«Рост даходаў насельніцтва пашырыў попыт без адпаведнай прапановы тавараў»
Блогер і бізнесовец Аляксандр Кныровіч разважае пра тое, што законы эканомікі не падманеш. Колькі ты не ганарыся нізкай інфляцыяй і ростам заробку, але ў выніку давядзецца прызнаць праўду. І, канешне, зрабіць выгляд, што «ўсё ідзе па плане». Праўда, план нейкі нязграбны…
Ну, план уласна і быў такі. Увесь год выхваляцца маленькай інфляцыяй, каб дажыць да кастрычніка і ўбачыць рэальныя паказчыкі, проста таму, што база мінулага года перастала скажаць гадавыя паказчыкі.
У кастрычніку інфляцыя дасягнула 3,7%, што на 1,7% вышэй, чым было месяцам раней. І МАРГ падзяліўся сваімі меркаваннямі з нагоды гэтай непрыемнасці.
Кажа, так, сапраўды, справа была ў нізкай базе мінулага года, прызнаем. А цяпер яна знікла. Ну і яшчэ з Расіі да нас таксама інфляцыю надзьмула.
Скачкі курсу і забаронныя крэдытныя стаўкі там — не праходзяць бясследна тут.
А яшчэ, ледзь-ледзь паўплываў (неабгрунтаваны) рост даходаў насельніцтва, пашырыў попыт без адпаведнай прапановы тавараў. Але — крышачку, не хапайцеся за валідол, усё ў рамках «мэтавай траекторыі».
Пацешная яна, гэтая траекторыя, што прывяла (за год) да росту коштаў на памідоры на 56,9%, або яблыкаў — на 20,3% (з чаго б?). Ну, а больш за ўсё даражэлі выключна патрыятычныя мяса, хлеб, кандытарскія вырабы, мука, алей і маргарын.
Гадавы план па інфляцыі быў — 7-8%, месяцаў засталося два, і, мяркуючы па іншых, ускосных паказчыках, кшталту росту даходаў або змены коштаў крэдытаў (выключна ўверх), нас чакае рух выключна ў рамках гэтай самай, «планавай траекторыі».
Дарэчы, пра рост даходаў насельніцтва. Секануў урад з пляча і вырашыў павысіць з Новага года мінімальную зарплату, адразу да 626, проста, рублёў! Гульнем! На ўсе 176 EU па цяперашнім курсе.
Ну і куды там нейкім Літве і Польшчы, там жа з 1 студзеня, паглядзеўшы на нас, таксама падымаюць яе, мінімалку, але ўсяго-та — да 924 EU у Літве і да 980 EU у Польшчы. Відавочна зайздросцяць беларускаму дабрабыту!
Калі ж прыкінуць сітуацыю пасля выплаты абавязковых падаткаў, то суадносіны атрымаюцца наступнымі:
Беларусь — 151 EU, Літва — 709 EU, Польшча — 750 EU.
Але добра б загніваючая, замярзаючая і галадаючая Еўропа, але і краіны выключна дружалюбнага аб'яднання, Еўразійскага саюза (ведаеце такі?), таксама імкнуцца парсючка падсунуць.
Па выніках лістапада Арменія абышла Беларусь па памеры сярэдняга заробку.
Ніжэй застаўся толькі Кыргызстан. Ці надоўга?