«Усходні фронт»: пачатак?

Пуцін шчоўкнуў па носе Лукашэнку. Зазвычай першы замежны візіт новаабраны кіраўнік дзяржавы здзяйсняе да бліжэйшага саюзніка. Гэта не дыпламатычны пратакол, але непрапісаная традыцыя.

0267c92d75cd.jpg

А Пуцін першы візіт здзейсніў у Аўстрыю. Гэта не вельмі здзіўляе: у складзе цяперашняга аўстрыйскага ўрада — Партыя свабоды, адна з найбольш пракрамлёўскіх палітсілаў Еўропы, а канцлер Себасцьян Курц выказваўся за замену санкцый супраць Расіі нейкай «больш гнуткай» сістэмай. Да таго ж, з 1 ліпеня ў рамках прынятай у ЕС ратацыі Аўстрыя на паўгода стане старшынёй Еўрапейскага саюза. А ў канцы чэрвеня на саміце ЕС будзе вырашацца пытанне аб падаўжэнні еўрапейскіх санкцый супраць Крамля.

І таму першы візіт Пуціна ў Аўстрыю — відавочны сігнал таго, што еўрапейскія санкцыі для нашай суседкі — усё ж балючыя. І Расія мае намер замірыцца з Еўропай. Але як гэта будзе атрымлівацца на справе — вялікае пытанне.

Беларускаму ж кіраўніцтву Пуцін прадэманстраваў яго сапраўднае месца ў новай сістэме расійскіх каштоўнасцяў. Ад Сінявокай мала што залежыць — раз, мы ўжо не самы блізкі сябра — два. Пытанне толькі ў тым, як далей да Беларусі будзе ставіцца Крэмль. Альбо прасаваць як не роднага, альбо ставіцца як да свайго рэгіёну. Ні тое, ні тое беларускаму кіраўніцтву не спадабаецца.

Але зрабіць з гэтым беларускі ўрад і айчыннае кіраўніцтва наўрад ці што зможа — найперш па эканамічных прычынах.

Днямі прэм’еры Расіі і Беларусі Мядзведзеў і Кабякоў абмеркавалі двухбаковыя адносіны і перспектывы развіцця ўзаемадзеяння ў рамках удзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў кабінетаў міністраў СНД. У матэрыялах да іх сустрэчы адз­начаецца, што Масква дае Мінску маштабную фінансавую дапамогу для падтрымкі беларускай эканомікі і стабілізацыі сацыяльна-эканамічнага становішча Беларусі ва ўмовах паэтапнага пераходу на рынкавыя прынцыпы ў двухбаковым гандлёвым супрацоўніцтве. І гэтыя лічбы вельмі не радуюць.

Па-першае, ёсць крэдыт на будаўніцтва АЭС, якая пакуль што, па словах Лукашэнкі, ніяк не ўбудоўваецца ў эканоміку Сінявокай — $10 мільярдаў. Астатняя запазычанасць Беларусі па расійскіх дзяржкрэдытах на сярэдзіну траўня 2018-га склала $6,3 мільярда і каля 60 мільярдаў расійскіх рублёў.

Акрамя таго, у 2016 годзе Савет Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР пераважна складаецца з грошай Расіі) вырашыў даць фінансавы крэдыт Беларусі на $2 мільярды на фінансаванне праграм макраэканамічнай стабільнасці.

Такім чынам, без АЭС (!) мы вінныя Расіі каля $9 мільярдаў! І аддаваць іх давядзецца з працэнтамі. Чым расплачвацца будзем?

Прычым, Расія — краіна непрадказальная. Падавалася б, што ў іх урадзе змянілася ў сувязі з пераабраннем Пуціна? Нічога. Але, нягледзячы на гэта, пад фішкай «змены ўраду» яны парушаюць яшчэ не так даўно падпісаныя дамоўленасці.

