Што не так з марамі Крутога пра «беларускі порт ва Уладзівастоку»?
Спосабы выхаду да мора не даюць спакою беларускім уладам і чыноўнікам. Не менш за тры гады ідзе пра гэта размова, а рэальных пасоўванняў у сітуацыі няма. Цяпер яны загаварылі пра новы праект. Цяпер — ва Уладзівастоку.
Пра «беларускі порт» на Далёкім Усходзе зноў загаварыў амбасадар Беларусі ў Маскве Дзмітрый Круты. На думку чыноўніка, ён будзе звязаны з Паўночным марскім шляхам і паслужыць для паставак прадукцыі ў Кітай, пішуць «Белнавіны».
«На Далёкім Усходзе існуе жаданне даць беларусам свой уласны порт з прывязкай да Паўночнага марскога шляху. З губернатарам Прыморскага краю мы дамовіліся, што па прыкладзе Балтыкі і Мурманска, якія цяпер знаходзяцца ў стадыі актыўнай рэалізацыі, тут чакаюць каманду нашых спецыялістаў, якія ўжо маюць вопыт падрыхтоўкі такога бізнес‑плана і тэхніка‑эканамічнага плана ўдзелу ў партовых праектах. Губернатар сказаў, што любы варыянт магчымы: прамы беларускі ўдзел, стоадсоткава беларускі порт, долі 50/50, сумесная дзейнасць, сумеснае інвеставанне, сумесны прыбытак і гэтак далей. Мы павінны ў звязку з рэгіёнамі (Камчатка, Магадан) вызначыць наменклатуру грузаў у два бакі. Аднабаковы рух тут немагчымы, ніводная эканоміка гэтага не вынесе. Але калі мы знойдзем двухбаковыя патокі грузаў і з прыцэлам яшчэ на Кітай, то ўсё гэта стрэліць», — заявіў Круты ў інтэрв'ю SB.by.
У матэрыяле выдання таксама гаворыцца, што Круты падчас сустрэчы з губернатарам Магаданскай вобласці Сяргеем Носавым абмяркоўваў магчымасць убудавання беларускіх экспарцёраў у перспектыўныя ланцужкі транзіту па Паўночным марскім шляху. У адзін бок маглі б ехаць беларускія прадукты харчавання і мэбля, у адваротны — рыба і магаданская крэветка. Акрамя таго паведамляецца, што пад Уладзівастокам у 2023 годзе запрацаваў аптова‑размеркавальны цэнтр «Прыморскі», у якім пад беларускія тавары адведзена некалькі павільёнаў.
Страціўшы сувязь з літоўскімі і ўкраінскімі партамі, кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь актыўна шукае новыя лагістычныя шляхі. У прыватнасці, праз порт рыбны ва Уладзівастоку спрабаваў адгружаць у Кітай сваю прадукцыю «Беларуськалій». У чэрвені 2022 года міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло запэўніваў, што «знайшоў нядрэнны ход праз порт Уладзівастока» і такім чынам «атрымалася нават хутчэй, чым праз Адэсу».
Сам Брыло з таго часу перайшоў на пасаду памочніка-інспектара па Віцебскай вобласці, а ў лістападзе быў затрыманы па так званай «малочнай справе». Запатрабаванасць жа такога маршруту застаецца велічынёй невядомай.
У мінулым годзе ў размове з губернатарам Прыморскага краю кіраўнік Беларусі скардзіўся на тое, што «адлегласць накладвае пэўны адбітак» на супрацоўніцтва.
Але ў першую чаргу праблемы ўзнікаюць з-за перагружанасці чыгунак, якая стала вынікам абвешчанай у Расійскай Федэрацыі палітыкі развароту на Усход. «Чыгункі не спраўляюцца з гэтым патокам. Уладзімір Уладзіміравіч распавядаў пра гэта на апошняй нашай сустрэчы ў Маскве. Гэта факт», — казаў Лукашэнка ў чэрвені.
Дый сам Круты раней прызнаваў, што цяпер беларуска-далёкаўсходні абарот шматкроць ніжэйшы, чым толькі ў адной кітайскай правінцыі з адным толькі Хабараўскім краем.