Ваенны парад у Мінску абыйдзецца ў больш чым мільён долараў

Па словах вайскоўцаў, калі б параду не было, гэтыя грошы ўсё роўна б сышлі на трэніроўкі арміі.



parad_rep.jpg

Пытанне кошту параду падымаецца кожны раз перад гэтай урачыстай падзеяй. Аднак дакладную лічбу ніколі не агучвалі. Чатыры гады таму кошт параду назвалі ў каўбасе, піша «Комсомольская правда в Белоруссии».

«Мы спецыяльна палічылі, як можна было б выкарыстоўваць сродкі, якія выдзяляюцца ў рамках ваеннага бюджэту на парад войскаў, — пісаў у сваім артыкуле, апублікаваным у 2011 годзе ў «Беларускай ваеннай газеце», начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны палкоўнік Уладзімір Макараў. — Аказваецца, прапанаваная эканомія сродкаў дастатковая, каб выдаць не больш чым па 10 грамаў каўбасы кожнаму жыхару рэспублікі».

Чыноўнік тады не ўдакладніў, які менавіта гатунак каўбасы ўлічваўся пры падліках, пры гэтым адзначыў, што гаворка ідзе пра самую танную каўбасу.

На гэтую заяву імгненна адрэагаваў інтэрнэт:

parad_kolbasa.jpg

Сёння Макараў агучыў новую інфармацыю, якая дазволіла «Камсамолцы» палічыць больш дакладны кошт.

«Сэнс парада і яго кошт заключаецца ў пераемнасці традыцый, найвышэйшым маральным духу, патрыятызме, гонару за нашу вялікую гісторыю і добрым стаўленні да перамогі, — заявіў Уладзімір Макараў. — Што тычыцца лічбаў, то мы можам казаць толькі аб ўмоўным кошце параду. Таму што па-за залежнасцю ад канкрэтных формаў ваеннай дзейнасці ў частцы выканання дзяржаўных задач, на год ваеннаму ведамству вылучаецца пэўная сума сродкаў, у рамках якой і ажыццяўляюцца ўсе мерапрыемствы. Гэтыя сродкі ў апошнія гады не перавышаюць 1% ВУП. Што тычыцца кошту параду, то па вопыту папярэдніх гадоў на яго выдаткоўваецца менш 0,2% тых сродкаў, якія вылучаюцца ваеннаму ведамству. Па-за залежнасцю ад наяўнасці параду, вайскоўцы ўсё роўна б займаліся баявой падрыхтоўкай, тэхніка б выкарыстоўвалася для вучэбна-баявой дзейнасці, харчаванне, перавозка і ўсё астатняе».

Па дадзеных Нацыянальнага банка Беларусі, у 2014 годзе ВУП нашай краіны склаў 778,4 трыльёна рублёў — гэта прыкладна 65,7 мільярда долараў (па курсе на канец мінулага года). Гэта значыць, што на патрэбы ваеннага ведамства ў мінулым годзе вылучылі прыкладна 657 млн. долараў (1% ад ВУП). Значыць, кошт параду прыкладна складае 1,3 мільёна долараў (0,2% ад сродкаў, што выдзяляюцца на ваенныя патрэбы).