У топ-500 падаткаплацельшчыкаў Літвы — чатыры кампаніі з беларускімі каранямі
Адлічэнні беларускага бізнесу ў літоўскую казну ў пачатку 2024 года раслі. Паводле даных, якія апублікавала Дзяржаўная падатковая інспекцыя (VMI) пры Міністэрстве фінансаў Літвы, у топ-500 найбуйнейшых плацельшчыкаў падаткаў па выніках першага квартала 2024 года ўвайшлі чатыры кампаніі з беларускімі каранямі.
Усе яны прадстаўнікі IT-сектара, якія рэлакаваліся ў Літву ў 2020-2022 гадах, як і найбуйнейшыя падаткаплацельшчыкі 2023 года, піша thinktanks.by.
Epam Sistemos
Самая значныя адлічэнні ў казну Літвы зрабіла Кампанія Epam Sistemos, якая мае ў краіне два цэнтры распрацоўкі — у Вільні і Каўнасе. Сума яе падаткаў склала 4,3 млн еўра. Для параўнання: у аналагічным перыядзе мінулага года распрацоўшчык заплаціў 4 млн еўра падаткаў.
У рэйтынгу VMI па выніках першага квартала Epam Sistemos заняла 75-е месца. Хоць па выніках 2023 года была 58-й.
Па выніках першага квартала 2024 года Epam Sistemos засталася самым важным плацельшчыкам у літоўскай IT-галіне.
Wargaming Vilnius
Распрацоўшчык сусветна вядомай гульні World of Thanks Wargaming Group — выключэнне з трэнду.
Яе мясцовая дачка Wargaming Vilnius скараціла адлічэнні за першы квартал у 1,8 разы — з 5,17 млн да 2,97 млн еўра. У топ-500 сёлета яна стала 120-й.
Пры гэтым па завяршэнні 2023 года гэты распрацоўшчык займаў 81-е месца.
Gurtam
Адзін з вядучых у свеце вытворцаў тэлематычнага праграмнага забеспячэння, наадварот, рэзка вырас у вачах літоўскіх падаткавікоў. Яго літоўскі офіс, які з 2021 года з'яўляецца галаўным для ўсёй групы, пералічыў ім 1,15 млн еўра. Гэтая сума значна большая за тую, якая была зробленая паводле вынікаў студзеня-сакавіка мінулага года (блізу 880 тысяч еўра).
Gurtam у выніку заняў 370-ы радок. Пазіцыя па выніках 2023 года ў кампаніі была вышэй — 329-ая.
Andersen Soft
Чацвёртай кампаніяй з беларускімі каранямі ў рэйтынгу VMI стаў распрацоўшчык заказнога праграмнага забеспячэння Andersen Soft.
Аб'ём яго адлічэнняў склаў 1,12 млн еўра, а месца ў спісе найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў — 381-е.
У першым квартале 2023 года кампанія не ўваходзіла ў пералік топ-500 найбуйнейшых. Бізнес пачаў расці ў другой палове 2023 года, які Andersen Soft завяршыла на 242-м радку.
VMI таксама падлічыла найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў па асобных галінах і рэгіёнах.
У галіновым разрэзе ў топ-50 найбуйнейшых кампаній тэлекамунікацыйнага і IT-сектараў у па-ранейшаму адсутнічае Flo Health LTU — літоўская дачка аднайменнага стартапа беларускага паходжання. Гэты бізнес выпаў з яго ў другой палове мінулага года.