«Газпрам» і «Начныя ваўкі» трапілі ў санкцыйны спіс Канады
Усяго спіс папоўнілі 14 юрыдычных асобаў і трое расійскіх грамадзянаў.
Прэм'ер-міністр Канады Стывен Харпер
Улады Канады пашырылі санкцыйны спіс супраць Расіі, уключыўшы ў яго трох расійскіх грамадзянаў і 14 юрыдычных асобаў, сярод якіх кампаніі «Газпрам», «Газпрам-нафта», «Сургутнафтагаз» і «Транснафта». Адпаведнае паведамленне з'явілася ў панядзелак на сайце МЗС Канады.
З фізічных асобаў у санкцыйны спіс трапілі кіраўнікі Еўразійскага саюза моладзі — Аляксандр Дугін, Павел Канішчаў і Андрэй Каваленка — і сам Саюз як юрыдычная асоба.
Таксама санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да мотаклубу «Начныя ваўкі», фонду «Маршал Капітал», «Тульскага зброевага завода», «Аб’яднанай авіябудаўнічай карпарацыі», «Абаронпраму» і яшчэ некалькіх кампаній.
Лідар «Начных ваўкоў» Аляксандр Залдастанаў лічыць рашэнне па байк-клубу адказам на мотапрабег па Еўропе, прымеркаваны да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю радыё «Говорит Москва».
Ва ўрадзе Канады прытрымліваюцца думкі, што дзеянні Расіі з'яўляюцца сур’ёзным парушэннем міжнароднага міру і бяспекі і пагражаюць сур’ёзным крызісам, гаворыцца ў каментары на сайце канадскага МЗС.
У апошні раз Атава пашырала санкцыйны спіс супраць Расеі ў лютым, абвінавачваючы Маскву ў падрыве суверэнітэту і парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Расійскія ўлады абвінавачанні адпрэчваюць.