Ісламская дзяржава цікавіцца рэспублікамі былога СССР
Тэрарысты заяўляюць, што неўзабаве прыйдуць туды змагацца зь нявернымі. Тэму асвятляе штодзёнка «Gazeta Wyborcza».

Уплывы ІД шырацца. На днях улады Азербайджана паінфармавалі, што асудзілі 10 сваіх грамадзян за ўдзел у грамадзянскай вайне ў Сірыі ў шэрагах Ісламскай дзяржавы. Азербайджанскія ўлады занепакоеныя ростам папулярнасці радыкальнага ісламу ў краіне, асабліва сярод моладзі ды беспрацоўных.
Заклікі да джыхаду пачынаюць гучаць і ў іншых краінах былога СССР. Нядаўна з такой заявай выступіў былы кіраўнік таджыкскага АМАПу, які далучыўся да ІД. У Душанбэ ягоныя словы выклікалі сапраўды перапалох.
Гэты былы палкоўнік кіраваў мясцовымі спецсіламі, прайшоў падрыхтоўку ў Расіі ды ЗША, піша польская газета. Выданне зазначае, што ў шэрагах ІД ёсць некалькі сотняў таджыкаў, узбекаў, казахаў ды туркменаў.
Сітуацыю пагаршае тое, што ісламісты скіроўваюць сваю прапаганду на дзяцей. Да вайны з нявернымі пачынаюць рыхтаваць з 8-10 год. У сеціве поўна прапагандысцкіх фільмаў з удзелам дзяцей, у тым ліку з былых савецкіх рэспублік.
Выданне падсумоўвае, што ў Цэнтральнай Азіі можа пачацца новы віток рэлігійных войнаў. Выданне цытуе казахскіх экспертаў, якія кажуць, што ў краіне не было тэрактаў з 2012-га года, але гэта зацішша перад навальніцай. Калі Ісламская дзяржава зможа ўтрымаць свае пазіцыі на Блізкім Усходзе, ейнай наступнай цэллю будзе Афганістан ды Цэнтральная Азія, піша газета.