Здарылася жахлівае

Здарылася жахлівае — у беларусаў раптам скончыліся грошы. Не тое, каб зусім, але, падаецца, святы 3 ліпеня былі ледзь не апошнім шанцам для грамады наведаць рэстаран альбо кавярню і добра пад’есці. Прынамсі, для Мінска.



x_f00f64a4.jpg

Як паведаміў на тыдні БелаПАН, у Мінску блізкія да закрыцця каля сотні кавярняў, бараў ды рэстарацыяў. Ужо цяпер недастаткова раскручаныя ўстановы завяршаюць працу. У чэрвені дасягнуў піку масавы распродаж аб'ектаў грамадскага харчавання. Асноўная прычына — спад пакупніцкай здольнасці насельніцтва: зніжаецца як колькасць наведвальнікаў, так і сярэдні кошт замовы. Пры гэтым даражэюць прадукты харчавання, растуць зарплаты кухараў і афіцыянтаў. З-за недастаткова высокай колькасці наведвальнікаў некаторыя аб'екты грамадскага харчавання не могуць пакрыць арэндныя стаўкі.

Пэўную ролю ў звужэнні колькасці аператараў грамадскага харчавання згулялі і дзеянні Мінгандлю РБ, які з пачатку года прыпыніў дзейнасць сотняў аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання.

Эксперты прагназуюць, што ў бліжэйшыя два гады сітуацыя выправіцца, бо да нас маюць намер прыйсці буйныя замежныя сеткі грамадскага харчавання, такія, як Burger King, KFC, Hesburger, якія складуць канкурэнцыю звыкламу McDonald's. Але ж рэстарацыі зачыняюцца ўжо зараз, а чакаць два гады — даволі доўга. Калі, канешне, гэтыя міжнародныя карпарацыі ўвогуле не адмовяцца ад сваіх планаў з-за «выключна спрыяльнага беларускага інвестыцыйнага клімату».

Для Мінска гэта, бадай што, катастрофа. У параўнанні з іншымі сталіцамі — Кіевам, Вільняй, Варшавай, — у нас і без таго было вельмі мала кавярняў ды рэстарацыяў. Замежныя госці пастаянна сутыкаліся з праблемай: дзе можна танна і смачна пад’есці. Асабліва складана было тым, хто жадаў паспытаць беларускай кухні. Зараз жа сітуацыя ўскладніцца яшчэ ў разы.

Такія «трывожныя званочкі» паступаюць не толькі з рэстарацыяў. Яшчэ, напрыклад, на мінулым тыдні ў краіне пачаліся афіцыйныя продажы тэлефонаў iPhone. І, як ні дзіўна, гэтыя «статусныя» апараты попытам у насельніцтва не карыстаюцца. Няма грошай, каб заплаціць 12,5 мільёнаў за самую танную мадэль — хай і з афіцыйнай гарантыяй.

Чаму ж беларусы перасталі хадзіць у рэстарацыі? Падаецца, рознымі «падаткамі на беспрацоўе» з іх выцягнулі апошнія грошы. Прыйшлося зацягнуць паясы. А новых грошай узяць няма адкуль. Бо працы папросту няма.

Колькасць беспрацоўных у Мінску на канец мая склала 5,5 тысяч чалавек, паведамляе галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінска са спасылкай на дадзеныя Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Падаецца, гэта няшмат для двухмільённага Мінска. Але гэта як паглядзець: 5 000 чалавек — гэта цэлы завод МАЗ.

Такая колькасць беспрацоўных — гэта таксама ў 3,4 разы (340%!) больш, чым на канец мая 2014 года і на 5,2% больш, чым у канцы красавіка гэтага года. То бок, беспрацоўе імкліва расце, і канца гэтаму не бачна.

Нельга пры гэтым не сказаць пра «схаванае беспрацоўе». Напрыклад, як вы думаеце, колькі за чатыры месяцы ў Беларусі створана збожжаўборачных камбайнаў? Роўна 11! Прычым у маі — ніводнага!

І амаль такая ж сітуацыя — па ўсёй прамысловасці. Мінскі трактарны завод за пяць месяцаў сабраў 16,4 тысячы трактароў. А за пяць месяцаў 2014-га года МТЗ збіраў 25 700 адзінак гэтай тэхнікі. МАЗ стварыў за пяць месяцаў 285 аўтобусаў, а ў 2014-м збіралі ў два разы больш — 596 аўтобусаў. І грузавікоў вырабілі 1 466, а год таму за пяць месяцаў збіралі 3 281 грузавік. У 2,2 разы больш.

Вытворчасць тэлевізараў упала больш чым у тры разы: 49 800 штук у студзені-маі 2014 года, і 14,8 тысяч — сёння.

Ну і адкуль узяцца ў людзей грошам, калі працы няма?

Адзіны ў нас спадзеў на замежнікаў. Яны таксама нас падводзяць.

Напрыклад, мы спадзяваліся, што Расія нам хутка дасць крэдыт хаця б на тое, каб рэфінансаваць тыя пазыкі, якія ў нас ёсць. То бок, заняць грошы, каб аддаць ранейшы доўг. З гэтым не спяшаюцца. Нядаўна кіраўнік Мінфіна сінявокай Уладзімір Амарын паведаміў, што Беларусь у першай палове ліпеня атрымае гэтыя грошы. Суму крэдыту Амарын не назваў.

Аднак ягоны калега з Мінфіну Расіі Сяргей Сторчак астудзіў запал Амарына. Па словах Сторчака, Расія толькі абдумвае магчымасць выдзялення Беларусі чарговага крэдыту для рэфінансавання беларускім бокам бягучых плацяжоў па абслугоўванні знешняга доўгу. «Адпаведнае рашэнне ўрада Расійскай Федэрацыі яшчэ рыхтуецца. Рашэнне аб тым, што мы акажам падтрымку з пункту гледжання рэфінансавання знешняга доўгу Беларусі яшчэ не прынята», — заявіў намеснік кіраўніка Мінфіна РФ.

Застаецца спадзявацца на іншых замежнікаў. На наступным тыдні да нас завітае місія Міжнароднага валютнага фонду з мэтай абмеркавання ўмоў выдзялення Беларусі новага крэдыту.

«Па просьбе беларускіх уладаў з 8 па 15 ліпеня каманда супрацоўнікаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) пад кіраўніцтвам Дэвіда Хофмана наведае Мінск. Мэтай місіі з’яўляецца абмеркаванне мер эканамічнай палітыкі і планаў уладаў па правядзенні рэформаў, уключаючы ацэнку таго, ці сталі яны досыць рашучымі, каб быць патрыманымі ў межах пагаднення з МВФ», — гаворыцца ў паведамленні МВФ.

Раней той жа Амарын даў зразумець, што ўлады краіны разлічваюць атрымаць ад фонду крэдыт на суму 3,5 мільярда долараў. Прыкладна такі ж, які выдзяляў нам МВФ у 2009–2010-х гадах.

Да чаго гэта прывяло, мы ўсе добра ведаем. Грошы, якія даў МВФ, амаль цалкам былі страчаныя на падтрымку «беларускага эканамічнага цуду». На выбарах 2010 года Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз «элегантна перамог», за што потым дзякаваў МВФ. А ў 2011-м годзе здарылася самая моцная дэвальвацыя ў гісторыі Беларусі з пачатку 90-х гадоў. Здавалася б, пры чым тут валютны фонд?

Пры гэтым варта зазначыць, што сінявокая, канешне, расплацілася па гэтым крэдыце, але… Але яна не выканала ўмовы выдзялення таго крэдыту. Напрыклад, умовы аб прыватызацыі банкаў. Не выкананыя таксама ўмовы крэдыту АКФ ЕўрАзЭС датычна прыватызацыі штогод на $2,5 мільёна. Карацей, умовы выдачы нам грошай мы не выконваем стабільна.

Ці забяспечыць МВФ «элегантную перамогу» Аляксандра Рыгоравіча ў чарговы раз?