Украіна. Рада прыняла заяву наконт пасадкі самалёта «Ryanair» у Беларусі
Украінскія дэпутаты прызналі дзеянні беларускіх улад з пасадкай самалёта і затрыманнем Пратасевіча пагрозай міжнароднай бяспецы і заклікаюць іх спыніць рэпрэсіі ды вызваліць палітвязняў, паведамляе korrespondent.net.
Вярхоўная Рада на пасяджэнні ў чацвер, 3 чэрвеня, прыняла заяву наконт інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair» у Мінску і затрыманнем апазіцыянера Рамана Пратасевіча. Пастанову падтрымалі 280 дэпутатаў.
«Учыненнем гэтага прымусовага акта пасадкі пасажырскага самалёта беларускія ўлады паставілі пад пагрозу бяспеку пасажыраў і экіпажа. Названыя дзеянні з'яўляюцца парушэннем міжнародных правілаў грамадзянскай авіяцыі і ўяўляюць пагрозу міжнароднай бяспецы, у тым ліку бяспецы руху паветранага транспарту», — гаворыцца ў заяве.
Украінскія дэпутаты заклікалі Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі неадкладна правесці расследаванне гэтага непрымальнага акта з адпаведнымі наступствамі для тых, хто яго здзейсніў.
Вярхоўная Рада таксама асудзіла дзеянні ўлад Беларусі і лічыць іх чарговай праявай наступу беларускіх улад на палітычную апазіцыю, свабоду слова і журналісцкую дзейнасць у краіне.
Дэпутаты заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць Пратасевіча і ўсіх палітычных зняволеных, спыніць бязмежжа і катаванні, якія ўжываюцца органамі бяспекі Беларусі ў дачыненні да змешчаных пад варту грамадзянам Беларусі, а таксама гарантаваць павагу да правоў чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі.
Рада пацвярджае поўную салідарнасць з міжнароднымі партнёрамі, перш за ўсё з дзяржавамі-сябрамі ЕС і ЗША, у тым ліку у пытанні наконт спынення паветраных зносін з Беларуссю.
Парламент таксама цалкам падтрымлівае дзеянні ўрада Украіны наконт прынятых у дачыненні да Беларусі санкцый дзеля забеспячэння бяспекі грамадзянскай авіяцыі і грамадства. Украіна стала адной з першых сярод еўрапейскіх дзяржаў, што ўвялі забарону на выкананне авіяцыйных перавозак паміж Украінай і Беларуссю з 26 траўня 2021 года і ўзмацніла «паветраныя санкцыі» ў дачыненні да беларускіх авіякампаній з 28 траўня.
Раней у МЗС Украіны паведамілі, што падрыхтавалі пакет санкцый супраць грамадзян Беларусі, якія падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку.