«Аднойчы раздзелі і трымалі на скразняку». Як пенсіянерку з Мінска вазілі на допыт у Магілёў

Мінчанка Марына Краснабаева — адна з жанчын, супраць якіх пачалі справу па 369-м артыкуле Крымінальнага кодэкса за каментары ў Фэйсбуку. Ім інкрымінуюць знявагу супрацоўніка міліцыі з Магілёва, піша «Свабода».

811885be_aa03_463f_841e_ed891008173e_cx0_cy9_cw0_w1023_r1_s.jpg

59-гадовая пенсіянерка Марына Краснабаева — карэнная мінчанка. Мае адукацыю метролага, працавала на заводзе імя Вавілава. Яе затрымалі 9 красавіка ў прыватным доме.

«Раніцай пачалі настойліва ламіцца ў дзверы. Я не адчыняла, тады яны патэлефанавалі. Гэта былі мужчына і жанчына, нахабна зайшлі да мяне ў хату, каб правесці вобшук. Я іх не пускала, і тады яны выклікалі амапаўцаў, прыехалі яшчэ двое. У выніку яны зайшлі ў хату, панятымі ўзялі суседзяў. Забралі мой тэлефон і ноўтбук, сказалі: "Збірайцеся, паедзем у Магілёў". Бо чалавек, якога зняважылі, з Магілёва. Яны без усялякіх тлумачэнняў, маўляў, у нас ёсць пастанова, загрэблі, завезлі ў Магілёў і пасадзілі на 72 гадзіны ў ІЧУ».

Паводле пратакола, «неўстаноўленыя асобы, знаходзячыся ва неўстаноўленым месцы», у публічнай суполцы «Народны прысуд» у Фэйсбуку размясцілі ў агульным доступе для іншых карыстальнікаў «інфармацыю, якая змяшчае публічную знявагу начальніка аддзела прафілактыкі Ленінскага РУУС Магілёва палкоўніка міліцыі Пахоменкі, які з'яўляецца прадстаўніком улады, у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Паводле пратакола, гэтую інфармацыю сам Пахоменка выявіў 13 лістапада мінулага года.

«Я ўжо і допіса таго не памятаю»

Марыне Краснабаевай паказалі скрыншот з каментаром і яе фотаздымкам. Каментар такі: «Уб... кі, каб у вас зямля пад нагамі гарэла».

«Я кажу: паслухайце, калі я насамрэч пакідала нейкі каментар адносна гэтага чалавека, то чаму напісана ў множным ліку — "уб... кі"? — кажа Марына. — І калі мы трапілі разам у камеру, я, Аляксандра і Інэса, пачалі разбірацца і ўспамінаць, а што ж гэта такое было? Аказваецца пад допісам быў каментар, маўляў, мала таго, што трэба ціснуць гэтых ментоў, трэба ціснуць і іх дзяцей. Але мы рэагавалі не на таго супрацоўніка міліцыі, а на тых, хто пісаў, што трэба ціснуць дзяцей. Чаго ж вы дзяцей чапаеце, чаму дзеці павінны адказваць за бацькоў? А ў выніку атрымалася, што мы, маўляў, зняважылі службовую асобу. Абсурд абсурдаў».

Паводле Марыны, пост, пад якім яны пакінулі каментары, ужо выдалілі. А таго міліцыянта, якога, як сцвярджаюць следчыя, яны нібыта зняважылі, яны наогул не ведаюць. І каментары яму не адрасаваліся.

«Я ўжо і допіса таго не памятаю. Я не памятаю, што было тыдзень таму. А прозвішча гэтай асобы прачытала толькі ў пастанове», — кажа жанчына.

«Я такога жаху не адчувала за ўсё сваё жыццё»

Марыну, Аляксандру і Інэсу з Ленінскага РУУС прывезлі ў ІЧУ ў аўтазаку, выпускалі па адной.

«І там пачалося. Было чалавек 8 міліцыі, яны распатрашылі ўсю маю сумку, выцягнулі ўсё да абгортак ад цукерак, усё гэта апісалі. Потым накіравалі ў пакой надгляду. Я такога жаху не адчувала за ўсё сваё жыццё. Там раздзявалі дагала пад відэакамэрай, якая цябе здымае. Мы ўтрох з Мінска апынуліся ў адной камеры. Нас цягам дня па тры разы раздзявалі дагала. Выводзілі ў жалезных кайданках, рукі за спінай, як злачынцаў, у калідор, і там раздзявалі дагала. І спаць нам не давалі, падзывалі да вакенца і пыталіся прозвішчы. На драўляных нарах нічога, пад галаву клалі бутэльку з вадой і ўкрываліся сваімі курткамі».

Марына кажа, што аднойчы жанчын раздзелі і трымалі на скразняку, пасля гэтага яна стала кашляць.

«А пасля кожнага прыёму ежы ў камеру кідалі анучу з хлоркай, якая проста выядала вочы. Яны нас яшчэ і хлоркай труцілі. Мы павінны былі тры разы на дзень гэтай хлоркай мыць камеру, "для дэзынфекцыі", як казалі наглядчыкі».

Пасля вызвалення з ІЧУ Марына дабіралася з Магілёва ў Мінск самастойна, на маршрутцы. Хоць міліцыянты, якія дастаўлялі яе ў Магілёў, абяцалі прывезці назад у Мінск.

«Выйшла з ІЧУ на свежае паветра — ажно галава закружылася. Я падышла да маршруткі, кажу, я з ізалятара, мне трэба трапіць дадому ў Мінск. Мяне кіроўца ўзяў, пасажыр даў тэлефон, каб я патэлефанавала дачцэ. Дачка на машыне выехала насустрач маршрутцы і па дарозе мяне забрала».

«Гэта нейкае залюстроўе»

Падчас затрымання ў Марыны забралі тэлефон, і яна не змагла патэлефанаваць дачцэ, якая жыве ў мінскіх Шабанах. Дачка звярталася ў міліцыю, што знікла маці. Ёй там адказвалі, што не маюць права даваць інфармацыю.

«Гэта нейкае залюстроўе. Я чалавек неканфліктны, у мяне ніколі не было ворагаў, дзе б я ні працавала, — кажа Марына. — Ёсць "ябацькі", ёсць нязгодныя, у кожнага свая думка, кожны мае права. Чаму так адбылося, у мяне першы час нават пазлы не складваліся. Чаму я падазраваная, чаму я зневажала асобу? Я яе не зневажала. Гэта нейкі тэатр абсурду. Я заўсёды баялася міліцыі і старалася не мець з ёй справы».

Марыне следчы сказаў, што па справе створана следчая камісія і будзе следчы эксперымент.

«Уяўляеце, нас, трох баб пенсійнага ўзросту, будуць выклікаць на следчы эксперымент, а потым ужо будзе суд, — кажа Марына. — Я ім сказала, што я жыву ў Беларусі, цяпер такая сітуацыя. І, канешне, я цікаўлюся тым, што адбываецца. Калі б я жыла ва Украіне, я цікавілася б іншымі навінамі — Майданам, Зяленскім, Парашэнкам. Калі чалавек жыве ў Беларусі, то бярэ ён удзел у пратэстах ці не, але ён нявольна неяк датычны да ўсяго, што адбываецца. Жыць у гэтым жаху — гэта не жыццё, лепш ужо не жыць. Усяго баяцца і замоўчваць. Як казаў Гюго, "рабіце, як падказвае сэрца. Калі вы гэта зробіце, вас асудзяць, калі вы гэтага не зробіце, вас усё роўна асудзяць"».