Расія не раскрывае даныя аб пастаўках нафты на санкцыйны Наваполацкі НПЗ. Але яны ёсць

Улады Расіі не публікуюць звесткі аб пастаўках нафты на Наваполацкі НПЗ (ААТ «Нафтан»), у дачыненні да якога ўведзеныя заходнія санкцыі.

5_29_1.jpg


Згодна з аператыўнай зводкай ЦДУ ТЭК Расіі, расійскія нафтавыя кампаніі ў 2021 годзе знізілі пастаўкі нафты ў краіны блізкага замежжа на 19,9% да 10,7 млн тон. Пад краінамі «блізкага замежжа» ў зводцы ЦДУ значыцца толькі Беларусь, адзначае АФН.

Названы аб'ём складае прыкладна палову аб'ёму, які Беларусь традыцыйна перапрацоўвае на сваіх НПЗ. Зніжэнне аб'ёму паставак з-за засакрэчвання даных па пастаўках на Наваполацкі НПЗ усяго 19,9% (а, да прыкладу, не ўдвая) тлумачыцца тым, што ў 2020 годзе аб'ём расійскага экспарту нафты ў Беларусь упаў з-за фактычнай адсутнасці паставак у 1 квартале на фоне спрэчкі дзвюх краін па пытанні фарміравання цаны на расійскую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь.

Між тым, пастаўкі сыравіны на Наваполацкі НПЗ працягваюцца, пра што красамоўна сведчыць нядаўна ратыфікаванае беларускім бокам пагадненне з РФ аб перавалцы вырабленых у Беларусі нафтапрадуктаў праз расійскія порты. У адным з дадаткаў да дакумента Наваполацк паказаны як станцыя адпраўлення беларускіх нафтапрадуктаў.

3 студзеня расійская кампанія «Транснафта» паведаміла, што ў студзені плануе паставіць на экспарт у далёкае і блізкае замежжа амаль 18 млн тон нафты, у тым ліку 10,67 млн тон нафты будуць адгружаныя праз порты РФ, яшчэ 3,23 млн будуць прапампаваныя па нафтаправодзе «Дружба», які праходзіць праз Беларусь. Яшчэ 2,6 млн. тон сыйдуць у Кітай.

Куды будуць пастаўленыя яшчэ 1,5 млн. нафты, кампанія не ўдакладняе, але лічба адпавядае традыцыйнаму аб'ёму перапрацоўкі нафты на двух беларускіх НПЗ.