Сусветны банк прагназуе эканамічны спад у Беларусі ў 2015—2016 гадах
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2015—2016 гадах знізіцца ў рэальным выражэнні ў выніку слабага знешняга попыту і больш нізкіх цэн на нафту. Такі прагноз утрымліваецца ў макраэканамічным аглядзе Сусветнага банка.
«Мы мяркуем, што ВУП Беларусі ў рэальным выражэнні паменшыцца на 3,5% у 2015 годзе і на 1% у 2016 годзе. Толькі ў 2017 годзе мы чакаем вяртання беларускай эканомікі на траекторыю росту», — заявіў на прэзентацыі макраэканамічнага агляду старшы эканаміст Сусветнага банка Руслан Піянткоўскі. Ён таксама зазначыў, што інфляцыя ў краіне ўсё яшчэ захоўваецца высокай і чакаецца банкам на ўзроўні 18,8% у 2015 годзе.
На думку экспертаў Сусветнага банка, палітыка стымулявання ўнутранага попыту ў Беларусі, якая з'яўлялася асноўнай крыніцай росту ў папярэднія гады, вычарпала сябе. У той жа час, дадаюць яны, нафтавая галіна не здольная стаць драйверам эканамічнага росту Беларусі з прычыны нізкіх сусветных цэн на нафту, перадае БелаПАН.
«Улічваючы, што прадукты нафтаперапрацоўкі складаюць адну шостую частку прамысловага выпуску і больш за траціну беларускага экспарту, а цэны на нафту прагназуюцца на нізкім узроўні, гэта акажа неспрыяльнае ўздзеянне на знешнія рахункі, даходы бюджэту і, як вынік, на эканамічны рост», — гаворыцца ў аглядзе.
На думку экспертаў Сусветнага банка, аслабленне беларускай эканомікі створыць ціск на рэальную заработную плату і можа прывесці да росту беспрацоўя, «тым самым ствараючы рызыкі павышэння ўзроўню беднасці».
«Аптымальнымі мерамі палітыкі, што прымаюцца ў адказ на існуючыя рызыкі, сталі б павышэнне празрыстасці і адраснасці сістэм сацыяльнай абароны з адначасовым паскарэннем структурных пераўтварэнняў для павышэння вытворчага патэнцыялу эканомікі», — рэкамендуюць беларускім уладам эксперты Сусветнага банка.
На думку эканамістаў банка, палітыка макраэканамічнай стабілізацыі, што праводзіцца ў краіне, «сама па сабе недастатковая для аднаўлення росту. Без структурных рэформ існуючыя дысбалансы і ўразлівасць, верагодней за ўсё, узмацняцца».
У сувязі з гэтым эксперты Сусветнага банка рэкамендуюць беларускім уладам пайсці па шляху структурнай трансфармацыі эканомікі, якая б уключала меры па трансфармацыі сектара дзяржпрадпрыемстваў, перагляд механізму размеркавання фінансавых рэсурсаў, падтрымку развіцця прыватнага сектара.
«Некаторыя меры па ўзмацненні патэнцыялу росту могуць быць рэалізаваныя ўжо ў 2015—2016 гадах. Такімі мерамі могуць стаць зацвярджэнне плана з дакладна абазначанымі тэрмінамі па скарачэнні рэсурсаў, якія размяркоўваюцца праз розныя каналы дзяржаўнай падтрымкі, і ўказаннем канкрэтных колькасных штогадовых мэтавых паказчыкаў», — лічаць эксперты Сусветнага банка.