Напрыклад, у сярэдзіне сакавіка Расія і Беларусь падпісалі дарожную карту па працэдуры зняцця абмежаванняў на пастаўкі ў Расію беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі на 2018 год, у тым ліку — «малочкі». Зараз Рассельгаснагляд заявіў аб увядзенні з 6 чэрвеня часовых абмежаванняў на пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі. Гаворка ідзе пра сыравіну, у тым ліку ў спажывецкай упакоўцы аб’ёмам больш за 2,5 літра. Ключавымі пазіцыямі Беларусі тут былі сухое малако, вяршкі і сыроватка. Як паведамляе расійскае ведамства, рашэнне прынятае «ў сувязі з неабходнасцю прыняцця мер у сувязі з паступленнем небяспечнай малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь у Расійскую Федэрацыю».

«Мы падпісалі ўсе дакументы і «дарожную карту», каб урэгуляваць гэтую праблему. Але сёння ў сувязі са зменай урада ў Расіі вялікая частка абавязацельстваў не выконваецца, хоць Беларусь сваю частку выконвае. І чакае, што ў бліжэйшы час новае кіраўніцтва таксама будзе выконваць гэтыя дамоўленасці», — абурыўся наш прадстаўнік у ЕАЭС Сяргей Сідорскі.

Больш за тое, Сідорскі адз­начыў, што аб прынятым Рассельгаснаглядам рашэнні ён даведаўся толькі ўвечары 4 чэрвеня. Але так і не змог атрымаць адказ — хто яго, гэтае рашэнне, прыняў. «Буду ў Маскве, буду разбірацца», — падсумаваў Сідорскі. Паводле яго меркавання, гэта «рашэнне аднаго-двух чалавек, якія ў Рассельгаснаглядзе праводзяць уласную палітыку».

Так што праблемы «на ўсходнім фронце» нас чакаюць даволі вялікія. І, мажліва, гэта сапраўды будзе «фронт» — толькі не вайсковы, а гандлёвы.

Супрацьпаставіць гэтаму фронту нешта ў эканамічным плане нам будзе складана. І не толькі з вышэйпададзеных паказчыкаў нашага доўгу. Напрыканцы траўня Мінфін зрабіў справаздачу «Аб стане дзяржаўных фінансаў Рэспублікі Беларусь у студзені-сакавіку 2018 года». І яна выклікае пэўныя непаразуменні.

Згодна са справаздачай, у нас усё добра. Рост ВУП у I квартале 2018 года склаў 5,1% у супастаўных цэнах. Цэны на спажывецкім рынку выраслі толькі на 2,5%. Праўда, гэты паказчык інфляцыі можна паставіць пад сумнеў, бо ён разлічваецца, зыходзячы з абмежаванага пераліку тавараў, якія выкарыстоўваюцца Белстатам для ацэнкі інфляцыі ў Беларусі.

Рост аб’ёму знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў 25,5%. Дадатковы плюс гэтага паказчыка звязаны з дасягненнем станоўчага сальда знешняга гандлю ў $320 тысяч USD, у той час як у мінулым годзе сальда было адмоўным (мінус $230 тысяч).

Але ў той жа час скараціўся памер прыбытку беларускіх прадпрыемстваў. Агульная сума чыстага прыбытку (пасля выплаты падаткаў) за I квартал 2018 года склала 1,9 мільярда рублёў, што на 25% менш аналагічнага перыяду мінулага года.

То-бок, рост ВУП у 5,1% — гэта праца «на склад», бо ВУП у нас па-ранейшаму лічыцца ад створанай, а не прададзенай прадукцыі.

Гэта ж пацвярджае яшчэ адзін паказчык — падаткі на дададзеную вартасць. Гэта той падатак, які закладаецца ў цану тавару ў краме. У I квартале 2018-га рост паступленняў ПДВ склаў 4,5%. Што не суадносіцца з ВУП 5,1%. То-бок, 0,6% тавараў І кварталу гэтага года асела на складах.

Калі Расія працягне закрываць ад нас свае рынкі, нам прыйдзецца вельмі складана. Плошчы складоў — не гумовыя.