Банкі і пастаўшчыкі асцерагаюцца ўплыву санкцый на беларускую «нафтанку»

Санкцыі ЗША супраць шэрагу беларускіх кампаній, у тым ліку грандаў «нафтанкі» — «Белнафтахіма» і завода «Нафтан», — набылі моц 3 чэрвеня.

sankcii_bnk.png


Як піша Еўрарадыё са спасылкай на аналітыка ўкраінскай кансалтынгавай групы «А-95», цяпер актыўна шукаюць пастаўшчыкоў нафты для «Нафтану», а галаўны боль выклікае і тое, як праводзіць транзакцыі за пастаўкі.


Паказны аптымізм

Лукашэнка аптымістычны ў прагнозах аб пастаўках нафты ў Беларусь: маўляў, амерыканскія санкцыі нам не перашкодзяць, дый наогул пытання няма.

Але ў расійскіх нафтавых колах такога аптымізму няма: знайсці пастаўшчыка, які не баяўся б гневу Мінфіна ЗША, досыць складана, і рабіць гэта даручана расійскаму Мінэнерга. Шукаюць і розныя «абыходныя шляхі».

«Графіка прапампоўкі на чэрвень [па нафтаправодзе “Дружба”. — Еўрарадыё] на “Нафтан” няма. Трубаправодных паставак нафты на завод у пачатку месяца, хутчэй за ўсё, не будзе», — кажуць крыніцы.

Па іх словах, частка аб'ёмаў паставак можа пайсці на мора, прапрацоўваецца пытанне і дастаўкі чыгуначным транспартам. Але няма рашэння асноўнага пытання: хто будзе адпраўніком нафты?

«Зразумела, ніхто не хоча падстаўляцца пад амерыканскія санкцыі і пастаўляць нафту нават у самай хітрай схеме», — кажуць у нафтавых колах.

Пастаўшчык будзе знойдзены, але працэс можа зацягнуцца, мяркуюць крыніцы. Яшчэ адно пытанне: колькі беларусам давядзецца заплаціць за такую паслугу. Нельга выключаць і варыянт таго, што ў чэрвені «Нафтан» застанецца без сыравіны.


Капейка капейку не беражэ

Беларусь спрабуе пазбегнуць санкцый рознымі шляхамі. Напрыклад, таргі нафтапрадуктамі перанесены з Беларускага нафтавага гандлёвага дома на Беларускую ўніверсальную таварную біржу.

Як кажуць трэйдары, плацяжы Беларускай нафтавай кампаніі «праходзяць са скрыпам» ужо з 20-х чысел траўня. Банкі асцярожнічаюць самі, бо канкрэтных фармулёвак ва Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі ЗША (OFAC) па гэтым пытанні няма.

«Дакладнага тлумачэння адносна беларускага кейса ад амерыканцаў няма, таму сёння юрысты банкаў і трэйдараў самі спрабуюць растлумачыць наяўныя ўводныя», — сказаў кіраўнік кампаніі, якая закупляе буйныя аб'ёмы паліва ў Беларусі.

Аднак «БНК-Україна» ўжо правяла перамовы з украінскімі банкамі: некаторыя гатовыя абслугоўваць плацяжы незалежна ад санкцый. Як варыянт: плацяжы наўпрост з Украіны ў Беларусь, у абыход карэспандэнцкіх рахункаў у Еўропе або ЗША.

«Не зусім ясная сітуацыя вакол “Беларуснафты”. На сайце падсанкцыйнага “Белнафтахіма” была заўважаная інфармацыя пра тое, што канцэрн ёсць кіраўнічай структурай “Беларуснафты”. І хоць абзац ужо выдалілі, ніхто не ведае, як ён можа паўплываць на лёс санкцый у будучыні. Расплывістасць фармулёвак санкцыйных дакументаў адкрывае амерыканцам шырокія магчымасці для ўздзеяння на апанентаў», — робіць выснову выданне.


Як будуць працаваць санкцыі

З 3 чэрвеня амерыканскія санкцыі дзейнічаюць у дачыненні да наступных прадпрыемстваў:

  • «Белнафтахім»
  • «Белнафтахім ЗША»
  • «Нафтан»
  • «Белшына»
  • «Гродна Азот»
  • «Гроднахімвалакно»
  • ААТ «Лакафарба»
  • ААТ «Полацк-Шкловалакно»
  • УП «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»

Дэ-юрэ любыя аперацыі з гэтымі прадпрыемствамі (або з іх «дочкамі», дзе доля большая за 50%) забароненыя для амерыканскіх юрыдычных і фізічных асоб. Такія самыя санкцыі ўжо дзейнічалі калісьці і моцнага ўплыву не мелі. Праўда, цяпер многія эксперты не выключаюць «апасродкаваных санкцый»: праз пазіцыю ЗША прадпрыемствы становяцца досыць таксічным партнёрам, і многія могуць спыняць з імі супрацоўніцтва. Напрыклад, тыя ж расійскія кампаніі, якія прыкметна знізілі пастаўкі нафты ў Беларусь.

Адначасова над чацвёртым пакетам санкцый працуюць у ЕС: у Бруселі абяцаюць, што яны могуць быць у тым ліку і эканамічнымі, а Латвія і зусім заклікае да сектаральных санкцый. Новыя абмежаванні могуць увесці і амерыканцы.