«Вы хто?» Як лукашэнкаўскага міністра загналі ў кут адным пытаннем
У міністра гандлю і антыманапольнага рэгулявання Аляксея Багданава паспрабавалі спытаць, да якіх крытэраў ён звяртаецца, калі кажа, што ў гандлі «не адбылося нічога страшнага» з-за жорсткага цэнавога дзяржрэгулявання. Але атрымаць адказ на гэтае пытанне не атрымалася. Сітуацыя адбылася падчас канферэнцыі «Рэспубліканскі клуб дырэктараў», якая прайшла ў Мінску 19 студзеня, піша «Люстэрка».
Аляксей Багданаў заявіў на канферэнцыі, што ўлады не плануюць адмяняць нашумелую 713-ю пастанову ўрада, якой з канца 2022 года ўвялі жорсткае дзяржрэгуляванне цэн. «Іншага інструмента рэгулявання (коштаў) мы не прыдумалі. Мы пакуль будзем выбудоўваць сваю працу ў адпаведнасці з гэтай пастановай», — адзначыў міністр.
Паводле слоў чыноўніка, 713-я пастанова была «складана ўспрынятая» і бізнесам, і дзяржпрадпрыемствамі, але за год яе дзеяння «нічога крытычнага не здарылася».
«Тавары як былі, так і засталіся. Прадпрыемствы працуюць, кампаніі працуюць, навучыліся па-новаму ажыццяўляць сваю дзейнасць. Так, нейкія тавары сышлі з рынку, замясціліся іншымі, але гэта натуральны працэс, які адбываецца пастаянна па тых ці іншых прычынах. Паводле нашых ацэнак, негатыўнага ўплыву [пастанова аб дзяржрэгуляванні коштаў] не аказала на эканоміку», — заявіў кіраўнік МАРГ.
Адзін з журналістаў, які прысутнічаў на канферэнцыі, паспрабаваў спытаць у Аляксея Багданава, якіх крытэраў «страшнасці» ён прытрымліваецца, калі кажа, што «нічога крытычнага не здарылася» з-за нашумелай пастановы па дзяржрэгуляванні коштаў.
— На днях Белстат выдаў статыстыку за 11 месяцаў мінулага года (гаворка аб фінансавых выніках арганізацый у розных сферах). Выручка — плюс 11,9%, чысты прыбытак — мінус 8,1%. Павялічылася колькасць стратных прадпрыемстваў, пагоршылася рэнтабельнасць і гэтак далей. Усе паказчыкі ў мінусе. Прычым калі параўноўваць з дадзенымі за 10 месяцаў, вельмі моцна абваліўся чысты прыбытак — мінус 2,2%. Я думаю, і дурню зразумела, з чым гэта звязана. Менавіта ў кастрычніку вы сталі змагацца з цэнамі. Вы цяпер заявілі, таварыш Багданаў, — нічога страшнага не адбылося. Хацелася б зразумець, даведацца, дакладней, у вас: крытэрыі «страшнасці» якія? — спытаў журналіст.
— Вы хто? — спытаў Аляксей Багданаў.
Міністру растлумачылі, што пытанне задаваў адзін з журналістаў, які знаходзіўся ў зале.
— А што за звесткі, адкуль вы іх прывялі? — удакладніў Аляксей Багданаў.
Журналіст удакладніў, што гэта звесткі Белстата за 10 і 11 месяцаў мінулага года.
— Ну, і што? — спытаў кіраўнік МАРГ.
— Вам паўтарыць яшчэ раз? — перапытаў журналіст.
— Дык я і без вас ведаю гэтыя лічбы. І што? Нават больш ведаем, чым тое, што вы прывялі. Што не публікуецца. І што?
— Крытэрыі «страшнасці»... Калі ў нас у краіне выручка расце, сабекошт расце, чысты прыбытак падае, колькасць стратных прадпрыемстваў расце. А вы кажаце, што нічога страшнага, — удакладніў журналіст. — Потым другое пытанне. Вы кажаце, што не звузіўся асартымент, у асобных толькі рэчах. Дык а за кошт чаго тады вырасла колькасць, як вы сказалі, беларускіх тавараў, іх аб'ём у працэнтах? Менавіта за кошт таго, што ўпаў замежны. Вы кажаце аб аўтаматызацыі працэсу... А колькі было ручных заяў, скажам так, аб узняцці цаны за год (гаворка пра магчымасць бізнесу звяртацца да чыноўнікаў па дазвол падняць прыкметней цэны на тавары, чым дазволена дзяржрэгуляваннем)?
— А навошта вам гэта? — спытаў міністр, а затым дадаў: — Дайце, можа быць, у кагосьці насамрэч ёсць нармальныя пытанні, канструктыўныя.
У выніку кіраўнік МАРГ так і не патлумачыў, якіх крытэраў «страшнасці» ён прытрымліваецца, калі кажа, што «нічога крытычнага не здарылася» з-за нашумелай пастановы па дзяржрэгуляванні цэн.
Як уводзілі жорсткае дзяржрэгуляванне і як далей развівалася сітуацыя з цэнамі
6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка забараніў падвышаць цэны. Для гэтага ўвялі спецыяльную дырэктыву №10. 19 кастрычніка ўрад прыняў альтэрнатыву — пастанову аб рэгуляванні цэн на пэўныя тавары. Ім увялі гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю.
На гэтым фоне ў гандлі па ўсёй краіне наладзілі маштабныя рэйды. На бізнес штампавалі крымінальныя справы, ладзілі суды (да прыкладу, за павышэнне цаны на сыр на 26 капеек дырэктару крамы далі два гады з адтэрміноўкай).
У нашумелую пастанову па цэнах двойчы ўводзілі істотныя змены. Першае — у другой палове кастрычніка 2022 года (з дакумента выключылі ювелірныя ўпрыгажэнні, кветкі, некаторыя іншыя тавары), а другое— у пачатку лютага мінулага года. У прамежку паміж гэтымі праўкамі ў 713-ю пастанову чыноўнікі таксама ўносілі змены па асартыментным пераліку, пашыралі пералік дакументаў, якія трэба прадстаўляць для ўзгаднення павышэння коштаў.
У гэтай сітуацыі скараціўся асартымент некаторых тавараў, а па асобных пазіцыях і зусім з’явіўся недахоп. Пры гэтым у кастрычніку і лістападзе 2022 года ў цэлым па краіне зафіксавалі дэфляцыю — зніжэнне коштаў, а ў снежні яны зноў пачалі расці.
З 1 студзеня 2024 года ў Беларусі ўвялі новую сістэму рэгулявання цэн. Галоўнае змяненне — увядзенне штомесячных межаў змены адпускных цэн вытворцаў.