«Мы хацелі б бачыць Yara партнёрам у будучыні». У найбуйнейшай газеце Нарвегіі выйшаў артыкул Ціханоўскай
«Беларусы чакаюць больш канкрэтных дзеянняў ад кампаніі Yara», — піша лідарка дэмакратычных сіл.
Супраца Yara з «Беларуськаліем» дае мінскаму рэжыму грошы на ўтрыманне рэпрэсіўнай машыны, піша лідарка беларускага руху за свабодныя выбары ў выданні VG, самым тыражным выданні скандынаўскай краіны.
Яна нагадвае, што Yara абяцала перагледзець сваю прысутнасць
у Беларусі, улічваючы сітуацыю з правамі чалавека. А яна толькі пагоршала.
Ціханоўская нагадвае, што яе муж, Сяргей Ціханоўскі, быў асуджаны на 18 гадоў
турэмнага зняволення.
Яна таксама піша пра поўную неабароненасць працоўнага
чалавека ў Беларусі. Арыштаваныя 9 з 12 лідараў «Рабочага руху», звольненыя
прыкладна 130 супрацоўнікаў «Беларуськалія», расказвае Ціханоўская.
«Агулам на сёння вядома прыкладна 1000 палітвязняў», — піша
Ціханоўская.
«Відавочна, што партнёрства «Беларуськалія» і Yara — частка
апоры рэпрэсіўнага рэжыму. А фінансаванне рэжыму раўназначнае фінансаванню
рэпрэсій».
Ціханоўская заклікае Yara дзейнічаць па прыкладзе 32 іншых
міжнародных кампаній, сярод якіх Rolls Royce, Scandia Steel і British American
Tobacco, і адмовіцца ад супрацы з лукашэнкаўцамі.
«Ранейшых намаганняў Yara, скіраваных на дасягненне перамен да лепшага, недастаткова. Зараз патрэбныя канкрэтныя дзеянні. Мы хацелі б бачыць Yara партнёрам у будучыні, — падкрэслівае Ціханоўская. — Але цяпер для Yara час спыніць супрацу і не спансараваць рэжым».
Паводле «Нашай Нівы».