«Узбекістанскі ПВТ» апярэдзіў па рэзідэнтах беларускі. Топ-8 IT-кампаній у Ташкенце з Беларусі
У першай палове 2023 года ўзбекістанскі IT Park абагнаў па колькасці рэзідэнтаў беларускі ПВТ. Але азіяцкі праект існуе з 2019 года, а беларускі праз два гады адзначыць сваё 20-годдзе, нагадвае Thinktanks.by.
Частка рэзідэнтаў беларускага ПВТ працягнула рэлакавацца ў Ташкент, дзякуючы чаму мясцовая «IT-суполка» пераваліла праз першую дзясятку рэзідэнтаў.
Thinkthanks.by вывучыў, як беларускі IT-бізнес лакалізуецца ва Узбекістане, і склаў топ-8 самых вядомых яго прадстаўнікоў, якія пасяліліся ў 2019–2023 гадах у гэтай цэнтральна-азіяцкай краіне.
Узбекістанскі IT-рывок
Аргументамі, якія прымусілі беларускіх уладальнікаў адкрываць офісы на ўсходзе, сталі як палітычная і эканамічная сітуацыя на радзіме і ў навакольным яе рэгіёне, так і прапанаваныя мясцовымі ўладамі льготныя ўмовы.
Статус рэзідэнта IT Park дае істотныя падатковыя льготы.
- Так, калі ўсе плацяць карпаратыўны падатак у памеры 4–15%, то рэзідэнты IT Park ад яго вызваленыя.
- Сацыяльны падатак для нерэзідэнтаў складае 12%, для рэзідэнтаў — 0%.
- Падаходны падатак для нерэзідэнтаў складае 12%, а для рэзідэнтаў — 7,5%.
- Нерэзідэнты абкладаюцца ПДВ на паслугі, якія імпартуюцца, а рэзідэнты — не.
Па выніках 2023 года колькасць рэзідэнтаў IT Park склала 1652. За год яна павялічылася амаль напалову – на 767 кампаній. Больш за 250 бізнесам было адмоўлена ва ўступленні ў парк. Для параўнання: афіцыйны сайт Беларускага ПВТ пазначае, што цяпер у ім знаходзіцца 1018 кампаній. Прыкладна столькі іх было ў пачатку 2023 года.
За 11 месяцаў 2023 года аб'ёмы экспарту рэзідэнтаў IT Park удвая перавысіў узровень 2022 года — і склаў 280 мільёнаў долараў. Галоўнымі спажыўцамі прадуктаў і паслуг былі кліенты ў Паўночнай Амерыцы (43% ад усяго аб'ёму), а таксама ў ЕС і Вялікабрытаніі (37%). Прыкладна 6% экспарту прыпала на Сінгапур і 4% — на краіны Персідскага заліва.
Новыя ўдзельнікі «ўзбекістанскага ПВТ» працаўладкавалі ў 2023 годзе каля 6,5 тысячы чалавек. А ўсяго ў яго кампаніях працуе цяпер каля 25 тысяч супрацоўнікаў.
Звыш чвэрці ўдзельнікаў IT Park — гэта кампаніі з замежным капіталам. Сярод іх пераважаюць бізнесы з краін Еўрасаюза, ЗША, Расіі. Ёсць капіталы з Украіны, Швейцарыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Амана, Сінгапура, Грузіі, Паўднёвай Карэі і г.д.
Свае цэнтры распрацоўкі ў Ташкенце адкрылі такія вядомыя сусветныя кампаніі, як Wework, Booking, Havas Media, Genesis Corp., Group-IB. Ёсць дастаткова шмат бізнесаў, якія да нядаўніх часоў рабілі стаўку на беларускі ПВТ — Exadel, LeverX International, Colvir і інш.
Даччыную кампанію (East West) адкрыў у IT Park расійскі распрацоўшчык гульняў «Леста». Да 2022 года ён уваходзіў у структуру беларускай Wargaming Group. У 2023 годзе рэзідэнтам парку стала і дачка вядомай у Беларусі кампаніі SoftClub — Software SC Group MA. SoftClub з мінулага года належыць міжнароднай групе Noventiq.
У сваіх прэс-рэлізах адміністрацыя IT Park у якасці «зорных удзельнікаў» пастаянна вылучае інвестараў з Беларусі. Летась да іх дадалося яшчэ каля 5 бізнесаў.
Топ-8 беларускіх рэзідэнтаў IT Park ва Узбекістане
EPAM Systems
Калі: 2019
Самая буйная і вядомая IT-кампанія, створаная беларусамі, стала першапраходцам на ўзбекістанскай зямлі.
Аднайменная дачка зарэгістравалася рэзідэнтам у канцы 2019 года ў ліку першых 200 удзельнікаў парку.
У гэтым рэгіёне EPAM Systems таксама прадстаўлена ў Казахстане.
Vention
Калі: 2021
Некалі адзін з галоўных працадаўцаў у беларускай IT-галіне, які называўся да мінулага года iTechArt Group, адкрыў офіс у Ташкенце ў канцы 2021 года.
Vention узначаліла ўзбекістанскі кірунак зыходу IT-бізнэсаў з радзімы, які пачаўся пасля 2020 года.
iTransition
Калі: 2022
Кампанія iTransition, якая належыць Сяргею Гвардзейцаву, увайшла ў склад IT Park вясной 2022-га.
Распрацоўшчык наогул актыўна асвойвае Азіяцкі рэгіён і нават стаў першай IT-кампаніяй Беларусі, якая адкрыла цэнтр распрацоўкі ў Бангладэш.
Aterise
Калі: 2022
Менш вядомы, чым папярэднія, распрацоўшчык спецыялізуецца на банкаўскім праграмным забеспячэнні. Ключавыя кліенты бізнесу, заснаванага ў 2018 годзе, знаходзяцца ў ЗША і ААЭ.
Аднайменная кампанія ў Ташкенце была зарэгістраваная ў якасці рэзідэнта IT Park таксама вясной 2022 года.
Qulix Systems
Калі: 2022
Яшчэ адзін бізнес, які некалі ўваходзіў у топ-6 галоўных беларускіх аўтсорсінгавых бізнесаў у IT, лакалізаваўся ва Узбекістане амаль адначасова з iTransition і Aterise.
У парку яго прадстаўляе даччыная кампанія Qulix.
Foranx
Калі: 2023
Яшчэ адной беларускай кампаніяй ва Узбекістане, якая займаецца распрацоўкай і ўкараненнем банкаўскага праграмнага забеспячэння, летась стала Foranx.
Яе даччыная структура Foranx East стала рэзідэнтам IT Park у студзені 2023 года.
Beltelecom
Калі: 2023
Увесну мінулага года ў склад IT Park уступіла кампанія Beltelecom.
Але яна не мае дачынення да нацыянальнага тэлекамунікацыйнага манапаліста «Белтэлекам» — пад гэтым брэндам працуе прыватная кампанія, якую стварыў прыватны беларускі інвестар.
Syntegrico
У траўні 2023 года ва ўзбекістанскім тэхналагічным парку з'явілася даччыная структура рэзідэнта ПВТ Syntegrico.
На беларускім рынку (а таксама ў Расіі і Грузіі) гэтая кампанія займаецца распрацоўкай праграмных прадуктаў на платформах 1С, Битрикс24 і Salesforce на замову.