Рыбы і хібы: карысныя парады спажыўцам
Паколькі беларусы ядуць рыбы мала, то і спажывецкі досвед датычна яе маюць небагаты. «Новы Час» распавядзе пра тое, якая рыбная прадукцыя свежая, якасная і бяспечная і пра верагодныя хітрыкі прадаўцоў.
З восені 2019 года пачаў напоўніцу дзейнічаць тэхнічны рэгламент Еўразійскага эканамічнага саюза «Аб бяспецы рыбы і рыбнай прадукцыі». Уся прадукцыя на тэрыторыі Беларусі цяпер павінна адпавядаць яму, а не нацыянальным патрабаванням, як раней. У тэхрэгламенце гаворыцца, што ён распрацаваны дзеля абароны здароўя людзей і скіраваны на папярэджанне дзеянняў, якія маглі б уводзіць спажыўца ў зман наконт прызначэння і бяспекі рыбнай прадукцыі.
Лёд замест рыбы
Тычыцца ж дакумент уласна рыбы, водарасцяў, бесхрыбтовых у розных выглядах (ад жывых да замарожаных), вэнджанай і сушанай прадукцыі з частак рыбы, рыбных паўфабрыкатаў, дзіцячага харчавання на аснове рыбнай прадукцыі, ікры, рыбных кансерваў, рыбнага тлушчу, фаршу і імітацыяў рыбнай прадукцыі. Так, ёсць і такая: напрыклад, імітаваная чырвоная ікра, якую негурманы і тыя, хто рэдка яе спажывае, хіба не адрозняць ад натуральнай.
Тэхрэгламентам вызначаныя дапушчальныя ўзроўні ўтрымання ў рыбе і рыбнай прадукцыі ветэрынарных прэпаратаў, стымулятараў росту і лекаў, у тым ліку антыбіётыкаў. У маркіроўцы, апрача даты вырабу, тэрміну прыдатнасці і ўмоваў захоўвання, мусяць быць пазначаныя найменне рыбнай прадукцыі, від раздзелкі (напрыклад, філе мінтая) і від апрацоўкі (да прыкладу, марынаванне). Павінна пазначацца маса нета, прычым для марожанай рыбы ці рыбнай прадукцыі — вага без глазуры.
Глазураванне — гэта працэс утварэння абарончага слоя лёду на паверхні марожанай харчовай рыбнай прадукцыі. Паводле тэхрэгламенту, маса глазуры на рыбе не павінна перавышаць 5% яе вагі, на ачышчаных ракападобных — 7% (напрыклад, на крэветках), а на не ачышчаных — 14%. Можна праверыць, як выконваюцца гэтыя пункты тэхрэгламенту, набыўшы замарожаную рыбу і ўзважыўшы яе адразу і пасля размарозкі. Ёсць нарматывы і па ўтрыманні вільгаці ў мышачных тканках рыбы ў залежнасці да яе віду. Рэч у тым, што часам рыбу напампоўваюць спецыяльнымі растворамі і прадаюць нам, па-сутнасці, ваду. Здараецца, што нахабна парушаныя нарматывы і па глазуры, і па вільгаці ў рыбіных мышцах. У выніку рыба нібыта па танным кошце насамрэч абыходзіцца нам у капейчыну-рубельчыну.
Якая рыба самая карысная? Канешне, многія нашы вытворцы рэкламуюць прэснаводную беларускую — і з пачуцця патрыятызму, і дзеля продажаў, але марская рыба больш карысная, чым наша азёрныя ці рачная. Дый хіба яна і смачнейшая. Нездарма і купляе народ болей менавіта морапрадукцыі. Да ўсяго з марской рыбай менш кухарскага клопату. Рыба з нашых рэчак і азёраў папросту больш касцістая. Натуральна, што багата касцістых відаў і ў марскіх рыбаў, але гаворка пра самыя папулярныя ў крамах — мінтай, хек, палтус, траска.
Марская рыба сярод іншага насычае арганізм кіслотамі амега-3 і амега-6, якія ўваходзяць у склад клетак галаўнога мозгу і з’яўляюцца будаўнічым матэрыялам для клетачных мембранаў, зніжаюць узровень халестэрыну ў крыві, мінімізуюць развіццё атэрасклерозу. Дэфіцыт згаданых кіслотаў правакуе рызыку развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Вялікае ўтрыманне фосфару ў рыбе, які лічыцца элементам бадзёрасці, спрыяе працы нервовай сістэмы і павялічвае працаздольнасць. Дзякуючы ёду належным чынам працуе эндакрынная сістэма.
Рыбную дыету лекары рэкамендуюць людзям пры атлусценні, хваробах пячонкі, страўніка і пры праблемах са шчытападобнай залозай. Амега-3 таксама дабратворна ўплывае на вастрыню зроку, стан скуры, валасоў і пазногцяў. Амерыканская асацыяцыя сэрца рэкамендуе з’ядаць мінімум 200 грамаў рыбы на тыдзень — гэта могуць быць ласось, скумбрыя, тунец, фарэль ці сардзіны. А расійскія вучоныя вызначылі рыбу-чэмпіёна па карыснасці: баганідскі галец утрымлівае рэкордныя 33 міліграмы амега-3 на адзін грам.
