Рыбагадоўля у Беларусі: ад карпа да... чорнай ікры

І рэк, і азёраў мы маем зашмат, як спяваў Аляксандр Кулінковіч, а мораў няма, акіянаў няма. Таму рыбай мы сябе забяспечыць напоўніцу не можам. Гэты пункт нацыянальнай харчовай бяспекі ў Беларусі выконваецца пераважна за кошт імпарту. Між тым, прамысловая рыбагадоўля ў Беларусі пашыраецца і разнастайваецца.

rybhas_zviazda.by.jpg

Рыбная гаспадарка ў Беларусі складаецца з рыбагадоўлі (або аквакультуры), калі таварныя рыбы вырошчваюцца ў адмысловых штучных умовах, і з рыбалоўства, калі рыбы здабываюцца з дапамогай ловаў на натуральных прыродных угоддзях.

Рыбагадоўля — гэта сажалкавая рыбагадоўля, вырошчванне рыбы ў садках, басейнах і ўстаноўках замкнёнага водазабеспячэння. Валастваральнай з’яўляецца сажалкавая рыбагадоўля. Працуе яна паводле Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016–2020 гады — дакладней, згодна з яе падпраграмай «Развіццё рыбагаспадарчай дзейнасці». Перад яе прыняццем у 2015 годзе было атрымана амаль 10 тысячаў тонаў таварнай сажалкавай рыбы. Сёлетняя задача — больш за 15 тысячаў тонаў. Іншыя эканамічныя ўстаноўкі з Дзяжпраграмы: індустрыяльная вытворчасць так званых каштоўных відаў рыбы і вылоўліванне азёрна-рачной — па 1,2 тысячы тоны, скарачэнне да двух гадоў цыклу вырошчвання таварнай рыбы, каб яе сабекошт знізіўся на 15%. А таксама павышэнне рыбапрадукцыйнасці сажалак за кошт павелічэння долі вырошчвання расліннаедных і драпежных рыбаў, каб атрымліваць болей рыбнай прадукцыі без выкарыстання штучных камбікармоў.


Стаўка на карпа

Паводле разлікаў Інстытуту рыбнай гаспадаркі Акадэміі навук Беларусі, «сыходзячы з аб’ёму фактычнага спажывання, рэкамендаванай долі рыбы ў мяса-рыбным балансе пры паўнавартасным харчаванні і наяўнасці крытычнага імпарту (таго, што не можа прадукавацца ўласнымі сіламі), аб’ём унутранай вытворчасці (з улікам аматарскага вылоўлівання) павінен складаць каля 25 тысячаў тонаў. З улікам чынніка самазабеспячэння насельніцтва (статыстычны паказчык аматарскага вылоўлівання для ўласнага спажывання вагаецца ў межах 7,2–7,7 тысячаў тонаў на год), разліковы аб’ём вытворчасці ў 2020 годзе па факце можа скласці да 25,5 тысячы тонаў».

Узровень самазабеспячэння рыбай у Беларусі роўны 15%. Для параўнання, мясам — 135%, малаком — 235%, бульбай — 105%, садавіной і ягадамі — 80%. Штогод апошнім часам мы імпартуем каля 180 тысяч тонаў рыбы і рыбапрадуктаў. Праўда, не толькі, каб усё гэта з’есці, а каб перапрацаваць і экспартаваць. У асноўным у Расію. Калі супраць яе ўвялі харчовыя санкцыі, наш рыбны экспарт туды вырас па некаторых пазіцыях нават больш як у 10 разоў. Так нарадзіліся анекдоты пра крэветкі ў беларускіх азёрах. Расійскі бок дагэтуль заварочвае беларускія грузы з вырабамі з нарвежскіх фарэлі і ласося, да якіх мае ветэрынарныя прэтэнзіі. Свежы такі выпадак адбыўся ў гэтым годзе з кансервамі ад «Санта Брэмар».

Працаўнікі беларускай рыбагадоўлі займаюцца двума дзясяткамі прамысловых відаў рыбаў. У сажалкавай рыбагадоўлі, якае дае асноўны аб’ём вытворчасці, лідар — карп, або сазан. Адразу вызначымся з найменнямі: карп — гэта акультураны, адамашнены сазан, яго падвід. Сазан прадаўгаваты, карп больш акруглены і тоўсты з прычыны больш спакойнага ладу жыцця ў стаячых сажалках.

На карпа прыпадае пад 80% аб’ёмаў прадукцыі ў сажалкавай рыбагадоўлі. Па 3–5% — на карася, таўсталобіка ды амура. Верхаводзіць у рыбнай прамысловасці карп не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце. Бо гэта не толькі карыснае мяса, якое ўтрымлівае да 20% бялку і 10% тлушчу, але і вельмі прадукцыйная рыба. Карп усёедны, пладавіты і хутка расце. На другі год жыцця гэта ўжо паўкілаграмовая рыбіна, трохгодкі важаць ужо з кілаграм. Да ўсяго карпа можна гадаваць разам з іншымі відамі рыбаў — ад таўсталобіка да сама. У выніку сабекошт вырошчвання карпа самы нізкі сярод усіх відаў у нашай рыбагадоўлі.

У карпа шмат розных пародаў: селекцыйная праца не спыняецца. Вучоныя выводзяць гібрыдаў пад асобныя рэгіёны і нават пад канкрэтныя рыбгасы. Ну, і натуральна, разам з высокай прадукцыйнасцю, пароды павінны быць з як мага большай ядомай часткай — у прыватнасці, з адносна малымі галавой і хвастом. Шмат адмыслоўцы Інстытуту рыбнай гаспадаркі працуюць і над рэцэптурамі танных кармоў. Напрыклад, у іх можна дадаваць крупавую мучку — адходы, якія атрымліваюцца пасля шліфавання зерня.


