Дынар супраць долара

«Ісламская дзяржава» (ISIS) пачала вырабляць свае грошы — ісламскія дынары. Нумізматы радуюцца, а эксперты спрабуюць зразумець наступствы такога кроку для сусветнай фінансавай сістэмы.



dinar.jpg

Першыя паведамленні пра намер тэрарыстаў стварыць сваю грашовую сістэму датаваныя мінулым лістападам. Тады іх лідар, самаабвешчаны халіф Абу Бакр аль-Багдадзі заклікаў да стварэння альтэрнатывы «тыраністычнай манетарнай сістэме сатаны», пад якой разумеўся цяперашні фінансавы лад, заснаваны на ролі долара ЗША. Альтэрнатывай дыктату долара, на думку аль-Багдадзі, магло стаць вяртанне на рынак сярэднявечных залатых дынараў, якія прыкладна ў VII стагоддзі пачаў вырабляць халіф Абдул-Малік ібн Мерван, 5-ы халіф з дынастыі Амеядаў.

Напярэдадні 29 чэрвеня, у гадавіну нараджэння праекту «Ісламскай дзяржавы», такія манеты сапраўды адчаканілі. Экстрэмісты распаўсюдзілі ў сеціве наступную заяву: «Добрыя навіны для вернікаў. Неўзабаве валюта Ісламскай дзяржавы з’явіцца на руках грамадзян Халіфата ва ўсіх раёнах, кантраляваных ісламскім законам». Тэкст быў ілюстраваны выявай новай манеты, якая сапраўды знешне падобная на манету Амеядаў. Сыходзячы з цяперашніх цэнаў на золата, яе кошт  — каля 140 долараў ЗША.

Тэма залатога дынара займае важнае месца ў ісламскай спадчыне. Пра гэту грашовую адзінку дэталёва распавядаецца ў Каране. У адпаведнасці з запісамі ў Каране, гэта была манета з золата ў 24 караты, або 4,25 грама. Мусульманам прадпісваецца выкарыстоўваць такія грошы падчас здзелак, для выплаты ачышчальнага падатку (закят) і зберажэнняў.

Той факт, што ў Каране гаворыцца выключна пра залатую манету, з часам выклікала вялікую дыскусію вакол пытання, як вернікі павінны ставіцца да папяровых банкнотаў. Некаторыя мусульманскія школы дасюль адмаўляюць за банкнотамі функцыі грошай. Іншыя кажуць, што банкноты не супярэчаць запаведзям прарока Мухамеда, паколькі ў ісламскіх эканоміках здаўна былі распаўсюджаныя розныя віды так званых абаротных дакументаў, што прымаліся да аплаты нароўні са звычайнымі металічнымі грашыма.

У любым выпадку, пытанне вяртання да залатога стандарту ніколі не здымалася з павесткі дня ў мусульманскіх краінах. Напрыклад, яго актыўна абмяркоўвалі ў 1950-я гады, калі рэгіён ахапіла мода на арабскі нацыяналізм. Лічылася, што пераход да залатой манеты дапаможа вырашыць праблему знешняга доўгу перад краінамі Захаду. У 1970-я гады каталізатарам для рэанімацыі старой дыскусіі стала рашэнне Ніксана адмовіцца ад прывязкі долара да золата. Лічылася, што аператыўны запуск залатога дынара здольны ператварыць яго ў вядучую валюту свету. У 1992 годзе ў невялікай колькасці былі адчаканеныя першыя залатыя дынары, якія выкарыстоўваліся ў разліках паміж членамі Morabeteen International Organization — арганізацыі, якая складаецца пераважна з грамадзян заходніх дзяржаў, што перайшлі ў іслам. Пасля ўвя­дзення еўра лівійскі правадыр Муамар Кадафі заклікаў краіны Паўночнай Афрыкі заснаваць аналаг еўравалюты — дынар. Кадафі нават прапанаваў для гэтага свой фонд памерам у 144 тоны золата.

Аднак самая буйная спроба адрадзіць дынар мела месца ў пачатку нашага стагоддзя як рэакцыя шэрагу ўрадаў на азіяцкі фінансавы крызіс 1997–1998 гадоў. Прыкладна ў 2001 годзе малайзійскі прэм’ер Махатхір Махамад прадставіў праект залатога дынара ў якасці адэкватнага адказу на выхадкі валютных спекулянтаў, якія абвалілі нацыянальныя валюты многіх дзяржаў рэгіёну. На думку прэм’ера, з-за невялікіх ваганняў коштаў на золата рызыкі спекуляцый з новай валютай будуць зведзены да мінімуму, а гэта значыць, што міжнародны гандаль атрымае дастаткова стабільны інструмент для разлікаў. Непасрэдна чаканіць дынары павінен быў новы Ісламскі банк развіцця. Таксама планавалася, што залаты дынар будзе ўведзены ў абарот у 2003 годзе, а да 2010-га стане міждзяржаўным плацежным сродкам у мусульманскім свеце.

У рэальнасці ўсё пайшло больш павольна. На цяперашні дзень залаты дынар існуе як умоўная адзінка для разлікаў, якой карыстаюцца Малайзія, Бангладэш, Емен, Мальдзівы, Іран, Бруней і яшчэ некалькі краін.

Невялікі інтарэс да праекту тлумачыцца ў тым ліку пазіцыяй МВФ, які блакуе любыя спробы прадаваць нафту — асноўны прадукт рэгіянальнай эканомікі — за тыя дынары. У гэтым плане некаторыя схільныя разгля­даць праект залатога дынара як выклік ЗША і кантраляваным імі міжнародным фінансавым арганізацыям. На думку некаторых экспертаў, увод залатога дынара можа выклікаць абвал долара і еўра.

Праўда, хапае і праціўнікаў агучаных вышэй тэорый. Недастатковыя аб’ёмы золата ў ісламскіх краінах не дазваляюць казаць аб стварэнні ў агляднай будучыні нейкага валютнага залатога стандарту, лічаць яны. Спробы акумуліраваць у ісламскіх дзяржавах золата з усяго свету справакуе выбух коштаў на гэты метал і імкліва разбурыць фінансавыя сістэмы краін, якія намагаюцца ўжываць золата ў якасці паўсядзённага сродку разлікаў.

Спрэчку прадстаўнікоў гэтых лагераў эканамістаў часткова дапаможа вырашыць цяперашні праект банкіраў-тэрарыстаў. Ісламская дзяржава мае някепскія рэзервы, каб падтрымліваць незвычайны эксперымент. Як піша адна іспанская газета, штомесяц за кошт продажы нафты і газу з тэрыторый, якія кантралюе ISIS, яна атрымлівае каля 2 мільёнаў долараў, якія тэарэтычна можна пусціць на набыццё золата і вытворчасць дынараў. Пытанне — ці прымусіць гэта людзей па ўсім свеце трымаць свае капіталы не ў доларах, а ісламскіх дынарах. Пакуль, калі меркаваць па блогасферы, публіка не вельмі рвецца мяняць зялёныя на грошы ISIS. Галоўным чынам тымі дынарамі цікавяцца нумізматы, якіх, безумоўна, мала, каб абваліць «тыранічную манетарную сістэму сатаны».