Народ не верыць у «замарозку» коштаў — вынікі апытання

Маніторынг ацэнкі насельніцтвам таго, як растуць кошты, усё яшчэ не публікуецца Нацбанкам. Эксперты праекта «Вашы грошы» вырашылі правесці сваё апытанне інфляцыйных чаканняў беларусаў. Аказалася, што людзі не адчуваюць «замарозкі коштаў» і нізкай інфляцыі.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Раней Нацбанк публікаваў на рэгулярнай аснове інфармацыю аб інфляцыйных чаканнях насельніцтва. Цяпер рэгулятар толькі зрэдку пра гэта прагаворваецца, і тое, толькі тады, калі карціна для яго спрыяльная.

Безумоўна, наша выбарка нерэпрэзентатыўная, але галоўная каштоўнасць нашага апытання заключаецца ў тым, што мы праводзім яго рэгулярна, што дае нам карціну ў дынаміцы. Сёлетняе апытанне — ужо шостае па ліку.

Перад тым, як казаць аб чаканай інфляцыі, давайце паглядзім на тое, як бягучы ўзровень коштаў адчуваецца насельніцтвам. Тут мы бачым сітуацыю, блізкую да восеньскага апытання мінулага года — большасць апытаных ацэньваюць рост коштаў як умераны (41%) і высокі (38%). Тым не менш у студзені 2024 года ў параўнанні з кастрычнікам 2023 года прыкметна вырасла доля апытаных, якія не могуць сказаць (12%), моцна выраслі кошты ці не.

2024_57_3_3_1280x1279.jpg

Верагодна, гэта адзін з вынікаў цэнавага кантролю — калі на шэраг прадуктаў і паслуг стрымліваюць цэны, а іншыя ў гэты час могуць даражэць больш вольна.

У студзені афіцыйны рост коштаў па Белстату ў гадавым выражэнні склаў 5,9%, аднак інфляцыю на такім узроўні адчувае толькі 1% апытаных. Больш за палову ўдзельнікаў апытання сышліся ў меркаванні, што рост коштаў склаў 14%, гэта значыць больш чым удвая перавышаў афіцыйны ўзровень інфляцыі.

У параўнанні з кастрычніцкім апытаннем, вынікі ў студзені бягучага года змяніліся не моцна. Пры гэтым афіцыйная інфляцыя за аналагічны перыяд паскорылася з 3,7% да 5,9%. Гэта значыць, што даныя ўрада і адчуванні насельніцтва пачынаюць ісці насустрач адзін аднаму.

Цяпер непасрэдна пра тое, які рост коштаў чакаюць нашы чытачы. Цяпер большасць апытаных лічаць, што цэны бліжэйшы год будуць расці так жа хутка, як цяпер (45%) або яшчэ хутчэй (38%). Доля людзей, якія не могуць вызначыцца з меркаваннем, вырасла з 5% да 8%, што таксама можна запісаць на рахунак кантролю за коштамі ў краіне.

image_11_1280x1281.jpeg

Тых, хто прадбачаць зніжэнне коштаў да канца года, проста няма. Доля тых, хто лічыць, што цэны будуць стаяць на месцы, складае толькі 1%. Колькасць аптымістаў, якія прадугледжваюць, што кошты будуць расці, але павольней, чым цяпер, склалася на ўзроўні 8%. Выходзіць, што нягледзячы на вельмі жорсткае коштавае рэгуляванне ў Беларусі, яго эфектыўнасць ацэньваецца хутчэй нізка.

Як нашы чытачы прадбачаць інфляцыю на бліжэйшы час у канкрэтных значэннях? Тут таксама мала адрозненняў ад нашага папярэдняга апытання — большасць па-ранейшаму чакае двухзначны рост коштаў, хоць многія эксперты лічаць, што чыноўнікі змогуць утрымаць інфляцыю ў больш нізкіх межах.

2024_60_3_6_1280x1281.jpg

Ацэнкі Нацбанка на бягучы год зыходзяць з інфляцыі па выніках года да 6%. Сярод апытаных у нашым выпадку з такім меркаваннем салідарныя каля 8%.

На практыцы такое становішча спраў абцяжарыць выкананне мэтавых параметраў інфляцыі. Бізнес і насельніцтва будуць дзейнічаць з аглядкай на больш высокі чаканы рост коштаў і закладваць гэтыя чаканні ў свае фінансавыя паводзіны. Дзяржава ж, у сваю чаргу, будзе прымаць рашэнні, зыходзячы з іншых перадумоў.

Глядзіце таксама