Фарэлізацыя

Між тым, міжнародныя эксперты робяць прагноз, што доля рыбагадоўлі ў сусветнай вытворчасці рыбнай прадукцыі будзе расці — да дзвюх трацінаў у 2030 годзе. Справа ў тым, што рыбалоўчая здабыча дасягнула мяжы — назіраецца нават так званае перавылоўліванне ў натуральных водных угоддзях, а попыт на рыбу сярод спажыўцоў павялічваецца. Перадусім будзе расці гадоўля карпа і асабліва тылапіі, якой хапае ў нашых крамах і да якой у многіх неадназначнае стаўленне. Але праўда і міфы пра падобную рыбу — асобная тэма.

Нашы адмыслоўцы-іхтыёлагі адзначаюць, што развіццё сажалкавай рыбагадоўлі магчымае «толькі за кошт аптымізацыі выкарыстання існых плошчаў у накірунку росту эфектыўнасці дзейных тэхналогій вырошчвання рыбы, у тым ліку праз рэсурсазберажэнне і асваенне навуковых распрацовак». А рост прадукцыі індустрыяльнай аквакультуры прадугледжваецца ў асноўным за кошт выхаду на праектныя магутнасці пабудаваных нядаўна рыбагадоўчых комплексаў і ад узвядзення новых магутнасцяў. Гаворка пра так званыя каштоўныя віды рыбаў — фарэль і асятровыя.

У 2011 годзе іх гадоўля ў Беларусі склала 100 тонаў, а цяпер ужо каля 1 тысячы тонаў. Аснова вытворчасці — фарэль (71%) і асятровыя (28%), малая рэшта прыпадае на афрыканскага сома. Калі карп — гэта рыбны эканом-клас, то фарэль — зразумела, прэміумны. Як мармуровая ялавічына ў жывёлагадоўлі. Як і ёй, фарэлегадоўляй цікавіцца кіраўнік краіны. Летам мінулага года Лукашэнка наведваў адну з такіх гаспадарак на Магілёўшчыне і даручыў актуалізаваць Дзяржаўную падпраграму «Развіццё рыбагаспадарчай дзейнасці». Па яго словах, трэба як мінімум падвоіць вытворчасць рыбы.

Хаця агулам Дзяржаўная падпраграма «Развіццё рыбагаспадарчай дзейнасці» выконваецца, але, аналізуючы сітуацыю, у Інстытуце рыбнай гаспадаркі адзначаюць, што «нягледзячы на некаторы агульны рост, маецца шэраг сур’ёзных чыннікаў, якія стрымліваюць далейшае павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці айчыннай рыбапрадукцыі».

Адсутнасць росту ў рыбалоўстве звязана ў тым ліку са скарачэннем колькасці арандатараў (карыстальнікаў) рыбалоўных угоддзяў. А прычыны нізкай эфектыўнасці вядзення імі рыбалоўства эксперты бачаць, напрыклад, у значных арганізацыйных выдатках на ўладкаванне ўгоддзяў без гарантыі іх акупляльнасці пры фіксаванай квоце вылоўлівання, нестабільных арэндных стаўках і ў абавязковай умове зарыблення ўгоддзяў, нават калі ў гэтым няма біялагічнай мэтазгоднасці. Дарэчы, у структуры прамысловага вылоўлівання дробны і буйны часцікі падзяляюцца прыкладна напалову. Дробны часцік — гэта плоткі, акуні, карасі, буйны — лешч, шчупак, карп. Гэтыя рыбы лічацца не надта каштоўнымі, у тым ліку таму што яны касцістыя.

Часцікам сталі называць такія пароды рыбаў ад сеткі, якой яны вылоўліваліся. Асноўная маса такой рыбы прадаецца на мясцовых рынках па дастаткова невысокіх коштах, што не спрыяе росту рэнтабельнасці такіх рыбных гаспадарак.

Таксама праблемы ў сажалкавай рыбагадоўлі — гэта недастатковая забяспечанасць рыбагадоўчых гаспадарак паўнавартаснымі кармамі і мінеральнымі ўгнаеннямі ў асноўны сезон кармлення (чэрвень-ліпень). Прычына — дэфіцыт крэдытных рэсурсаў на іх пакупку праз складаны фінансавы стан, а таксама высокі кошт рыбных кармоў ад беларускіх камбікормавых заводаў. Гэта, у сваю чаргу, адбіваецца на сабекошце і аб’ёмах рэалізацыі таварнай рыбапрадукцыі. Калі браць індустрыяльную рыбагадоўлю, то тут праблема палягае ў адсутнасці спецыялізаванай лінейкі рыбных камбікармоў належнай якасці для розных каштоўных відаў рыбаў. Асобная праблема ў фарэлегадоўлі — праца на завозным пасадачным матэрыяле, бо няма ўласнай маткавай чарады фарэлі, які забяспечвае патрэбу індустрыяльных комплексаў у такім матэрыяле.

Можна спрагназаваць, што гадоўля каштоўнай і далікатэснай рыбы будзе пашырацца як за кошт унутранага спажывання, так і праз экспартныя перспектывы. Беларуская чырвоная і чорная ікра — гэта ўжо рэчаіснасць.