі нехарчовыя тавары, рост коштаў на якія склаў усяго 3,1%.

Увесь мінулы год прайшоў пад знакам пастановы №713 «Аб рэгуляванні коштаў». З пачатку гэтага года прынцыпы рэгулявання змянілі: улады прынялі на ўзбраенне савецкі метад планавання інфляцыі — гэта калі кошты дазволена павышаць не больш чым на 0,3% у месяц. За выключэннем экстранных выпадкаў, якія трэба спецыяльна ўзгадняць з кампетэнтнымі ў цэнаўтварэнні органамі.

Але ўсталяванне столі для росту коштаў, падобна, не вельмі дапамагло. Прадукты ў студзені падаражэлі адразу на 1,3%. У чатыры з лішнім разы больш, чым дазволены ўладамі максімум.

Стрымліванне інфляцыі ў гэтым годзе для ўлад з'яўляецца нават не эканамічнай, а палітычнай мэтай. З парушэннем сваіх эканамічных планаў улады яшчэ, можа, змірыліся б. Але калі гаворка заходзіць аб забеспячэнні палітычнай стабільнасці, тут іх ужо нішто не можа спыніць.

«У апошнія гады адбыўся істотны перакос у плане балансу эканамічных і палітычных мэт (на карысць апошніх). Складваецца ўражанне, што ні адна істотная эканамічная страта... не бачыцца значнай пры супастаўленні з дасягненнямі кароткатэрміновых неэканамічных мэт», — гаворыцца ў аглядзе даследчага цэнтра BEROC.

Прынамсі, раней страты прадпрыемстваў і праблемы бізнесу не спынялі беларускія ўлады. Жыццё ва ўмовах цэнавага рэгулявання забіла рэнтабельнасць беларускага гандлю. За дзевяць месяцаў мінулага года яна ўпала да 1,6% з 3,4% годам раней. Траціна кампаній рытэйла не маюць абаротных сродкаў. Прыбытак упаў удвая, колькасць стратных прадпрыемстваў вырасла амаль на 80%. Некалькі буйных гандлёвых сетак згалелі, іншыя знаходзяцца ў стане ліквідацыі.

Пры гэтым улады кажуць, што не бачаць ніякіх негатыўных наступстваў. Трэба думаць, што гэтыя негатыўныя наступствы яны і далей не будуць заўважаць.

«Ні страты прадпрыемстваў, ні нейкія эканамічныя праблемы не будуць разглядацца як істотная цана для дасягнення жаданых паказчыкаў», — гаворыцца ў аглядзе BEROC.

Глядзіце таксама

Пакуль маштаб паскарэння інфляцыі не патрабуе, вядома, ад улад прыняцця мер тэрміновага рэагавання. Можна абысціся кропкавым уздзеяннем. Напрыклад, не даваць дазволу на павышэнне коштаў звыш нарматыўнага ўзроўню, калі пра гэта просяць.

Але за мінулы год у эканоміцы ўжо сфарміраваўся прыстойны інфляцыйны навес. Не ніжэйшы за 5% паводле самых аптымістычных ацэнак. І меншым гэты навес не становіцца. Так што без дадатковых мер цэнавага рэгулявання абысціся, мабыць, не атрымаецца.

«У 2024 годзе абраны спосаб адміністрацыйнага рэгулявання коштаў будзе ў тым ці іншым выглядзе пашырацца, нават на шкоду даходам і фінансавым вынікам прадпрыемстваў», — мяркуе эксперт BEROC.

Глядзіце таксама