Усе з’ехалі. Кватэр для арэнды ў Мінску стала менш амаль удвая, але цэны не растуць
Пасля 2022 года ў Мінску стала істотна змяншацца колькасць кватэр для арэнды. Тады на піку было амаль 6 тысяч, цяпер — толькі 3,1 тысячы. Але цэны на арэнду выраслі ўсяго на 10-12 працэнтаў.
![novy_chas_miensk_bk__24__logo.jpg novy_chas_miensk_bk__24__logo.jpg](/img/v1/images/novy_chas_miensk_bk__24__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У пачатку 2022 года, калі пачалася вайна ва Украіне, у базе кватэр для доўгатэрміновай арэнды было 5,7 тысячы прапаноў. З тых часоў колькасць аб'ектаў пастаянна зніжаецца, за выключэннем некалькіх усплескаў. У лютым здаваліся 2,1 тысячы кватэр, цяпер, у сакавіку, іх колькасць вырасла да 3,1 тысячы, пішуць «Белнавіны» са спасылкай на Realt.by.
Пры гэтым кошт арэнды за год вырас не вельмі значна: напрыклад, аднапакаёвак — на 10%, двушак — на 12%. Цяпер зняць аднапакаёвую кватэру каштуе ў сярэднім $300, двухпакаёвую — $370, трохпакаёвую — $465.
З пытаннем «Куды падзелася нерухомасць?» карэспандэнт «Белсата» звярнуўся да эканаміста, супрацоўніцы даследчага цэнтра BEROC Анастасіі Лузгіной. На яе думку, прапанова сціснулася з-за продажу кватэр эмігрантамі:
«Людзі, якія з'язджалі ў 2020-2022 гадах, спачатку, хутчэй за ўсё, не думалі прадаваць. Аднак праходзіць нейкі час, і людзі вырашаюць набыць жыллё ў той жа Польшчы ці ў іншай краіне. І гэтыя кватэры, якія вісяць у іх у Мінску, прадаюць», — кажа яна.
Продаж кватэр на другасным рынку магло падштурхнуць тое, што дыстанцыйныя здзелкі з нерухомасцю дазволілі толькі з даверанасцямі, аформленымі ў Беларусі, і тыя беларусы, у каго былі менавіта такія даверанасці, паспяшаліся да заканчэння тэрміну дзеяння дакумента. «Таму людзі забіралі сваю нерухомасць з арэнды і прадавалі», — дапускае Лузгіна.
Глядзіце таксама
![Прадаць нерухомасць без фізічнай прысутнасці гаспадара стане немангчыма? Улады хочуць забараніць прадаваць нерухомасць без прысутнасці ўласніка?](/img/v1/images/_belarus_minsk_zima_veczar_nocz_sneh_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__23__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Адна з крыніц пашырэння прапановы арэнднага жылля — так званыя інвестыцыйныя кватэры, якія набываюць якраз для такіх мэтаў. Аднак цяпер такая схема асаблівага прыбытку не дае, адзначыла экспертка.
«Купляць кватэру для здачы ў доўгатэрміновую арэнду — не вельмі прыбытковая справа, бо шмат гадоў цэны арэнды ў доларах не растуць, яны вагаюцца то ўверх, то ўніз. Да таго ж падаражэлі матэрыялы, і на рамонт у кватэры перад тым, каб яе здаць, патрабуецца шмат грошай. Так укласціся і потым здаваць за 200-400 долараў — гэта давядзецца вельмі доўга чакаць, каб інвестыцыі вярнуліся», — тлумачыць Лузгіна.
Пры такім скарачэнні прапановы за апошні час і пры захаванні або росце попыту арэнда нерухомасці павінна была б істотна падаражэць, аднак гэтага не адбываецца. Гэта значыць, нельга казаць, што кватэр на рынку стала менш, таму што ўсе расхапалі.
«Трэба разумець, што людзей у Беларусі становіцца менш. Колькасць жыхароў скарачаецца не адзін год. Тых жа студэнтаў менш, адпаведна, традыцыйны ўсплёск попыту на кватэры ў Мінску ў жніўні-верасні ўжо не такі высокі. Да таго ж будуюцца і рамантуюцца інтэрнаты», — звярнула ўвагу эканамістка.
Таксама не даводзіцца спадзявацца на працоўных мігрантаў, якія прыедуць у Беларусь і пачнуць браць арэнднае жыллё, як гарачыя піражкі. Меркаванне, што кватэр стала менш, таму што наша краіна нейкім чынам прыцягнула работнікаў з-за мяжы, няправільнае.
«Вакансій менш не становіцца. І не павялічваецца колькасць занятых у эканоміцы — наадварот, мы бачым, што гэты паказчык зніжаецца», – падсумавала Анастасія Лузгіна.
Глядзіце таксама
![Як выратаваць маёмасць тым, хто не хоча вяртацца ў Беларусь? Кватэры ў закладніках: як збеглым выратаваць маёмасць?](/img/v1/images/_horad___veska___pamezza___minsk___budaunictva___zylle___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas__2__logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле звестак Белстата, у студзені гэтага года ў эканоміцы былі занятыя 4129,1 тысячы чалавек (мінус 43,8 тысячы год да года). Сярэдняя колькасць занятага насельніцтва на працягу мінулага года — 4152,2 тысячы чалавек, гэта на 62,1 тысячы менш, чым пазалетась.
Даныя Нацыянальнага кадастравага агенцтва сведчаць, што ў Мінску колькасць здзелак з кватэрамі вырасла ў 2023 годзе на 54,6% у параўнанні з 2020 годам.
Актыўнасці пакупнікоў на рынку нерухомасці спрыяюць даступныя крэдыты. З-за мяккай манетарнай палітыкі Нацбанка стаўкі знізіліся, і беларусы пачалі браць больш грошай на куплю кватэр. Прычым, як адзначалі рыэлтары, ахвотна купляюць як новабудоўлі, так і другаснае жыллё, і ў асноўным — каб жыць, а не здаваць.
Паводле інфармацыі рэгулятара, у лютым запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на нерухомасць перавысіла 13,6 млрд рублёў, што на 22% больш, чым было ў пачатку 2022 года.