Таццяна Гацура-Яворская: Мужа збілі, сказалі, каб з'язджаў, інакш яго «закрыюць», а дзіця аддадуць у прытулак

Што сказала праваабаронца і палітзняволеная пасля свайго раптоўнага вызвалення.

gacura_javorskaja_03_1.png

Сёння з «Валадаркі» была нечакана вызвалена праваабаронца і рэжысёрка Таццяна Гацура-Яворская. Яна дала каментар «Еўрарадыё». Калегі паведамляюць, што першыя некалькі дзён на Валадарцы Таццяна правяла ў камеры без ацяплення. Пасля яе перавялі ў камеру да Юліі Слуцкай і Анжалікі Борыс. Таццяна распавяла, што ўсе яны трымаюцца і не смуткуюць. А Борыс вучыць усю камеру размаўляць па-польску.

Таксама шматдзетная маці Таццяна Гацура-Яворская расказала пра дэпартацыю свайго мужа:

— Я не ведала, куды я выходжу. Мне далі з сабой яблык і апельсін, таму што незразумела было, мяне кудысьці пераводзяць ці што. Ніхто нічога не казаў. І калі я ўжо выходзіла, мне далі пастанову аб тым, што адпала неабходнасць мяне трымаць пад вартай.

У панядзелак у нас быў ператрус другі раз, а потым збілі майго мужа, сказалі яму, што ён павінен выехаць з краіны разам з малодшым дзіцём. І што яму забароняць уезд на дзесяць гадоў. І калі ён гэтага не зробіць, то яны дадуць яму адміністрацыйнае пакаранне, "закрыюць", а дзіця аддадуць у прытулак.

Таццяна — адна з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не». 6 красавіка ў яе дома правялі ператрус, а яе саму затрымалі паводле крымінальнай справы.

15 красавіка стала вядома, што мужа Таццяны Уладзіміра Яворскага дэпартуюць з Беларусі на 10 гадоў.