130 базавых, 64 «сутак» і крымінальная справа: як пакаралі смаргонцаў за «Жыве Беларусь!» у калідоры суда

18 лютага ў Смаргоні агучылі прысуд Інэсе Маркавай і Руслану Валюку па крымінальнай справе за паклёп у дачыненні да міліцыянераў. Іх асудзілі на два гады «хатняй хіміі» і «хіміі» адпаведна. Пасля абвяшчэння прысуду ў калідоры суда нехта крыкнуў «Жыве Беларусь!». Вокліч пачула старшыня смаргонскага суда Людміла Пятрова, якая знаходзілася ў суседняй зале. Па яе просьбе выклікалі нарад міліцыі, які пасля затрымаў некалькіх смаргонцаў, распавядае «Вясна».

artworks_bqdshwhq7uun_0_t500x500.jpg

Пасля інцыдэнту ў судзе ў Смаргоні пачалі масава затрымліваць людзей, якія прысутнічалі на працэсе Маркавай і Валюка. На затрыманых склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне ў судзе. Акрамя гэтага, па гэтым факце ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле 339 «Хуліганства», але следства пакуль не ўстанавіла вінаватых.

Суды па гэтай справе праходзілі на працягу гэтых двух месяцаў у судзе Астравецкага раёна (так вырашыў абласны суд). За гэты час асудзілі 10 смаргонцаў. Так, Наталлю Путырскую аштрафавалі на 870 рублёў (30 базавых), Ніну Шыш — на 870 рублёў (30 базавых), Людмілу Сульжыцкую асудзілі на 10 сутак, Яўгена Новікава — на 12 сутак, Сяргея Трая — на 15 сутак, Яўгена Мацкевіча — на 15 сутак, Іллю Петунова — на 2 сутак. Пакаралі 10-сутачным арыштам і самога асуджанага па крымінальнай справе Руслана Валюка. Аштрафавалі за «незаконны пікет» таксама маці Руслана Марэт Валюк, якая 18 лютага прыйшла на суд падтрымаць сына. Ёй прысудзілі максімальны штраф па старым артыкуле 23.34 КаАП — 1450 рублёў (50 базавых). Штраф у 580 рублёў (20 базавых) прысудзілі брату асуджанай 18 лютага Інэсы Андрэю Маркаву. Апраўдальны прысуд вынеслі толькі Наталлі Ковель. Затрымлівалі па гэтай справе таксама Рамуальда Улана — цяпер палітвязня.

Як адзначыў праваабаронца «Вясны» Алесь Дзергачоў, суд выкарыстаў прынцып групавой адказнасці: «Калі прысутнічаў — значыць, агучваў лозунгі, хаця персанальная віна аніводнага не ўстаноўлена».

За гэты час з Беларусі дэпартавалі Іллю Петунова — ён грамадзянін Расіі. Рамуальда Улана адправілі ў Гомель адбываць «хімію» па крымінальнай справе за распаўсюджванне ілжывых звестак у дачыненні да смаргонскіх міліцыянераў.