Дзе былыя ІП возьмуць дадатковыя грошы на падаткі?

Законапраектам «Аб змене законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» ўлады паслядоўна ўскладняюць жыццё прадпрымальнікам. Але навошта ўлады гэта робяць у дачыненні да тых, хто спакойна плаціць немалыя падаткі ў бюджэт? На тыдні гэта, урэшце, высветлілася.

_belarus_minsk_handal_ekanomika_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2___1__logo.jpg.webp

На працягу двух гадоў профільныя чыноўнікі спрабавалі надаць выгляд шакаладу нейкай невыразнай субстанцыі таго ж колеру. І так падыходзілі (трэба пераходзіць у больш прасунутыя формы арганізацыі бізнесу!) і гэтак (пераход будзе бясшвоўным і магчымасцяў у вас будзе ого-го-го!), піша блогер і бізнесмен Аляксандр Кныровіч.

Ну і ў дадатак, тых каго не пераканала папярэдняя аргументацыя, спрабавалі ўсыпаць размовамі на ўзроўні «Ды што там гэтыя ІП! Толькі 3% у падатковых паступленнях, цьфу, а не ўклад у эканоміку, казаць няма пра што!»

Веяла ад гэтага нейкімі апраўданнямі загулялага мужыка, які вярнуўся пад раніцу да дабравернай і на хаду, з відавочным высілкам, прыдумляе гісторыю пра выкраданне яго іншапланецянамі менавіта вось гэтым, пятнічным вечары…

Нявызначанасць была, непрамоўленасць. Аднак на гэтым тыдні прарвала.

Спачатку самы галоўны бізнэсмэн заявіў, што «...усе індывідуальнымі прадпрымальнікамі сталі — працаваць няма каму...», з чаго вынікае, што рашэнне аб абмежаванні відаў дзейнасці для ІП была свядома прынята для таго, каб прымусіць ІП перастаць дурыцца, адмовіцца ад самастойнай дзейнасці і прыбыць на які-небудзь МАЗ, дзе для іх абавязкова знойдзецца справа па душы, — ну як для Рамана Пратасевіча, які засвоіў спецыяльнасць зваршчыка.

Поўную ж яснасць унёс намеснік міністра эканомікі Уладзімір Наўмовіч. Гэты «эксперт» заявіў, што змены закрануць 40 тысяч ІП, якія цяпер плацяць 150 млн рублёў на год у выглядзе падаткаў і (калі) яны трансфармуюцца ў юрыдычныя асобы, то будуць плаціць — 440 млн рублёў.

Гэта значыць падатковая нагрузка на іх вырасце фактычна ў тры разы!

Дзе гэтыя былыя ІП возьмуць дадатковыя 290 млн рублёў, Уладзімір не ўдакладніў.

Цікава, ці задаваўся ён сам гэтым пытаннем, як думаеце?

У любым выпадку, пакуль каэфіцыент пераходу з ІП у юрыдычныя асобы на ўзроўні адзін да чатырох (то-бок на чатыры закрытыя ІП з’яўлялася адна юрыдычная асоба), што азначае прамыя страты для бюджэту ад стратэгічнага, эпахальнага, інавацыйнага, імпартазамяшчальнага, экспартаразвіццёвага... (устаўце патрэбнае) ... рашэння.

З іншага боку, хоць бы праясніўся сэнс задуманага «цырка з конямі».

Глядзіце таксама