У Афганістане завершаныя слуханні па справе забойства натоўпам жанчыны: забойцы памілаваныя

Апеляцыйны суд Афганістана адмяніў вынесеныя ў траўні смяротныя прысуды чатыром жыхарам Кабула — удзельнікам зверскага забойства ў адной з мячэцяў 27-гадовай Фархунды Малікзанды.



ubitaja_280x157.jpg

19 сакавіка раз’юшаны натоўп сілай выцягнуў Фархунду з мячэці і, збіўшы да смерці, спаліў цела. Прычынай расправы стала абвінавачванне мулы ў тым, што Фархунда нібыта спаліла Каран, што пазней не пацвердзілася.

Першапачаткова бацькі забітай казалі, што Фархунда псіхічна хворая і не магла абвергнуць абвінавачванняў. Аднак у далейшым стала вядома, што Фархунда, перакананая мусульманка, абвінаваціла мулу ў вядзьмарстве, — продажы замоваў і кудменяў жанчынам, якія не маглі зацяжарыць. У адказ мула справакаваў напад, абвінаваціўшы Фархунду ў спаленні Карана, якія затым абверглі сведкі, паведамляе bbc.com.

Забойства Фархунды Малікзанды было здзейсненае ў прысутнасці паліцыі і пры вялізнай колькасці гараджанаў, многія з якіх здымалі расправу на відэа. Па выкладзеных у сетках шматлікіх відэа і атрымалася схапіць забойцаў.

У траўні восем з затрыманых былі асуджаныя да 16 гадоў зняволення, чацвёра — да смяротнага пакарання, 11 паліцэйскіх былі прысуджаныя да аднаго года зняволення за тое, што не абаранілі Фархунду, яшчэ восем паліцэйскіх былі апраўданыя.

Тым не менш, апеляцыйны суд, на які не былі дапушчаныя прэса і сям’я забітай, адмяніў смяротныя прысуды. Суддзя Алі Масір Мурыд паведаміў, што траім асуджаным смяротнае пакаранне замянілі на 20 гадоў зняволення, а чацвёртаму — непаўнагадоваму — на 10 гадоў турмы.

Праваабаронца Уазма Фрог назвала прысуд несправядлівым, а тэндэнцыю зневажання правоў жанчыны — відавочнай: «Фархунда была забітая за тое, што яна жанчына. У Афганістане жанчын прыгнятаюць не толькі талібы, але і ўся дзяржаўная сістэма». Брат забітай Наджыбула абвінаваціў улады ў ціску на яго сям’ю, якая жыве ў страху.

Забойства Фархнуды выклікала велізарны грамадскі рэзананс, які выліўся ў маршы пратэсту ў абарону правоў жанчын і вулічныя сутычкі.

krynica.info