Кныровіч: Той Беларусі, у якой мы ўсе жылі да 2020 года, куды так цягне «вяртанцаў», больш няма
Малады чалавек з тых, хто з’ехаў, напісаў у камісію для «вяртанцаў» – напэўна, не вытрымаў настальгіі. Не дачакаўся адказу, ірвануў на Радзіму і сеў. Ненадоўга, на год, але паехаў у самую сапраўдную калонію. Яшчэ адной дзяўчыне прыйшоў тэрмін мяняць пашпарт. Заехала ненадоўга і затрымалася на 3 гады «хатняй хіміі» (дзякуй Богу). Такія выпадкі — штодзённая норма, піша на «Белсаце» прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч. Лік затрыманым, адзначае ён, ідзе на дзясяткі, калі не на сотні, але людзі ўсё едуць і едуць. І сядаюць.
Пра гэта пішуць СМІ, тэлеграм-каналы, але інфармацыя не спыняе новых жадаючых выпрабаваць лёс. Як быццам свядомасць не хоча ўпускаць у сябе думку, што ўсё, што адбылося і адбываецца – гэта рэальнасць, а не займальны серыял ад HBO, які можна ў любы момант выключыць і пайсці прагуляцца па «Замку» або Зыбіцкай, зазірнуць на матч хакейнага «Дынама» або заняцца іншымі мясцовымі прыемнасцямі.
Рэальнасць менавіта такая. І звычайны хлопец Рома Бандарэнка быў збіты да смерці. І мастак Алесь Пушкін памёр у турме. І Марына Золатава, рэдактар TUT.by, асуджана на 12 гадоў за выкананне прафесійных абавязкаў.
Праз адміністрацыйныя і крымінальныя суды прайшлі ўжо больш за 50 000 чалавек, якія не здзейснілі нічога супрацьзаконнага. Палітвязняў – 1500 чалавек. Здавалася б, веданне гэтых лічбаў і фактаў павінна не пакідаць сумненняў у адказе на пытанне «Можа, пранясе?», але паток не спыняецца.
Настальгія можа быць страшным, цяжкім пачуццём. На радзіму можа цягнуць так, што ўсё астатняе здаецца неістотным, а рызыкі – прымальнымі. Да самага моманту арышту.
Беларусь змянілася. Той краіны, у якой мы ўсе жылі да 2020 года, куды так цягне «вяртанцаў», больш няма. Вуліцы тыя ж, дамы на іх стаяць, і нават рэстараны новыя адкрываюцца, але «Мой бізнес» на АНТ немагчымы, немагчыма святкаванне 100-годдзя БНР каля Опернага тэатра, а за такія тэксты, якія выдаваў памочнік прэзідэнта Кірыл Руды годзе так у 2015-м, цяпер саджаюць у турму.
І БАТЭ, які перамагае «Баварыю», няма, і «Крумкачоў», якія прарваліся ў вышэйшую лігу, няма. Няма і не будзе. Не будзе проста таму, што эфектыўныя прыватныя праекты цяпер немагчымыя. Як і многае-многае іншае.
У першым квартале 2024-га канцэртная афіша Мінска выглядае так – Шуфуцінскі з Лепсам, Праснякоў і вечна жывы Томас Андэрс. Ну і Бутусаў з Гаршэневым заедуць. Гэта афіша нейкага расейскага абласнога цэнтра, а не сталіцы незалежнай еўрапейскай краіны. Прычым і цэнтр-то так сабе, не з першых.
І гэта яшчэ не самае галоўнае. Людзі. Шмат хто з’ехаў, а колькі маўчаць? Ну вось проста заціхлі па цалкам зразумелых прычынах.
Гаварыць, тварыць сёння небяспечна для жыцця. У кожнага ёсць хтосьці, хто альбо сядзеў, альбо сядзіць, альбо… будзе сядзець.
Будзе-будзе, куды ж дзенецца. Нават ужо мінулыя суды, прызначаныя штрафы, адміністрацыйныя арышты і крымінальныя тэрміны не мусяць супакойваць. Пасля падзей 1917 года больш за 2 млн чалавек пакінулі Расею. Частка з іх (паводле некаторых дадзеных, каля 800 тысяч) вярнулася праз тую самую настальгію і паверыўшы бальшавікам. Ім потым, гадоў праз 10-15, у 1930-х, прыгадалі гэтае вяртанне і ніякія рашэнні «камісій па вяртанні» нікому не дапамаглі – Калыма і расстрэлы.
Ці можа такое здарыцца ў Беларусі? Паспрабуйце знайсці аргументацыю. Чаму? Што павінна спыніць?
Свядомасць беражэ чалавека і, таму «смерць – гэта тое,
што бывае з іншымі». Але, на жаль, гэта адбываецца з намі, і адбываецца проста
цяпер. Нельга дамоў. Там цяпер мянты. Самыя сапраўдныя, не з тэлевізара.