Эканамістка: У беларускага ўрада празмерна аптымістычны погляд на эканоміку

Аналітыкі Еўрапейскага банка развіцця выкацілі свой прагноз росту беларускай эканомікі ў 2024-м — яны мяркуюць, што ВУП РБ павялічыцца ў раёне 2%, саступаючы эканомікам Арменіі і нават Таджыкістана. Беларускія ж улады замахваюцца на рост, як у мінулым годзе, — на 3,8%. Чый прагноз больш рэалістычны, тлумачыць эканамістка Анастасія Лузгіна.

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Аналітыкі Еўрапейскага банка развіцця адзначылі ў штотыднёвым макрааглядзе, што асноўнымі драйверамі росту эканомікі Беларусі ў студзені 2024 года сталі прамысловасць і гандаль. Затое будаўніцтва працягвае падаць, як і IT-сфера, а таксама водазабеспячэнне, збор, апрацоўка і выдаленне адходаў.

Па выніках года, на думку спецыялістаў ЕАБР, беларуская эканоміка вырасце прыкладна на 2%, значна саступаючы ў тэмпах эканоміцы Арменіі, а таксама Таджыкістана. Але ва ўрада на гэты конт іншыя планы — нагадаем, улады РБ чакаюць рост 3,8%, у тым ліку за кошт знешніх інвестыцый і ўнутранага попыту. Хто бліжэй да рэальнасці?

— Думаю, бліжэй усё ж такі ЕАБР, у той час як у беларускага ўрада празмерна аптымістычны погляд на эканоміку, — адзначыла ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна. Летась удалося дасягнуць росту ВУП у 3,9%, але гэты рост шмат у чым быў аднаўленчым.

Пасля падзення ў 2022 годзе эканоміка аб'ектыўна пачала аднаўляцца, а мяккая эканамічная палітыка стымулявала гэты рост на аснове нізкай базы.

У бягучым годзе ў нас такой базы ўжо няма. І другі момант, які важна мець на ўвазе: эканоміка Беларусі невялікая, і рэсурсаў для актыўнага росту ў яе не так шмат.

У любой эканомікі, у тым ліку і беларускай, ёсць абмежаванні па вытворчых магутнасцях, працоўных рэсурсах, тлумачыць эканамістка. Напрыклад, кадравы дэфіцыт за мінулы год нікуды не падзеўся, і кваліфікаваных спецыялістаў нярэдка складана знайсці.

Што тычыцца пашырэння магчымасцей вытворчасці, то гэта таксама патрабуе дадатковых інвестыцый і часу. Калі дзяржава вырашыць прадоўжыць стымуляванне — падтрымліваць прадпрыемствы з бюджэту, раздаваць танныя крэдыты — гэта можа прывесці не да эканамічнага росту, а да перагрэву эканомікі і паскарэння інфляцыі, якая пагасіць чаканы рост.

— Адзін з фактараў, якім павінен быць забяспечаны чаканы ўрадам рост эканомікі — гэта рост экспарту, — кажа Анастасія Лузгіна. — Але і тут ёсць праблемы. Пераарыентацыя эканомікі на іншыя рынкі ў большай ступені ўжо адбылася летась, і нарошчваць пастаўкі сваёй прадукцыі на расійскі рынак складана: там і ўласныя прадпрыемствы пачынаюць працаваць больш актыўна, канкурыруючы з беларускімі, і да таго ж прыходзяць кітайцы, якія таксама ствараюць канкурэнцыю.

Тэмпы развіцця расійскай эканомікі адаб'юцца і на беларускай, адзначае экспертка, — верагодна, у бок астуджэння. Таму ўстаноўка ўрада на 3,8% росту ВУП у гэтым годзе выглядае малаверагоднай.

— Хутчэй за ўсё, лічба будзе бліжэйшай да разлікаў ЕАБР. Дарэчы, і BEROC таксама не падзяляе аптымізму беларускага ўрада —прагназуецца рост меншы за 2%.

Мяркуючы па некаторых паказчыках, дадае Анастасія Лузгіна, у Нацбанку РБ сітуацыю таксама ацэньваюць цвяроза і робяць асобныя крокі па ўзмацненні жорсткасці эканамічнай палітыкі. Хоць з абмежавальнымі мерамі, у адрозненне ад Цэнтрабанка РФ, у Беларусі не спяшаюцца. Відавочна, ураду хацелася б атрымаць высокі рост ВУП — але на практыцы гэта наўрад ці будзе магчымым.

Глядзіце таксама