Правал па ўсіх франтах: Белстат апублікаваў эканамічныя паказчыкі за першы квартал
Афіцыйная беларуская статыстыка зафіксавала ў першым квартале 2015 года падзенне ВУП, спад вытворчасці і рост інфляцыі.
Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі падвёў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за першыя тры месяцы года. Прагнозныя паказчыкі, зацверджаныя Аляксандрам Лукашэнкам 1 снежня мінулага года, і фактычныя лічбы не супадаюць амаль ні па якіх параметры, перадае Радыё Свабода.
Згодна з дадзенымі статыстычнага ведамства, пры прагнозе росту валавога ўнутранага прадукту ў параўнанні з першым кварталам мінулага года ў 100,7% за першыя тры месяцы 2015 зафіксавана падзенне больш чым на 2%.
Экспарт тавараў і паслуг без уліку нафты і нафтапрадуктаў ўпаў амаль на 25 працэнтаў — да ўзроўню 76,4% у параўнанні з першым кварталам 2014-га.
Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва таксама ўпалі — на 3% ў параўнанні з мінулым годам.
Статыстыка сведчыць, што прадпрыемствы па-ранейшым працуюць на склад. Гатовай прадукцыі зараз назапашана амаль 84% да сярэднямесячнага аб’ёму прамысловай вытворчасці — пры тым, што крытычным лічыцца ўзровень 70 працэнтаў.
Нягледзячы на тэндэнцыю працы на склад, амаль у 4 разы вырасла колькасць рабочых, якія працавалі няпоўны час. Толькі ў лютым такіх было 63.638 чалавек. У вымушаных адпачынках было 37.769 чалавек, а гэта ў 2,3 разы больш, чым у лютым мінулага года.
Пры гэтым статыстыка зафіксавала рост спажывецкіх коштаў у памеры 116,7% у параўнанні з першым кварталам 2014-га года.
Як заўсёды, Белстат піша: “Дадзеныя папярэднія і ў будучыні могуць быць удакладненыя”.