Галец прадаецца і ў Мінску — па 15 рублёў за кілаграм. Дарэчы, амега-3 лепш спажываць менавіта праз рыбу, а не ў выглядзе дадаткаў кшталту рыбінага тлушчу, эфектыўнасць якіх пад пытаннем. Дарэчы, маецца яшчэ адзін варыянт прыроднага здабыцця амега-3 і амега-6 — алей з ільнянога насення.
Рыба мае шэраг перавагаў перад мясам. У розных гатунках мяса ўтрымліваецца да 18 грамаў чыстага бялку на 100 грамаў, а ў рыбе — да 24 грамаў. Пры гэтым мяса засвойваецца арганізмам чалавека на 89%, а бялок рыбы амаль што цалкам — на 98%! Нарэшце, мяса ператраўліваецца цягам 4 гадзін, а рыба — 2 гадзін. Праверце і параўнайце свой стан і адчуванні страўніка пасля добрай вячэры.
Сакрэты тылапіі
Аднак часам рыбы тояць у сабе небяспеку. Некаторыя віды драпежных рыбаў (тунец, скумбрыя, хек, гарбуша) лекары не рэкамендуюць спажываць жанчынам падчас цяжарнасці і лактацыі. Прычына — у высокім утрыманні ў іх, а таксама ў малюсках, ртуці. Бывае, што людзей палохае свячэнне скумбрыі ў цемры. Гэта праз люмінесцэнтныя бактэрыі, якія жывуць у моры. Пры правядзенні тэрмічнай апрацоўкі яны гінуць і не шкодзяць чалавеку.
Асабліва пільнымі трэба быць у адпачынку ў цёплых краях — напрыклад, у Егіпце. Памятаеце гісторыю, калі ўвосень мінулага года сямейная пара з нашай краіны атруцілася вячэрай у адным з гатэляў Шарм-эль-Шэйха? Дарэчы, атрутны і наш мясцовы вугар. Дакладней, яго сырое мяса і кроў. Але несмяротна. Праўда, калі кроў вугра патрапіць вам на рану, то будзе запаленне. Нічога добрага для здароўя не будзе ад спажывання пангасіуса, які шырока прадаецца ў нас. Гэта — смеццевая рыба, хаця смачная і недарагая.
Смеццевай яе называюць таму, што разводзяць у вʼетнамскай рацэ Меконг, якая лічыцца ці не самай бруднай у свеце праз выкіды ў яе фекалій і бытавога смецця. Пангасіус выжывае нават там, дзе гінуць водарасці. Апрача таго, гэтую рыбу сілкуюць гармонамі росту. Зрэшты, ёсць версія, што такія негатыўныя характарыстыкі хоць і небеспадстаўныя, але перабольшаныя канкурэнтамі — «чорны піяр» у адказ на азіяцкі рыбны дэмпінг.
Падобныя прэтэнзіі гучаць і да тылапіі, якую азіяцкія вытворцы выкарыстоўваюць і як біязнішчальніка бытавых адкідаў. Апрача таго, якраз тылапію напампоўваюць поліфасфатамі, каб мышачныя тканкі ўтрымлівалі вільгаць і павялічвалі вагу. У філе робіцца ін’екцыя воднага раствору гэтых поліфасфатаў, пасля чаго яно замарожваецца. Так рыбіна набухае і можа павялічыцца ў вазе да 50%. Адпаведна, столькі ж мы і пераплачваем. Думаю, вы не раз, смажачы такую рыбу, маглі здзіўляцца, як шмат на патэльні яна губляе ў памерах. А яшчэ становіцца шараватай. Зрэшты, гэта можна зразумець і да гатавання на этапе размарозкі. Калі на рыбіне глянец — гэта эфект поліфасфатаў.
Таксама мы вывучылі доследы расійскай некамерцыйнай арганізацыі «Расякасць», якая па даручэнні расійскага ўраду праводзіць лабараторнае вывучэнне розных тавараў, у тым ліку харчовых. Паколькі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на расійскім рынку багата, то рэгулярна даследуецца і яна.
Вынікі станоўчыя. Напрыклад, філе сёмгі слабасалёнае ад «Санта Брэмар»: вонкавы выгляд прэтэнзіяў не выклікае, гельмінтаў не знойдзена, таксічных элементаў таксама, вытворца выкарыстаў кансерванты ў меру, далі б расійскі «Знак якасці», але прадукцыя беларуская. Такі спрэчны прадукт, як крабавыя палачкі, таксама прызнаны якасным і бяспечным: «Не ўтрымліваюць кансервантаў і сінтэтычных фарбавальнікаў». Разам з тым: «У складзе крабавых палачак не было знойдзена пабочных ДНК (соі і кукурузы), аднак у іх надта шмат крухмалу».
А вось іншая арганізацыя «Раскантроль» нібыта знайшла ў той самай беларускай сёмзе кансервант, якога быць не павінна: «Экспертыза выявіла ўтрыманне кансерванту Е211 (бензаат натрыю). Між тым, вытворца пазначыў на этыкетцы, што прадукт «Без кансервантаў». Гэта кваліфікуецца як падман спажыўца, нават нягледзячы на тое, што ўтрыманне бензаату натрыю не перавышае межы, устаноўленыя тэхнічным рэгламентам і санітарнымі нормамі. Таксама экспертыза выявіла неадпаведнасць інфармацыі што да ўказання харчовай вартасці. Фактычная масавая доля бялку аказалася на 22% меней, чым заяўлена ў маркіроўцы».
Што называецца, каму хочаце — таму і верце...