Знешні гандаль Беларусі сыходзіць у мінус. Прычым — поўнасцю

Ужо не першы год беларуская эканоміка сутыкаецца з сур'ёзнымі праблемамі ў сферы знешняга гандлю. Пры гэтым нацыянальная эканоміка адносіцца да ліку малых і адкрытых, таму яе ўстойлівасць шмат у чым залежыць ад эфектыўнасці гандлю з навакольным светам.

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Яшчэ з часоў Савецкага Саюза, калі быў закладзены падмурак прамысловага і сельскагаспадарчага капіталу краіны, вытворчыя магутнасці Беларусі перавышаюць патрэбы ўнутранага рынку. Такім чынам, значныя аб'ёмы вырабленай прадукцыі сыходзяць у іншыя краіны. У сваю чаргу, для вытворчасці прадукцыі краіне даводзіцца закупляць многія рэсурсы. Гэта, галоўным чынам, энерганосьбіты, якія пастаўляюцца з Расіі. У выніку эфектыўнасць знешнеэканамічнай дзейнасці заключаецца ў здольнасці прадаваць прадукцыю за межы краіны ў дастатковых аб'ёмах для кампенсацыі закупкі сыравіны і абсталявання і атрымання звыш гэтага маржы, тлумачыць эканамічны праект «Вашы грошы».

Беларусь гандлюе як таварамі, так і паслугамі. Што тычыцца сегмента тавараў, то тут апошнім часам расце і экспарт, і імпарт. Пры гэтым кожны год краіна спажывае значна больш імпартнай прадукцыі, чым экспартуе тавараў за мяжу. У выніку за апошнія 23 гады Беларусь мела станоўчае знешнегандлёвае сальда па таварах усяго толькі ў два разы, у 2012 і 2022 гадах, і памер яго быў зусім невялікі.

Прычына такога стану рэчаў — купля паліўна-энергетычных рэсурсаў з Расіі. Кульмінацыяй гэтай праблемы быў 2010 год, калі дэфіцыт знешняга гандлю таварамі дасягнуў $9,3 мільярда. Наступныя хвалі дэвальвацый беларускага рубля дазволілі часткова нармалізаваць сітуацыю, падвышаючы канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі на знешніх рынках.

2021-ы год прынёс з сабой неверагодна нізкі ўзровень гандлёвага дэфіцыту ў сферы тавараў, што абумоўлена так званым «экспартным цудам». Прафіцыт 2022 года з'яўляецца вынікам шырокага рээкспарту тавараў у Расію. А вось вяртанне глыбокага гандлёвага дэфіцыту ў 2023 годзе (больш за $2,3 млрд) з'яўляецца сігналам пачатку сур'ёзных эканамічных цяжкасцяў.

Каб больш глыбока зразумець сітуацыю, давайце звернемся да знешняга гандлю паслугамі. У адрозненне ад гандлю таварамі, пастаўкі беларускіх паслуг замежным партнёрам пастаянна перавышалі імпарт паслуг. У 2021 годзе дадатнае сальда тут дасягала рэкордных $4,6 млрд. Аднак узмацненне жорсткасці санкцый вярнула прафіцыт у 2023 годзе да больш характэрнага ўзроўню — блізу $3 млрд за год.

Скарачэнне станоўчага сальда знешняга гандлю паслугамі было прамым следствам працы санкцый. Беларусь, страціўшы значную частку свайго лагістычнага патэнцыялу, сутыкнулася з памяншэннем даходаў ад транспартных паслуг. Адначасова стаў дэградаваць сектар IT.

Адмоўнае значэнне знешнегандлёвага сальда па таварах часцяком кампенсавалася паспяховым знешнім гандлем паслугамі. Аднак новыя абставіны паказваюць, што такая мадэль можа перастаць дзейнічаць.

У 2023 годзе агульнае дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склала ўсяго $472 млн. Для параўнання, у 2022 годзе паказчык складаў $4588 млн, у 2021 годзе — $3971 млн, у 2020 годзе — $1948 млн. Больш хуткі рост імпарту ў параўнанні з экспартам, цяжкасці ў сферы продажу паслуг могуць прывесці да таго, што агульнае сальда зноў сыдзе ў мінус. Памятаеце шэраг дэвальвацый у 2011-2014 гадах? А адной з галоўных прычын гэтаму было стабільна адмоўнае сальда знешняга гандлю, — яно правакавала дэфіцыт замежнай валюты.

Прычым раней дэфіцыт у знешнім гандлі мог быць хаця б часткова пакрыты крэдытнай падтрымкай. Але на сёння, маючы санкцыі і ўжо значныя даўгавыя абавязацельствы, краіна не ў стане дазволіць сабе такую раскошу. Нават пры жаданні такія магчымасці абмежаваныя, у асноўным, Расіяй.

У выніку ўзнікае дылема: альбо зрабіць вялікія саступкі ўсходняму партнёру, альбо прыняць рэзкае падзенне эканамічнай эфектыўнасці і вярнуцца да стану эканомікі і фінансавай сістэмы пятнаццацігадовай даўніны.

Глядзіце таксама