Бязвізавы рэжым з Ізраілем можа запрацаваць у верасні. А можа і не запрацаваць

Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал мяркуе, што бязвізавы рэжым паміж двума краінамі пачне працаваць у верасні, але папярэдзіў, каб яго «не хапалі за язык», паколькі ўсё можа змяніцца.



jidy.jpg

«Нам крышачку не пашанцавала. У Ізраілі прайшлі датэрміновыя парламенцкія выбары, і цяпер ідзе працэс фармавання ўрада. Увесь пакет дакументаў, звязаны з адменай візавага рэжыму з Беларуссю, пакуль проста ляжыць у стосе, таму што цяперашні ўрад не мае паўнамоцтваў яго зацвярджаць, гэта можа зрабіць толькі новы ўрад», — сказаў Шагал ў аўторак на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Па словах дыпламата, мяркуецца, што да 12-15 мая ўрад Ізраіля будзе сфарміраваны. «Літаральна адразу, як будзе зацверджаны ўрад, на першым пасяджэнні, я думаю, гэтае пытанне (адмена візавага рэжыму) у ліку іншых важных будзе вырашана. Вось з гэтага моманту, як будзе ратыфікаваны пакет дакументаў, дадайце 90 дзён. Значыць, хутчэй за за ўсё, будзе адменены візавы рэжым у верасні», — растлумачыў пасол.

«Але не хапайце мяне за язык, я як і вы хачу, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Будзем спадзявацца, што ўсё адбудзецца, як я сказаў», — падсумаваў Шагал.

Як паведамлялася, Беларусь у студзені завяршыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па ратыфікацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Ізраіля аб адмене віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў.

Пагадненне прадугледжвае, што грамадзяне дзяржаў — удзельніц пагаднення, якія з’яўляюцца ўладальнікамі сапраўдных нацыянальных пашпартоў (за выключэннем дыпламатычных і службовых), вызваляюцца ад неабходнасці атрымання прадугледжаных законамі і правіламі дзяржавы знаходжання віз для ўезду на тэрыторыю або выезду з тэрыторыі іншай дзяржавы з мэтай візіту або знаходжання, які не перавышае 90 дзён на працягу 6 месяцаў з даты першага ўезду. Тыя ж, хто мае намер перавысіць дадзены ліміт альбо збіраецца ажыццяўляць працоўную, камерцыйную ці іншую дзейнасць, якая прыносіць даход, абавязаны загадзя атрымаць візы.

Кожны бок захоўвае за сабой права адмовіць ва ўездзе ў сваю дзяржаву грамадзянам дзяржавы другога боку, якіх яна лічыць непажаданымі, або скараціць тэрмін знаходжання такіх грамадзян на сваёй тэрыторыі.

Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Ізраіля уступае ў сілу праз 90 дзён з даты атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага паведамлення, якімі бакі інфармуюць адзін аднаго аб выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу гэтага дакумента.

Іnterfax.by